Чайкі - новы гарадскі від у Гродне. Фота ілюстрацыйнае: Unsplash
Гродзенскія ўлады пералічваюць чаек у горадзе і плануюць метады барацьбы, у Квасоўцы ідзе вайна з каўкамі - жыхары пішуць скаргі ў сельвыканкам. Ці можна пазбавіцца ад новых і старых гарадскіх птушак — і ці варта? Якія яшчэ новыя віды можна чакаць у гарадах і чаму, калі вы адкрылі акно, а там — чайкі, гэтаму можна парадавацца, Hrodna.life патлумачыў эксперт.
Геаграфія чаек у Гродне сапраўды пашырылася за апошнія 15 гадоў. Тады яны сяліліся на «Гродна Азот», а з жылых раёнаў найбольш папулярным у птушак быў Вішнявец. Апошнія гады чайкі сяліліся на даху рынка «Карона» і іншых прамысловых аб’ектах. Летам 2024 пасля публікацый у дзяржпрэсе старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель назваў чаек праблемай для практычна кожнага мікрараёна Гродна. Птушынымі крыкамі ў 4.00 незадаволеныя жыхары Дзевятоўкі, Альшанкі і Вішняўца.
Пытанне птушак даручылі вывучыць эколагам. Да жніўня 2025 года на замову ЖКГ у Гродне будуць лічыць, колькі чаек жыве на пэўных жылых дамах, якія віды, ці гняздуюць яны там, і наколькі і ў які час яны актыўныя. У спісе на абследаванне 14 шматкватэрных дамоў, большасць — у цэнтры і на Дзевятоўцы. На аснове атрыманых звестак будуць вырашаць, што з рабіць з птушкамі.
Людзей раздражняюць не толькі чайкі. У канцы лета 2024 жыхары Квасоўкі пад Гроднам напісалі… скаргу ў сельскі выканаўчы камітэт на кавак і звярнуліся ў газету. Птушкі шумяць, выкалупваюць руберойд з дахаў, шкодзяць гаспадарцы і пэцкаюць машыны памётам.
У той жа час з’явіліся заклапочаныя публікацыі ў дзяржпрэсе і пра бакланаў - нібы іх стала зашмат на Нёмане каля Гродна і ў Азёрах. На іх скардзіліся рыбакі, якім бакланы ствараюць канкурэнцыю за рыбу.
Асноўныя віды, якія гняздуюць у гарадах Беларусі, і ў прыватнасці, у Гродне — гэта серабрыстая чайка (чайка-клыгун) і чайка-рагатуха, расказаў Hrodna.life арнітолаг, колішні супрацоўнік буйной прыродаахоўнай арганізацыі. Яны адносяцца да групы вялікіх белагаловых чаек. Акрамя іх, у гарадах частымі сталі чайка-рыбачка (азёрная чайка) і шызая чайка (уключана ў Чырвоную кнігу Беларусі).
Чайка-рагатуха і чайка-клыгун пачалі каланізаваць Беларусь у 1980-х. Рагатуха прыйшла з поўдня і зараз атрымала перавагу праз пацяпленне. Калі ў гарадах сфармаваліся вялікія калоніі, пачалі з’яўляцца і больш рэдкія віды, напрыклад, чарнагаловая чайка.
Паводле ўлікаў 2023 года, каля 75% вялікіх белагаловых чаек Беларусі гнездавалі на дахах розных будынкаў у дзевяці гарадах і пасёлках. І толькі 25% займалі розныя прыродныя біятопы (тэрыторыі з аднатыпным асяроддзем і ўмовамі для жыцця пэўных відаў). У 2018−22 гадах у Гродне вялікія белагаловыя чайкі налічвалі 101−300 пар на гнездаванні. Для параўнання, у Мінску папуляцыя складала 3−5 тыс. пар, у Віцебску — 1−3 тыс.
Адаптаваныя да горада чайкі маглі прыляцець у Гродна з Мінска, дзе з’явіліся раней, але маглі і з Польшчы — там таксама расце колькасць калоній, расказаў спецыяліст.
