Людзі і справы

Прымежны настрой: як турфірмы, перавозчыкі і Кавалерыйскі рынак сустракаюць зняцце кавідных абмежаванняў

Амаль паўтара года беларусы жылі з закрытымі наземнымі межамі. Калі ўлічыць кавідныя абмежаванні суседніх краін — то і ўсе два. За гэты час актыўнае прымежнае жыццё паміж Гродна і Беластокам прыціхла. Ці адродзіцца яно зараз, калі ў Беларусі знялі абмежаванні на выезд і вярнулі бязвіз для замежнікаў?

Hrodna.life і MOST пагаварылі пра настрой у памежжы з перавозчыкамі, турфірмамі і наведвальнікамі Кавалерыйскага рынку ў Беластоку.

Перавозчыкі: «Усё кепска, працуем быццам апошні дзень»

У адной з гродзенскіх фірмаў-перавозчыкаў чакалі ўсплёску плыні кліентаў з адкрыццём межаў. У рэальнасці, паводле іх словаў, нічога не змянілася: як не было пасажыраў, так і няма.

«Усё настолькі кепска, што працуем быццам апошні дзень, — распавяла крыніца Hrodna.life (яна пажадала застацца ананімнай, каб пра яе сітуацыю не даведаліся партнёры і ўлады і гэта не выклікала дадатковыя непрыемнасці). — Рынак заціх у чаканні».

Аўтавакзал у Беластоку. Адсюль адпраўляюцца аўтобусы па маршруце «Беласток-Гродна». Фота: Mateusz Butkiewicz, unsplash.com

Лепей справы ідуць у вялікіх перавозчыкаў - напрыклад, Аўтобуснага парка. Па назіраннях крыніцы Hrodna.life больш за ўсё людзей на доўгіх маршрутах, такіх як «Мінск-Гданьск». Чым даўжэй маршрут, тым больш запаўняльнасць транспарту. На кароткія ж маршруты «наогул нічога няма».

Улады прыватным фірмам не дапамагаюць, а ўмовы робяцца толькі цяжэйшымі. Складана паспець з рэгістрацыяй у консульстве або візавым цэнтры, каб адкрыць візы кіроўцам. Даводзіцца шукаць людзей, якія маглі б дапамагчы. Дапамога з рэгістрацыяй — дадатковыя выдаткі.

Па прагнозах крыніцы рэдакцыі, сітуацыя зменіцца, калі візавыя цэнтры прынамсі некалькі месяцаў будуць прымаць дакументы і людзі паспеюць адкрыць візы. Загадзя іх не адкрывалі: маўляў, навошта — калі выехаць не атрымаецца, то гэта будуць выкінутыя грошы. Людзі гатовыя і хочуць выязджаць за мяжу, каб змяніць абстаноўку, кажа крыніца.

«Усплёску на шоп-туры не прагназуем»

«Пакуль людзей не дадалося, не зменшылася — прыкладна такі ж рэжым працы», — распавёў Hrodna.life перавозчык «КлассТур», які возіць па маршруце «Гродна-Беласток». Усплёску на шоп-туры ў фірме не прагназуюць.

За апошнія некалькі дзён тэлефанаванняў у фірму з пытаннямі пра «закупы» сапраўды было шмат — такога раней не назіралася. Але кошт квітка праз рост выдаткаў вырас да 60 рублёў у адзін бок. Два месяцы таму яна складала 50 рублёў, паўгода таму — 40. Цана вырасла праз адсутнасць пасажыраў, павелічэння трасы праз закрыццё пераходу ў Кузніцы, платных уездаў на мяжу і росту коштаў на паліва.

«120 рублёў [туды і назад] - пра якія закупы мы можам казаць? Каб 120 рублёў адбіць — трэба шмат завезці. А правезці столькі законна пры цяперашніх нормах увозу чалавек не можа», — распавялі ў фірме.

Тым не менш, разлічваюць зарабіць на святы. Па словах прадстаўніка фірмы, традыцыйна на Вялікдзень і вялікія святы людзі едуць у Беларусь, а потым — з’язджаюць назад.

