Многія гродзенцы лічаць, што існуе спецыяльная установа або людзі, якія абавязаны прытуліць безнаглядную жывёлу і знайсці ёй гаспадара. Але гэта не так. У Гродне ёсць два месцы, дзе трымаюць звяроў “з вуліцы”, але ў абодвух неабыякавыя людзі працуюць добраахвотна і не маюць магчымасць дапамагчы ўсім.
“Адданае сэрца”: прытулак для сабак ёсць, для катоў будуецца
Адно з такіх месцаў, грамадскае аб’яднанне “Адданае сэрца”, мае ўласны прытулак. Арганізацыю заснавалі неабыякавыя гродзенкі ў 2011 годзе.
Чытайце таксама: Як зімой жыве сабачы прытулак на ўскрайку Гродна
Прытулак для сабак знаходзіцца на Дзевятоўцы, а асобны прытулак для катоў неўзабаве з’явіцца на Фолюшы – зараз яго яшчэ будуюць. Арганізацыя існуе цалкам на ахвяраванні ды за кошт розных дабрачынных імпрэзаў па зборы сродкаў.

Жывёлы трапляюць сюды рознымі шляхамі: кагосьці падбіраюць на вуліцах горада самі валанцёры, кагосьці падкідваюць “добрыя” людзі, шмат сабак трапляе сюды пасля наезду аўтамабіля.
Чытайце таксама: Усім патрэбен дом: гарадзенскія мадэлі заклікаюць дапамагаць бадзялым жывёлам
Навошта рабіць аперацыі
Жывёлаў, што патрапілі ў прытулак, абследуе ветэрынар, праводзіць апрацоўку ад паразітаў (унутраных і знешніх), калі патрабуецца – лечыць. “Адданае сэрца” не толькі шукае гаспадароў жывёлам, але і змагаецца з бескантрольным памнажэннем сабак і катоў, каб скараціць колькасць «бяздомышаў». Дарослым жывёлам абавязкова праводзяць аперацыю па кастрацыі або стэрылізацыі. Аднак малых шчанюкоў аддаюць і без гэтага – з умовай, што новыя гаспадары абавязваюцца правесці гэтую маніпуляцыю, калі жывёла дасягне патрэбнага ўзросту.
Боні ў прытулку тры гады
Ёсць у прытулку старажылы, якім па розных прычынах не ўдаецца знайсці новых гаспадароў. Іх не “ўсыпляюць” і не выкідаюць зноў на вуліцу – тут яны аджываюць свой маленькі век, атрымліваючы хоць трохі ўвагі ад валанцёраў.

Вялікая гаспадарка
У “Адданым сэрцы” жывёл змяшчаюць у вялікіх вальерах, у кожным з якіх ёсць па некалькі цёплых будак. Даглядаюць за ўсім добраахвотнікі, якія кормяць, выгульваюць, лечаць і проста лашчаць сабак. Жывёл, якія маюць патрэбу ў асаблівым даглядзе – хворых ці якія перанеслі аперацыі – валанцёры трымаюць у сябе дома да поўнага выздараўлення (на “ператрымцы”). Часта адразу адтуль сабака накіроўваецца да новых гаспадароў, не патрапляючы назад у прытулак. Валанцёраў усяго дзевяць чалавек – старшыня, куратар па сабаках, куратар па котках і шэсць добраахвотнікаў.
У сярэднім, у прытулку адначасова змяшчаюцца каля 50 сабак. Катам валанцёры дапамагаюць таксама, але ўсе яны знаходзяцца “на ператрымцы”. Звычайна іх каля 30.

Раней у самім будынку была каціная частка, але пратулак не мае вадаправоду і трымаць котак побач з сабакамі небяспечна. Таму валанцёры вырашылі адкрыць прытулак для котак асобна. Сродкі збіраюць “усім светам”, на будаўніцтве працуюць дабраахвотнікі і неўзабаве прытулак прыме першых жыхароў.
Планы на будучыню
– Мы маем магчымасць прытуліць і больш жывёл, – тлумачыць старшыня «Адданага сэрца» Алена Шыманіца. – але для дагляду за дадатковай колькасцю падапечных патрэбныя і дадатковыя рукі. Мы плануем зрабіць яшчэ некалькі вялікіх вальераў – ёсць і тэрыторыя, і з будматэрыяламі могуць дапамагчы, і валанцёры гатовы папрацаваць на будаўніцтве, але самае галоўнае – знайсці людзей, згодных бясплатна ахвяраваць свой час і сілы на выратаванне чатырохногіх.
Трохі статыстыкі
За 2016 год прытулак знайшоў гаспадароў 158 сабакам і 41 кату (з улікам тых, якія былі на «ператрымцы»). Усяго за час існавання “Адданага сэрца» новы дом здабылі больш за 500 жывёл.

Усіх, аддадзеных у добрыя рукі, перыядычна наведваюць куратары, каб пераканацца, што ў чацвераногага усё добра, і ён не патрапіў зноў на вуліцу.
САГ – гэта не прытулак
Другая арганізацыя, якая дае шанец на лепшае жыццё – пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл, які знаходзіцца на базе СпецАўтаГаспадаркі на вуліцы Дамброўскага. Супрацоўнікі САГ рэгулярна ловяць на вуліцах горада бездаглядных катоў і сабак, але знаходзяцца і такія гаспадары, якія самі прыводзяць і “здаюць” гадаванца, што стаў непатрэбным.