«Горад заўсёды ёсць тым месцам, дзе ёсць дзікая прырода. Звычайна чалавек вельмі кепска мірыцца з прыродай, для дзікай прыроды ўмовы пагаршаюцца. Але ёсць віды, каторыя з часам здольныя адаптавацца», — патлумачыў арнітолаг. З птушак такімі сінатропнымі відамі (якія прыстасаваліся жыць з чалавекам) сталі галубы, свіргулі, гарадскія ластаўкі, вераб'і, каўкі, гракі, у вёсцы гэта буслы. Чайкі сярод іх — адносна новы від.
«Часта так бывае — калі від атрымлівае мажлівасць жыць з чалавекам побач, гэта звязана з пікам, вялікай колькасцю. Можа так быць, што ў далейшым гэтая хваля сыдзе, і чаек будзе меней». Так ужо здарылася з вераб’ямі: калісьці іх было шмат, а зараз стала зусім мала, бо ў горадзе ўсё менш забудовы вясковага тыпу. Сучасныя рамонты і архітэктура змяншаюць колькасць месцаў для жыцця.
Раней у Беларусі было два віды вялікіх чаек, зараз стала больш. Некалькі відаў пашырылі арэал і з балот, вадаёмаў, перайшлі на гнездаванне на дахах. Вакол вялікіх гарадоў іх вабяць дзве рэчы: вада, якая не замярзае зімой, напрыклад, у Гродне — вялікія ачышчальныя «Гродна Азот», і месцы з ежай — вялікія сметнікі. Харчаванне на сметніках вельмі добрае, бо туды выкідаюць прадукты нават крамы, а чайкі - усёедныя. На плоскіх дахах заводаў і прамзоны няма ніякіх драпежнікаў, сабак ці лісоў, якія маглі б разарыць калонію. Усё разам дапамагае птушкам паспяхова перажыць зіму без патрэбы кудысьці злятаць. Да таго зімы мякчэюць.
«Мы стварылі для іх умовы, і, канешне, яны гэтымі ўмовамі карыстаюцца, — канстатуе спецыяліст. — Тое, як мы выкідаем — даступна для чаек, і мы выкідаем шмат. Як толькі мы разбяромся са сваім смеццем, з тым, як, колькі і што мы выкідаем, што куды ідзе, іх салодкае жыццё таксама закончыцца».
Арнітолаг не лічыць, што чайкі ў горадзе — сапраўды масавая праблема, якой яе пабачылі зараз. Людзі, каторыя скардзяцца на птушак побач, ёсць, і былі заўсёды: іх раздражняюць ранішнія крыкі свіргулей летам, увечары — шумяць каўкі і гракі. Зараз да іх дадаліся чайкі. «Аб'ектыўна птушкі, канешне, шумавы фон ствараюць. Але тыя людзі, каму не даюць спаць птушкі - гэта тыя ж самыя людзі, якія скардзяцца, што працуе сігналізацыя суседа, што ліфт шуміць».
Арнітолаг прывёў прыклад. У адным з дамоў у Мінску людзі пачалі скардзіцца на чаек, што ўдзень збіраліся на дахах прадпрыемства насупраць. З усяго дома на 100 кватэр было два вельмі актыўныя чалавекі, каму чайкі заміналі. Іншыя або не заўважалі птушак, або нават радаваліся такому суседству. Незадаволеныя чайкамі жыхары шукалі, куды звярнуцца і якія прымаць меры, але калі ім пачалі расказваць пра віды птушак і іх жыццё, напружанне зменшылася. «Тыя ж самыя людзі, калі выязджаюць на мора — ніхто іх там не турбуе, і яны гэтых чаек будуць слухаць і будуць радавацца».
Тое ж датычыць гракоў, якія збіраюцца на начлег у парках, ці кавак, якія могуць хавацца ў старой забудове.
«Вельмі часта мы ацэньваем, наколькі нешта ёсць праблемай не па тым, як людзі ўвогуле глядзяць на сітуацыю, а наколькі голасна нехта гэтую праблему агучвае».