Беласток: рынак ажывіўся, але з візамі пакуль складана

У апошні месяц рынак «Кавалерыйскі» ў Беластоку ажывіўся. Польшча зняла ўсе кавідныя абмежаванні і сталі з’яўляцца беларусы, якіх тут не было з 2020 года. Едуць «па закупы» толькі тыя беларусы, у якіх ёсць віза.

Пакупкі Сяргея з Ваўкавыска. Фота: Руслан Кулевіч, MOST

Сяргей з Ваўкавыска працуе на перавозках пасажыраў. У аўторак 12 красавіка ён прыехаў на Кавалерыйскі рынак, каб закупіцца прадуктамі і таварамі для дома. Сяргей купляў на рынку каву і парашкі. Кажа, з Польшчы прывозіць усё яшчэ танней, чым купляць у Беларусі.

«Мяжу адкрылі, а вось візы ёсць не ва ўсіх. І з імі цяпер вельмі складана. Я з Ваўкавыска, у нас там ёсць сваё турагенцтва, але мы нават зарэгістравацца не можам. Не хочуць запісваць, бо ў супрацоўнікаў няма інфармацыі, што будзе з візамі і які іх кошт. Калі візы будуць нармальна выдаваць, то беларусы паедуць у Польшчу», — распавёў Сяргей MOST.

Норма кавы — кілаграм

Андрэй з Гродна працуе ў таксі. Пасля адкрыцця межаў ён ужо некалькі разоў «па закупы» з’ездзіў у Беласток. Раней ездзіў праз пункт пропуску «Брузгі», зараз — праз «Бераставіцу». На мяжы даводзіцца стаяць па некалькі гадзін.

«З'явіліся чэргі з легкавых машын у бок Польшчы. Я еду з Гродна. Праз тое, што не існуе польская „Кузня“, мне трэба праехаць дадаткова 75 км на „Бераставіцу“. Прапускная здольнасць залежыць ад палякаў, ад таго, як яны працуюць. Назад на VAT [афармленне вяртання ПДВ для замежнікаў - MOST] можна стаяць да 6−7 гадзін. Памежнікі беларускія прапускаюць у Польшчу без праблем, назад толькі могуць быць пытанні па тавары».

Пакупкі Андрэя з Гродна. Фота: Руслан Кулевіч, MOST

Гродзенец адзначае, што ў Польшчу па-ранейшаму выгадна ездзіць: 70 беларускіх рублёў ён эканоміць на парашку, на машынным алеі — больш за 100 рублёў.

«Калі часцей за два разы на тыдзень едзеш, то практычна нельга перавозіць тавар. Толькі што-небудзь з ежы. Норма кавы — кілаграм. Гэтыя нормы негалосныя, яны нідзе не прапісаныя».

На дапандэмійны ўзровень можна выйсці за 2−3 месяца

Марэк займаецца аптовым гандлем на Кавалерыйскім рынку. Да пандэміі яго фірма цесна супрацоўнічала з прадпрымальнікамі з Беларусі, выдавала дакументы Tax Free, што дапамагала беларусам вярнуць частку грошай ад закупак. Гэта задавальняла многіх, з’явіліся пастаянныя кліенты. Пасля закрыцця межаў фірма Марэка шукала новыя рынкі збыту, стала выходзіць на Літву і Латвію.

Кавалерыйскі рынак. Крама, дзе працуе Марэк. Фота: Руслан Кулевіч, MOST

«Нам цяжка сказаць, як цяпер выглядае сітуацыя на мяжы, але бачна ўжо, што паехалі беларусы. Пакуль гэта нашы пастаянныя кліенты, з якімі працавалі яшчэ да 2020 года. Продажы ў нас прыкметна пайшлі ўверх. Адкрытая мяжа — гэта добры варыянт, як для Беларусі, так і Польшчы. Усе зарабляюць», — распавёў Марэк MOST.

Марэк лічыць, што калі беларусам працягнуць выдаваць візы і не будзе абмежаванняў з боку ўладаў Беларусі па выездзе, то сітуацыя дазволіць многім гандлярам у Беластоку вярнуцца на дапандэмійны ўзровень.

«Два-тры месяцы і можам выйсці на ўзровень 2019−2020 гг. Прымежны бізнес мусіць працаваць».

«Верым, што сітуацыя палепшыцца»

Анджэй Казлоўскі гандлюе на Кавалерыйскім рынку жаночым адзеннем. Пасля адкрыцця межаў у яго яшчэ не закупляліся беларусы.

