З-пад помніка Леніну вызірае бронзавая фігурка «дармаедзіка» з вялікай лыжкай ці пустой патэльняй. Мяркую, такі скульптурны герой нашага часу хутка стаў бы турыстычнай цікавосткай і абавязковым месцам наведвання ў Гродне. А заадно, назбіраў бы ў шапку патрэбныя для развіцця турыстычнай інфраструктуры грошы. Толькі ці згодзяцца ўлады Гродна ўслед за калегамі з Вроцлава зрабіць народныя пратэсты мясцовых жыхароў турыстычным брэндам горада? Палякам на пераасэнсаванне пратэстных графіці і мітынгаў у турыстычныя цікавосткі і брэндавыя сувеніры спатрэбілася 20 гадоў.Зараз у Вроцлаве малыя гномы-красналюдкі цікуюць за людзьмі з-за кутоў, вылазяць на сонца з-пад дамоў, сядзяць на падваконнях, чакаюць каля ўваходаў у крамы і гатэлі. Яны такія мілахі, што мімаволі хочацца да іх дакрануцца, сфатаграфаваць і даведацца аб іх гісторыі. І вось тут непадрыхтаванага турыста чакае неспадзянка. Аказваецца, вроцлаўскія красналюдкі прышлі не з народных казак, а з народнага супраціву сацыялістычным уладам у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя.Падняў хвалю баламуцтва ў Вроцлаве мастак Вальдэмар Фыдрых. З яго лёгкай рукі выявы гномаў у аранжавых каўпаках пачалі з’яўляцца на сценах будынкаў у знак пратэсту супраць камуністычнай улады. Аранжавы колер, паводле мастака, меў стварыць альтэрнатыву чырвонаму, што запаланяў прастору праз савецкія сцягі і транспаранты.
Самай вядомай акцыяй «Аранжавай альтэрнатывы» была дэманстрацыя на Свідніцкай плошчы, куды арганізатары заклікалі прыйсці ў касцюмах гномаў - у каўпаках ды плашчах аранжавага колеру. Паблюзнерыць на галоўнай плошчы выйшла многа людзей. Яны танчылі, весяліліся і ўвогуле паводзілі сябе як і належыць нармальным гномам. Нават спявалі дзецям калыханкі і раздавалі цукеркі.Канечне, міліцыя заклікала разысціся і спыніць несанкцыянаваны сход. Канечне, прыехалі аўтазакі і супрацоўнікі пачалі хапаць гномаў. Тут гномы і самі праявілі нарэшце грамадзянскую пазіцыю — пачалі хапаць за шыварат адзін аднаго і таксама цягнуць да міліцэйскіх фургонаў. А калі машыны запоўніліся, пачалі абурацца, што ім не хапіла месца. Поспех акцыі і вялікі публічны рэзананс забяспечыла яе поўная абсурднасць: «Нельга сур’ёзна ставіцца да паліцэйскага афіцэра, каторы падчас допыту пытаецца, чаму вы ўзялі ўдзел у незаконным мітынгу гномаў», — каментаваў пазней Вальдэмар Фыдрых.Праз два дзесяцігоддзі, у 2001-м, на той самай Свідніцкай красналюдкі з’явіліся ўжо на законных падставах. Тут усталявалі помнік «Аранжавай альтэрнатыве» — скульптурку бацькі-гнома аўтарства Олафа Бжэскага. Можна сказаць, што на тым канфлікт красналюдкаў з уладамі быў вычарпаны, а пратэстная частка гісторыі горада і краіны паступова ператварылася ў турыстычную цікавостку.
Горад ад такой супрацы толькі выйграў, бо красналюдкі прыносяць мясцовым уладам добры прыбытак. Уладальнікі крамаў, атэляў і кавярняў усталёўваюць забаўныя скульптуркі каля сваіх будынкаў і прыдумваюць смешныя гісторыі сваіх красналюдкаў, каб прывабіць турыста прыйсці ў гэта месца. Улады зарабляюць як мінімум на ўзгадненні формы скульптуры і выдачы дазволу на яе ўстаноўку. Для турыстаў яны — несумненная падстава як мінімум для здымка ці ўсмешкі.Зараз у Вроцлаве «жыве» каля 300 красналюдкаў. Прыезджым яны могуць нават замяніць гіда і без дапамогі людзей пазнаёмяць турыстаў з горадам над Одрай. Праз сайт красналюдкаў у сеціве можна знайсці маршруты шпацыраў ад красналюдка да красналюдка, ці рознага кшталту квэсты і заданні па іх пошуку. Таксама красналюдкі распавядаюць на сайце свае гісторыі і гісторыю горада на свой лад. Ды і сярод сувеніраў з Вроцлава забаўкі-гномікі займаюць вялікую долю. Каму ж не захочацца забраць з сабою частачку вясёлай магіі вольнага горада.Такім чынам, красналюдкі з’ядналі ў сабе і гісторыю «сацыялістычнага сюррэалізму», і памяць аб героях супраціву, і патрэбы сучаснага турыстычнага горада. Мяркую, такое магчыма толькі праз павагу і любоў да людзей — блізкіх і далёкіх. Мабыць, таму назву гэтага горада часам хочацца напісаць як Вроц-LOVE, каб, забіраючы з сабой сувенірнага красналюдка, пакінуць сваё сэрца ў яго надзейных руках.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…