У каналах дзяржаўнай прэсы з’яўляюцца відэа з заклікам не перарываць цяжарнасць. У іх паказваюць жанчыну з двума дзецьмі. Яны запэўніваюць маці, што будуць абараняць яе і рабіць усё разам. Спецыялістка ў галіне сацыяльнай філасофіі Ірына Сідорская расказала Hrodna.life, што не так з такімі заклікамі і ці працуюць яны наогул.
«Цяжарнасць — гэта не толькі вялікая адказнасць, але і вялікае шчасце. Гэта магчымасць падарыць свету новае жыццё. Паклапаціцеся пра будучыню свайго дзіцяці», — падпісалі відэа. Таксама прапануюць звярнуцца па падтрымку і кансультацыю да спецыялістаў і пагаварыць з блізкімі. У відэа ёсць кантакты дабрачыннага Фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».
У чым маніпуляцыя?
Такія маніпулятыўныя ролікі не дапамагаюць прыняць рашэнне канкрэтнай жанчыне ў яе канкрэтных умовах, тлумачыць Ірына Сідорская. У відэа перш за ўсё выкарыстоўваюць маніпуляцыю пачуццямі. У роліку паказваюць ідэальную жанчыну і ідэальных дзяцей. А значыць, калі жанчына не выбірае гэтых ідэальных дзяцей, то яна «кепская». Гэта стварае ў яе пачуццё віны. «Ты быццам бы ідзеш насуперак прыродзе, свайму прызначэнню, сваёй місіі», — кажа Ірына.

У відэа паказваюць даволі дарослых дзяцей — але не немаўлят і не дзяцей-падлеткаў. «А менавіта такі ўзрост, калі дзеці на самой справе любяць сваіх бацькоў безумоўна, калі бачыш больш гэтай пазітыўнай зваротнай сувязі. Няма немаўлят і няма рэальных праблем. Дзеткі ў гэтым роліку прыгожыя і здаровыя. А гэта таксама не заўсёды бывае», — кажа Ірына.
Цяжарнасць — не абавязак
Ствараецца штучная «карцінка», якая ігнаруе рэальнасць. Цяжарная жанчына можа знаходзіцца ў розных сітуацыях. Цяжарнасць можа быць вынікам гвалту альбо прымусу. У жанчыны могуць быць складаныя фінансавыя і сацыяльныя ўмовы ці супрацьпаказанні да цяжарнасці. «Наогул, яна можа мець зусім іншыя планы на жыццё. Цяжарнасць не з’яўляецца абавязкам», — адзначае Ірына.
Жанчына ў такім наратыве губляе суб’ектнасць. Не звяртаюць увагу на яе інтарэсы, патрэбы — толькі на яе місію як маці. «На самой справе гэта не падтрымка, а кантроль жанчыны. Як бы маецца на ўвазе, што дарослая жанчына сама не можа прыняць рашэнне, ці быць ёй маці. Чаму яна павінна выслухоўваць парады ад нейкіх фондаў, ад нейкіх структур? Чаму наогул павінна праходзіць праз псіхалагічную размову? <…> Гэта патрыярхальнае стаўленне да жанчыны — быццам яна сама не можа прыняць рашэнне».
Наконт парадаў ад блізкіх — варта з імі паразмаўляць, каб разумець, ці можна разлічваць у будучым на нейкую дапамогу. Але яны не павінны ўплываць на яе выбар.
Дзе патэнцыйны бацька?
«Як бы ніякая жанчына не можа зацяжарыць без мужчыны, але ніякага патэнцыйнага бацькі, які б гаварыў: «Я вельмі хачу, каб у нас былі дзеці, я цябе вельмі кахаю, я буду вось гэта рабіць, вось гэта», у відэа няма, — адзначае Ірына.
Уся складанасць выбару, прыняцця рашэння ўскладаецца на жанчыну.
Хто робіць аборты?
