«Праклён манашкі»: камедыя жахаў, у якой не варта шукаць логіку

Да фільмам у жанры «жахі» можна ставіцца па-рознаму, але для масавага гледача гэты кінаатракцыён застаецца адным з самых любімых нароўні з камедыяй. І калі стваральнікам камедый даводзіцца эксперыментаваць, каб потым не абвінавацілі ў адсутнасці гумару, то жахі дзесяцігоддзямі не змяняюць прыёмы і метады.

Глядач даўно навучыўся прадбачыць час і месца, дзе яго хочуць напалохаць, але жаданне выпрабаваць «кіношны» страх бярэ верх і даруе стваральнікам іх памылкі. Абы хорармейкеры не падвялі пры стварэнні монстраў!

Жахі ці чорная камедыя?

У верасні мінулага года ў кінатэатрах панаваў зубасты Пэнівайз, у верасні цяперашнім — не менш іклатая манашка. І калі мегапапулярнасць «Яно» можна растлумачыць аўтарскім геніем Стывена Кінга і выдатнай працай рэжысёра Андрэаса Мускеці, то над прыцягальнасцю «Манашкі» варта падумаць. Новы «Праклён …» месцамі больш падобны да чорнай камедыі, чым да жахаў.

За такую незвычайную цікавасць да сваёй персоны «Манашка» павінна дзякаваць сям'і Уорэн з «Закляцця». Менавіта з гэтай пары экзарцыстаў пачалася вядомая франшыза, якая з часам распавяла яшчэ і пра ляльку Анабэль. А лунае над усімі гэтымі гісторыямі імя аднаго чалавека — малазійца Джэймса Вана. Ён за 15 гадоў сваёй кар’еры ператварыўся ў сапраўднага гуру жахаў, падарыўшы свету акрамя вышэйназваных фільмаў яшчэ «Пілу» і «Астрал».

Шлях невялікай дэградацыі

Джэймс Ван апошнія гады адышоў ад тыповага для сябе жанру ў бок «Фарсажу» і «Аквамэна», і, магчыма, не асабліва займаўся развіццём свайго тварэння. Франшыза «Закляцце-Анабэль-Манашка» пакуль ідзе па шляху невялікай дэградацыі: за магутным «Закляццем» прайшла стэрыльная, але роўная «Анабэль». «Праклён манашкі», закліканы распавесці пра пачатак усяго, выглядае як пасмешышча сярод астатніх фільмаў.

Стэрэатыпы — добра, рэжысура — кепска

«Праклён манашкі» меў нядрэнную платформу стаць досыць моцнай страшылкай. Дзеянне адбываецца ў Румыніі (аналогія з Дракулам), у богам забытым манастыры (сярэднявечная архітэктура для ўзмацнення страху). Галоўным злом выступае дэман у вобразе каталіцкай манашкі, што ўжо выклікае думкі аб боскай чысціні (гульня парадоксаў). Супраць дэмана выступаюць святар-экзарцыст (спісаны персанаж Ван Хелсінга) у пары з маладой паслушніцай. Усе вышэй пералічаныя стэрэатыпы фільмаў жахаў заклалі добрую візуальную аснову для дыхтоўнага кіно. Але падвяло рэжысёрскае выкананне.

Фільм запомніцца (калі запомніцца) невытлумачальнасцю ўсяго, што адбываецца, бо ўвесь прагляд — гэта неразуменне па якіх законах, фізікі або логікі, адбываюцца ўсе ўчынкі герояў.

У любым выдуманым свеце існуюць свае правілы, па якіх выбудоўваецца структура фільма. У «Праклёне» персанажы блукаюць як у сне, хоць у пачатку фільма пастаўленыя вельмі сур’ёзныя задачы. У абарону можна запярэчыць, што аповяд вядзецца ў форме «дэтэктыўнага лабірынта» і героі ў пошуках дакладнага шляху. Але навошта ім аказвацца па капрызе рэжысёра ў сітуацыях, калі гледачы ў кіназале разрываліся ад гучнага смеху?

Займальны атракцыён, але не больш

За ўсёй гэтай карыкатурнасцю знікае ўсякі сэнс запалохвання гледача. Глядач наскрозь бачыць любыя спробы яго запалохаць, таму ў зале былі чуваць не гучныя «ахі-ахі», а гул… Але гул ухвалення, бо пры ўсіх недахопах «Праклён манашкі» атрымаўся забаўным атракцыёнам. Для заўзятых аматараў якасных хорараў фільм апынецца горкім расчараваннем, але для простага чалавека — прыемным, але незапамінаючымся баўленнем часу.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025