«Беларусы крыху паехалі, нас гэта радуе. Чую і бачу людзей на рынку, ўсім ад гэтага добра. Хацелася б жыць і працаваць, як гэта было да 2020 года. Мы ведаем, што ў Беларусі цяпер складаная сітуацыя: два гады не пускалі людзей за мяжу і консулаў павысылалі. Верым, што сітуацыя палепшыцца».

«Мы чакалі беларусаў амаль тры гады»

Малгажата гандлюе джынсамі на Кавалерыйскім рынку. Кажа, што кошты на яе тавар з 2020 года выраслі і не ўсе беларусы цяпер гатовыя сабе дазволіць у яе пакупкі.

Кавалерыйскі рынак. Кропка Малгажаты, дзе яна прадае джынсы. Фота: Руслан Кулевіч, MOST

«Паехалі беларусы, але пакуль іх мала. Мы чакалі беларусаў амаль тры гады. Я ведаю, што людзі з Беларусі хацелі да нас ехаць, але не было магчымасці. Хадзілі чуткі, што мы — палякі - нешта дрэннае на іх гаворым. Не ведаю, хто так мог сказаць, напэўна, толькі прапагандысты. Беларусаў у Беластоку мы заўсёды чакаем і яны гэта ведаюць».

«Заўсёды можам дамовіцца з беларусамі»

Калега Малгажаты Тэрэза кажа, што да яе ўжо падыходзілі беларусы па пакупкі і казалі, што сумавалі.

«Прыехаў мужчына, якога не бачыла два гады. Разгаварыліся з ім, крыху даведаліся пра сітуацыю ў Беларусі. У нас тут ходзяць чуткі, што візы для беларусаў каштуюць у раёне $ 200. Не ведаю, ці гэта праўда. Цэны на тавар у нас сталі крыху даражэйшыя, але мы заўсёды можам дамовіцца з беларусамі. Калі б мы іх тут не чакалі, Кавалерыйскі рынак ужо б даўно закрыўся», — падзялілася Тэрэза з MOST.

Кавалерыйскі рынак. Гандлёвае месца Тэрэзы. Фота: Руслан Кулевіч, MOST

У гандлёвых цэнтрах таксама стала больш беларусаў

У буйных гандлёвых галерэях Беластока — «Альфа» і «Бяла» — таксама заўважылі беларусаў. Але гэта не тая плынь людзей, якая была да 2020 года, распавялі MOST у адміністрацыях цэнтраў. Зараз яны абдумваюць варыянты прыцягнення беларусаў за пакупкамі.

«Чарга — 800 чалавек, дай бог, каб да Новага года адкрылі»

Асноўнай праблемай для выезду беларусаў з краіны застаецца адсутнасць візаў. У адной з фірмаў, якая займаецца візамі і Картамі паляка, запыт на паслугі вырас у два-тры разы. Колькі менавіта гэта чалавек — камерцыйная таямніца. «Шмат людзей тэлефануе, прыходзяць у офіс», — распавяла крыніца Hrodna.life у сферы турызму.

Але ёсць праблема: праз вайну ва Украіне амаль усе краіны адмовіліся адкрываць беларусам візы. Ёсць усяго некалькі краін, якія гэта робяць: напрыклад, Польшча, Італія, Грэцыя, Венгрыя.

Папулярныя візы трох кірункаў: польскія рабочыя, візы па Карце паляка і шэнген-візы. Паводле назіранняў і суб’ектыўнага адчування крыніцы Hrodna.life, суадносіны візаў для эміграцыі і турызму — прыкладна 50 на 50.

Зрабіць візу і з’ехаць — вялікая праблема, кажа крыніца Hrodna.life. Мінскія партнёры гродзенскай фірмы працуюць з турыстычнымі візамі ў Грэцыю. Зараз у чарзе больш за 800 чалавек. «Дай бог, каб да Новага года адкрылі. Зараз чалавек прыходзіць — я кажу: „Прыходзьце да Новага года“. З’ехаць рэальна, але трэба вельмі доўга чакаць, плаціць вельмі шмат грошай», — распавяла крыніца. Каму плаціць і за што, яна растлумачыць адмовіўся.