У Беларусі дазволена знішчаць гнёзды птушак для рэгулявання іх папуляцыі, калі яны наносяць шкоду прыродзе, пагаршаюць санітарны стан населеных пунктаў або турбуюць людзей. Але закон забараняе рабіць гэта ў перыяд з 15 лютага па 15 жніўня.
За парушэнне прадугледжаны штрафы:
— да 30 базавых велічынь (1 260 руб.) для фізічных асоб,
— ад 10 да 100 базавых (420−4200 руб.) для індывідуальных прадпрымальнікаў,
— ад 20 да 500 базавых (840−21 000 руб.) для юрыдычных асоб (артыкул 16.23 КаАП).
Акрамя штрафу, трэба будзе пакрыць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю.
Калі знішчэнне гнёздаў адбудзецца ў забаронены перыяд, гэта могуць расцаніць як жорсткае абыходжанне з жывёламі. За яго прадугледжана адміністрацыйная (артыкул 16.29 КаАП) і крымінальная адказнасць (артыкул 339 Крымінальнага кодэкса).
Каб знізіць колькасць непажаданых птушак у пэўных месцах ці адганяць іх, у практыцы выкарыстоўваюць розныя метады.
1. Фізічныя:
2. Візуальныя:
3. Гукавыя:
4. Хімічныя:
Эфектыўнасць метадаў залежыць ад віду птушак і канкрэтных умоў. Часта спалучэнне некалькіх метадаў дае лепшыя вынікі. Больш экалагічнымі лічаць фізічныя і візуальныя метады, бо яны не наносяць шкоды птушкам і навакольнаму асяроддзю. Гукавыя метады могуць уплываць на іншых жывёл і людзей. Хімічныя рэпеленты могуць мець наступствы для экалогіі.
У выпадку з каўкамі ў Квасоўцы абмяркоўвалі знішчэнне гнёздаў, з чайкамі ў Гродне — меркавалі выкарыстоўваць адпужвальнікі.
Знішчэнне гнёздаў не будзе эфектыўным для змагання з птушкамі, перакананы арнітолаг — яны проста знойдуць іншы плоскі дах.
«Гэта не гасіць інстынкт размнажэння. У прыродзе заўсёды так, што калі тваё гняздо знішчылі, значыць, ідзі, шукай іншую мажлівасць, бо ты мусіш размножыцца. А ў чайкі на даху нават няма фармальнага гнязда, немажліва нічога знішчыць». Птушка проста знойдзе іншы плоскі дах.
Можна інвеставаць энергію ў тое, каб выціснуць чаек з пэўнага даха. Напрыклад, калі нехта будзе там хадзіць штодзень і ганяць птушак, яны там не загняздуюць. Але звычайна месцаў, дзе змогуць зрабіць сур’ёзныя ўкладанні ў барацьбу з чайкамі, не так і шмат. А пасля таго, як магчымасці скончацца, птушкі вернуцца.
«Чаек можна ўнесці ў спіс непажаданых відаў і страляць. Ёсць розныя меры тэарэтычна. Але гэта настолькі складана, і можа мець пабочныя эфекты, якія цяжка прадбачыць. З гракамі таксама змагаюцца, нешта пілуюць, ставяць запісы. Але ўсё роўна яны знаходзяць мажлівасць гнездавацца, таму што ўмовы ў горадзе для іх сталі настолькі добрымі. Як і для чалавека — мы адаптаваліся ў горадзе і нас нікуды не цягне, не выкінеш, мы ў вёску не хочам».
Гукавыя адпужвальнікі таксама не заўжды эфектыўныя.
«Увесь горад не абставіш тым, што крычыць непрыемна. І калі мы ставім трывожны крык воранавых птушак, ён таксама непрыемны і вуху чалавека. Я бы не хацеў жыць каля месца, дзе трывожна крычыць нейкі дынамік». Да таго ж птушкі могуць спачатку пужацца, а пасля бачаць, што небяспекі няма, і адаптуюцца.
Такая барацьба эфектыўная, напрыклад, у аэрапортах, дзе сапраўды ёсць пагроза. Там працуе адмысловая служба, якая спрабуе розныя метады — нават трымаюць жывых сакалоў. Калі б птушкі былі сур’ёзнай праблемай для завода, то завод бы гэта вырашыў. Але пакуль не завод скардзіцца, што птушкі на даху замінаюць, а людзі скардзяцца, што ім шумна.
