Горад

«Праз 70 год прайсціся па вулачках, дзе калісьці бегала — шчасце». Як ураджэнка Гродна прыехала на Радзіму шукаць свой дом

Крысціна Адлер цяпер пенсіянерка і жыве ў Гданьску. Яна пакінула Гродна пасля Другой сусветнай вайны, але праз дзясяткі гадоў вярнулася, каб прайсціся па зямлі продкаў і знайсці дом, дзе жыла. Яна наведала горад у пачатку чэрвеня, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам.

Крысціна Адлер, у дзявоцтве Адамiн, нарадзілася ў Гродне ў 1937 годзе на вуліцы Грандзіцкай, зараз Горкага. Прозвішча яе мамы — Кітурка. Праз 70 год пасля таго, як Крысціна пакінула родны горад, яна вырашыла вярнуцца са сваёй сям’ёй і знайсці родны дом.

«Мы былі звычайнай гродзенскай сям’ёй, жылі ў камяніцы на Грандзіцкай. Бацькі працавалі, дзе — ужо не памятаю, але мы не бедавалі. Пасля шэрагу акупацый нашага горада, мы з бацькамі вымушаны былі яго пакінуць. Зрабілі гэта адразу пасля вайны ў 1946 годзе. Мы ехалі першым транспартам, які вывозіў палякаў на захад. Цяжкасцяў пакінуць горад не было. Ехалі на зборачны пункт каля месяца, ён знаходзіўся ў месцы Шчацінак. Там збіралася шмат людзей, хто пакінуў Гродна, Вільню, Брэст і іншыя гарады. Збіраліся мы ехаць у Быдгашч, але паехалі ў Гданьск».

Сям’я Адамін з Гродна абаснавалася ў Польшчы. Праз нейкі час Крысціна выйшла замуж за немца, які прапаноўваў ёй з’ехаць у Нямеччыну, але гродзенка гэта рабіць не захацела.

«Я засталася ў Польшчы і 40 гадоў жыву адна з дачкой. Ехаць у Нямеччыну не хацела, бо мне было страшна, ды і мовы я не ведала. І так усё жыццё пражыла ў Польшчы. У тое месца, дзе я нарадзілася, цягнула ўсё жыццё, але прыехаць у родны горад не было магчымасці. 28 мая мне споўнілася 80 гадоў і на старасць я ўсё ж вырашыла з дачкой і ўнучкай прыехаць. Я доўгі час марыла прыехаць у Гродна і ўбачыць дом дзяцінства. Я адзіная засталася са сваёй сям'і, хто быў з гэтага горада, усе ўжо памерлі».

Крысціна Адлер (Адамiн) нарадзілася ў Гродне ў 1937 годзе, пакінула горад у 1946.
Сучасны Гродна Крысціне спадабаўся, некаторыя месцы свайго дзяцінства яна пазнавала, а штосьцi ўжо забылася.

«Мы з сям’ёй жылі на вуліцы Грандзіцкай, памятаю, што на доме была лічба 9, але вось дакладны нумар не памятаю. Жылі ў камяніцы на першым паверсе, а ў падвале працавалі цырульнікі. Я памятаю, што мы часта з сябрамі гулялі каля бальніцы, зімой там на санках з’язджалі. На яўрэйскія могілкі хадзілі, былі там вялікія помнікі. Але я не скажу што самі могілкі былі вялікія.

Памятаю, што недалёка ад дома быў рынак і аптэка. Калі пачалася вайна, як з саветамі, так і з немцамі, я была яшчэ маленькая, але некаторыя моманты ў маёй памяці засталіся. У бамбардзіроўку ў 1941 годзе мы з сям’ёй хаваліся доўгі час у агародах ля могілак. А пасля на некалькі дзён перабраліся ў спецыяльны схрон. А вось калі ўжо прыйшлі дадому, то ў нас у кватэры пасяліліся немцы. Страшны быў час. Калі ўжо прыйшлі другія саветы, памятаю, яны казалі маёй маме: «Мамаша, машама — Гітлер капут».

Памятаю, як на вуліцах Гродна яўрэяў хапалі і гналі ў гета, не любілі іх. Дарэчы, мама расказвала, калі мне было некалькі тыдняў я хварэла i толькі ў яўрэйскай бальніцы мяне атрымалася выратаваць. Яшчэ з даваеннага Гродна трохі памятаю, як хадзілі ў нядзелю ў Фару маліцца, яна знаходзілася каля пляца Баторыя [цяпер Савецкая — рэд.]".

Гродзенскі краязнаўца Януш Парулiс дапамагаў Крысціне зарыентавацца на старой вулiцы
Каля дзвюх гадзін жанчына з дачкой і ўнучкай, а таксама яшчэ адной ураджэнкай Гродна, хадзілі па вуліцы Горкага ў пошуках дома № 9. Дом знайшлі, але ён апынуўся не тым. Тады Крысціна адправілася з сям’ёй да бальніцы і стадыёна на вуліцы Камунальнай. Менавіта там раней знаходзіліся яўрэйскія могілкі, але і там жанчына не змагла зарыентавацца.

«Я думала, што ўбачу бальніцу і яўрэйскія могілкі і адразу ўспомню, дзе быў мой дом, але ўсё так змянілася да непазнавальнасці, што знайсці роднае гняздо ўжо проста немагчыма. Хутчэй за ўсё, дом знеслі. Але ўсё ж, я не шкадую, што прыехала ў Гродна. Праз доўгія гады прайсціся па тых вулачках, дзе калісьці бегала, гэта шчасце. Гродна вельмі прыгожы горад і, нягледзячы на ​​тое, што ўжо многіх пабудоў няма, ён усё роўна ўнікальны і будзе заўсёды такім. Любіце і шануйце свой Гродна».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025