«Запіс на візы — на травень»

Турыстычнае агенцтва «Студыя адпачынку» з Гродна займаецца як выязным, так і ўязным бязвізавым турызмам. З моманту адкрыцця межаў 3 красавіка ў бязвізе ў іх ужо ёсць зрухі і запыты ад партнёраў з Польшчы і Літвы. Але не ў такім аб’ёме, як былі раней, распавёў Hrodna.life дырэктар агенцтва Канстанцін Карачанцаў. Пакуль па іх турах у Беларусь ніхто не заехаў.

«Пакуль проста ідзе аднаўленне сувязяў, зносіны, падрыхтоўка дакументаў. Адкрыццё межаў для тых, хто займаецца бязвізам — магчымасць аднавіць працу», — распавёў ён.

Плынь турыстаў, якія выязджаюць з Беларусі, таксама пакуль не павялічылася. Загваздка ў візах, якія робяцца доўга. Па стане на 6 красавіка запіс на падачу дакументаў даступны на травень 2022 года. Візавыя цэнтры ў Беларусі выдаюць толькі працоўныя і нацыянальныя візы. Турыстычную візу атрымаць складана. «Прыкладаем усе намаганні, але цяжка. [Ці будуць візавыя цэнтры выдаваць турыстычныя візы], няма прагнозаў. Сітуацыя на „ручным“ рэжыме», — распавёў Канстанцін.

Якія-небудзь змены ў сферы турызму адбываюцца пастаянна. Напрыклад, з 1 красавіка перастала выдаваць візы Іспанія.

Еўропа пад пытаннем, у Егіпет стала ляцець даўжэй і даражэй

Новых ранніх рэзерваванняў і тураў у Еўропу ў турагенцтва пакуль няма. Да таго ж, Польшча зняла каронавірусныя абмежаванні, а астатняя Еўропа пакуль пад пытаннем.

На туры ў Егіпет, Турцыю, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты адкрыццё беларускай мяжы не паўплывала. Але там свае складанасці. У Егіпет зараз прыходзіцца ляцець восем гадзін замест пяці з дазапраўкай. Палёт у Турцыю таксама стаў больш доўгім. У ААЭ лётае толькі «Белавія». Цэны на авіяпералёты выраслі, а колькасць рэйсаў скарацілася на 30−40%.

Для тых, у каго ёсць візы, усё прасцей. «З Польшчы можна за адэкватныя грошы вылецець куды заўгодна на адпачынак і мы лёгка гэта арганізуем», — напісала ў Instagram дырэктарка турфірмы «Дон Кіхот» Святлана Якімава. Таксама, паводле яе слоў, ужо з’явіліся ў продажы аўтобусныя туры па Еўропе на травеньскія святы: Будапешт, Вена, Венецыя і іншыя кірункі.

Бязвізавыя турысты на Гродзеншчыне ўжо з’явіліся

Першыя бязвізавыя турысты сапраўды не прымусілі сябе доўга чакаць. Яны прыехалі ў Беларусь ужо 7 красавіка, напісала ў Instagram Святлана Якімава.

У тое, што ўдасца хутка аднавіць турыстычную плынь, уласнікі гродзенскіх турфірмаў пакуль не вераць. «Тры гады пайшло на тое, каб былі турысты, не натоўпы, але параўнальна шмат», — успамінае «бязвіз» 2016−2020 гадоў дырэктар гродзенскай фірмы «Зэт» Сяргей Якшэвіч. Зараз на аднаўленне сыдзе не менш, лічыць ён. Пры гэтым асобныя бязвізавыя турысты сапраўды з’яўляюцца. Напрыклад, невялікая група літоўцаў пабывала 9 красавіка ў нядаўна адкрытым музеі «Лідскага піва». Акрамя таго, яны вырашылі закупіцца беларускім абуткам, лекамі і адзеннем, распавялі крыніцы Hrodna.life.

За тыдзень пасля адкрыцця беларускай мяжы плынь замежнікаў з краін Еўрасаюза ў Беларусь узрасла на 30%. Пра гэта паведаміў 10 красавіка Дяржпамежкамітэт. Вялікая частка тых, хто заехаў - грамадзяне Латвіі і Літвы. Колькі беларусаў выехалі за гэты час за мяжу, Дзяржпамежкамітэт не паведаміў.

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024