Немагчыма дапамагчы ўсім
Шмат жывёл трапляюць у САГ пасля заканчэння дачнага сезону з садовых таварыстваў. “Сумленныя” гаспадары пакідаюць незлічоную колькасць катоў і сабак. Большая частка з іх загіне да вясны, камусьці пашчасціць патрапіць да валанцёраў і толькі адзінкі дажывуць да прыезду ўладальнікаў. На жаль, прыцягнуць да якой-небудзь адказнасці такіх гаспадароў нельга, таму што заканадаўства ў галіне абароны жывёл развіта яшчэ вельмі слаба.
– Бываюць выпадкі, калі ўладальнік ката ці сабакі помірае і да нас звяртаюцца суседзі, каб мы забралі самотную жывёлу, – распавядае валанцёрка Вольга Макарэвіч. – Кожны з іх чамусці упэўнены, што гэта наш абавязак і мы не валанцёры, а дзяржаўныя супрацоўнікі і проста павінны ратаваць сабак ці катоў. Але гэта зусім не так. Кожны з валанцёраў робіць тое, што па яго сілах і для нас немагчыма дапамагчы ўсім.
Пяць дзён на жыццё
Пункт часовага ўтрымання бездаглядных жывёл – не прытулак. Тут сабаку або котку па законе могуць утрымліваць толькі пяць дзён – тэрмін, устаноўлены для таго каб знайсці гаспадароў, калі жывёла згубілася, ці новае месца для пражывання. Пасля заканчэння гэтага тэрміну хвастатага павінны “ўсыпіць”. Толькі дзякуючы працы валанцёраў і матэрыяльнай дапамогзе неабыякавых людзей у жывёл, якія трапілі ў САГ, ёсць шанец пражыць даўжэй гэтага тэрміну, атрымаць ветэрынарную дапамогу, знайсці новых гаспадароў.

Ад кожнага па здольнасцях
Зараз каля 19 людзей дапамагаюць жывёлам у САГ. Частка валанцёраў занята непасрэдна даглядам, частка займаецца пошукам новых гаспадароў і фінансавай дапамогі, хтосьці фатаграфуе і размяшчае аб’явы – кожны робіць што можа. Валанцёры штодня кормяць, пояць і лечаць у сярэднім 70 сабак і 30 катоў.
Не лепшыя умовы
Пункт працуе на базе былой стайні, дзе стойлы для коней былі пераабсталяваны ў вальеры. Бетонны пол, скразнякі і адсутнасць ацяплення – не самыя зручныя ўмовы для жыцця, але валанцёры, наколькі магчыма, імкнуцца паставіць будкі, драўляныя насцілы, заслаць рыззё – зрабіць усё магчымае, каб сабакам было цяплей і ўтульней. Усяго ў пункце часовага ўтрымання каля 30 асобных месцаў. Каб выратаваць больш жыццяў, у кожным з іх утрымліваецца па некалькі сабак.

– САГ – гэта дзяржаўная ўстанова са сваім працоўным рэжымам, – тлумачыць Вольга. – Афіцыйна мы можам там знаходзіцца толькі да 16.00. Але гэта не надта зручны час для валанцёраў. Мы стараемся дамаўляцца з супрацоўнікамі САГ і часам яны ідуць нам насустрач, але хацелася б каб наша супрацоўніцтва развівалася і выходзіла на больш дзейны ўзровень, карысны і для іх, і для валанцёраў, а галоўнае – для жывёл.
Яшчэ трохі лічбаў
Валанцёры працуюць у САГ каля пяці гадоў, але за гэты час ім удалося выратаваць больш за 1000 жыццяў жывёл. У 2016 годзе валанцёры выратавалі ад смяротнага ўколу і знайшлі гаспадароў для сотні сабак і каля паўсотні катоў, без уліку малых шчанюкоў, кацянят і жывел з “ператрымкі”.

“Чорны” спіс
У арганізацый, якія займаюцца такой дзейнасцю, ёсць свой “чорны спіс”. Патрапілі ў яго тыя, хто браў жывёлаў з прытулку, а потым пазбаўляўся ад яе. Гэта здараецца з розных нагодаў, але галоўная адна – нядобрасумленнае, безадказнае стаўленне да жывёлы.
Намаганнямі гродзенскіх валанцёраў Таццяна з вёскі Луцкаўляны Гродзенскага раёна трапіла не толькі ў “чорны спіс”, але і на лаву падсудных. Дзяўчына ўзяла шчанюка Лоры з “Адданага сэрца” і, давёўшы яго да знясілення і хвароб, была асуджана па артыкуле 15.45 КаАП “Жорсткае абыходжанне з жывёламі”. Нядбайная гаспадыня атрымала штраф у 20 базавых велічынь – на той дзень больш за чатыры мільёны недэмінаваных рублёў.
Чытайце таксама: Вінаватая! Суд вынес прысуд па справе здзекаў з сабакі Лоры
У Гродне не існуе дзяржаўнага прытулку, куды можна “здаць” непатрэбнага ката ці сабаку. Уся дапамога, якая аказваецца бяздомным жывёлам у Гродне – гэта праца добраахвотнікаў, якія не атрымліваюць карысці або грошай за свае намаганні.