Паводле звестак Белстата, усяго за 2024 год у нашай краіне здзейснена 14,5 тыс. абортаў. Лічба зніжаецца штогод на працягу ўсяго перыяду пасля 90-х гадоў. Калі цяпер на тысячу жанчын здзяйсняецца 6,8 абортаў, а годам раней — 7,5, то 20 гадоў таму было 22,6.
Часцей за ўсё аборты здзяйсняюць жанчыны ва ўзросце 25−34 гады. У параўнанні з перыядам дваццацігадовай даўніны ўжо практычна не робяць гэтую працэдуру дзяўчаты ва ўзросце 15−19 гадоў - цяпер сярод іх здзяйсняецца ўсяго два аборты на тысячу, прыводзіць лічбы за 2025 год выданне «Белорусы и рынок».
«Ёсць такое ўяўленне, што перарываюць цяжарнасць жанчыны зусім маладыя, студэнткі, якія не замужам, якія абыякава адносяцца да свайго здароўя, да кантрацэпцыі і гэтак далей. Але гэта не так. У Беларусі гэта робяць менавіта дарослыя жанчыны, у якіх ужо можа быць дзіця і якія разумеюць, якая гэта адказнасць. Пераважная большасць жанчын прымае рашэнне пра аборт усвядомлена. А гэтыя прыгожыя ролікі яны цалкам адарваныя ад рэальнага жыцця», — адзначае экспертка.
Чытайце таксама: У вобласці больш за 10 тыс. бацькоў не плацяць аліменты
Пры чым у роліку не тлумачыцца, на якую канкрэтную дапамогу — фінансавую ці псіхалагічную — жанчына можа разлічваць.
Як магла б выглядаць сацыяльная палітыка ў Беларусі
Такія відэа — следства палітыкі дзяржавы. «Дэмаграфічная палітыка — яна пра тое, каб больш нараджаць. Але гэта не тая палітыка, якая на самой справе стварае для гэтага ўмовы. Дзяржаўная палітыка зараз патрыярхальная, пралайферская. І жанчына разглядаецца ў гэтым яе «прыродным прызначэнні», — кажа Ірына.
Сацыяльная палітыка павінна быць сучаснай і ўлічваць рэальныя інтарэсы сучасных жанчын і мужчын. Яны спалучаюць выхаванне дзяцей з прафесійнай рэалізацыяй, актыўным жыццём, хобі. Таму трэба будаваць інфраструктуру для дзяцей — дзіцячыя садкі, яслі з гнуткім рэжымам. Ствараць грамадскі транспарт, у які зручна зайсці з вазком — гэта зробіць бацькоў мабільнымі.
Пры гэтым «самы вялікі адпачынак па доглядзе за дзіцём» у Беларусі робіць дрэнную справу для жанчыны, лічыць Ірына Сідорская. Яна сыходзіць на тры гады з працы і аказваецца пасля неканкурэнтаздольнай на рынку. Калі ў жанчыны некалькі дзяцей — яна можа наогул згубіць кваліфікацыю.
«Таму трэба рабіць не так, каб маці была тры гады дома, а каб яна магла хутчэй выйсці і весці актыўнае жыццё», — кажа экспертка.

Шмат сем’яў хацелі б мець дзяцей, але не могуць па медыцынскіх паказчыках. У Беларусі бясплатная толькі адна спроба ЭКА. Вядуцца размовы пра тое, што там будзе дзве альбо тры, але гэта яшчэ планы. У суседніх краінах бясплатных спроб больш. А рабіць гэта платна — вялікія грошы.
Пры тым, адзначае Ірына, яна не памятае, каб дзяржава пытала моладзь ці бацькоў аднаго дзіцяці, што ім трэба, каб яны нараджалі.
«Дзяржава не пытае. Яна дыктуе, што павінны рабіць грамадзяне. На жаль, дзяржаўная палітыка зараз не дапамагае сем’ям рэалізаваць іх планы. Беларусы ж не супраць мець дзіця і не адно, але жыццё складваецца так, што людзі па сацыяльных, фінансавых ці жыллёвых умовах не могуць іх сабе дазволіць».