Шмат якіх птушак зараз становіцца больш у гарадах, нават драпежных. Напрыклад, сокал пустальга стаў звычайным відам, і ў Гродне ёсць урбаністычная папуляцыя, і колькасць іх расце. Павышаецца колькасць некаторых галубоў - вяхіраў і горліц. У Заходняй Еўропе ўжо сфарміраваліся ўрбаністычныя папуляцыі вяхіраў, драздоў, асабліва чорных. Яны паволі рухаюцца з захаду на ўсход і прыходзяць да нас.
«Чайкі каланіяльныя віды. Астатнія віды гняздуюцца самі па сабе і нават калі іх шмат, то яны не ствараюць такой бачнай праблемы. Хаця, напрыклад, пустальга таксама вельмі галосны від, і гняздуюцца на шматпавярхоўках у нішах, у адтулінах вентыляцыйных, і ўвесь час над гэтым жа домам лётае. У пустальгі голас вельмі падобны на чайкі, але каб некаму перашкаджаў - я не чуў».
Чытайце таксама: У Гродзенскім заапарку ратуюць птушак. Як яны туды трапляюць?
«Калі вы адкрылі акно і ў вас ёсць чайкі - гэтаму можна парадавацца, — перакананы навуковец. — Гэта важны крок, каб людзі не забывалі, што калі чайкі лётаюць і крычаць, яны прыгожа, на самай справе крычаць. Адчуваеш сябе, быццам бы на моры. Гэта тое, што ў шум гарадскі дадае нейкіх жывых гукаў. Для чалавека гукі прыроды — вельмі арганічныя гукі, і мець іх вакол сябе вельмі важна нават для псіхічнага здароўя».
Праблема ў адаптацыі прыроды да чалавека — падвойная, мяркуе спецыяліст. «Мы не павінны забываць, што мы таксама павінны адаптавацца да таго, хто жыве [з намі]».
Птушкі ў горадзе паказваюць, што мегаполіс яшчэ не перакрочыў узровень, дзе ім няма месца. Гэта значыць, што яшчэ ёсць зялёныя зоны, вадаёмы.
«Калі ў нас ластаўкі лётаюць альбо свіргулі крычаць, значыць, у нас у горадзе ёсць насякомыя. Гэта вельмі добра. Бо калі не будзе насякомых у горадзе, гэта значыць, што атмасфера стала такой, у якой цяжка жыць відам».
Чым болей месца ў горадзе чалавек адводзіць для прыроды пры планаванні забудовы, тым болей можа быць і відаў птушак. «Можна параўнаць, як забудоўваецца Варшава. Гэта малапавярховыя дамы ў большасці, і ўнутраныя дворыкі, паркі, і гэта дае мажлівасці некаторым відам. У Брэсце, напрыклад, новы мікрараён — гэта сплашняком дзевяці-, дванаццаціпавярхоўкі, стаяць у шчыльнай забудове. У такіх месцах птушкам цяжка будзе жыць. Калі дрэвы вышэйшыя за дамы, гэта зусім іншы ландшафт. Горад упісаны ў прыроду, тады, канешне, прыродзе прасцей кіраваць, а не наадварот».
Чытайце таксама: «Жыццё прымушае харчавацца на сметніку». Як урбанізуецца беларуская птушка бусел
«Буслы — вельмі праблематычная птушка. Яны прылятаюць, смецяць, абгаджваюць увесь двор, харчуюцца мышамі. Але ўсё роўна людзі гатовы цярпець усё ад буслоў, таму што мы верым, што гэта благадаць, калі яны гняздуюць. А ў Англіі, калі ты купляеш дом, а там грачыная калонія каля дома або ў парку, гэта адразу падвышае кошт. Яны вераць, што менавіта грачыная калонія — гэта нешта вельмі важнае, як добры знак».
Чытайце таксама: Вушатая сава і зімародак. Топ-9 цікавых птушак, якіх можна пабачыць у Гродне
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…
Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…
У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…
Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…
Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…
У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…