Пошукавыя сістэмы перапоўненыя запытам “уладкавацца на працу пасля 50 гадоў”. А што, калі працаўладкоўвацца даводзіцца ў эміграцыі, калі да прадузятасці дадаюцца іншыя складанасці? Гэта пасля пераезду ў Польшчу адчуў на сабе беларус Яўген. Ён змяніў тры краіны ў Еўропе і пачаў зарабляць у шэсць разоў больш, чым на радзіме.
Пасля падзей 2020 года і пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны многія беларусы былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу і іншыя краіны. Напрыклад, за пяць гадоў насельніцтва Беларусі паводле афіцыйных звестак скарацілася амаль на 301 тысячу чалавек. Сярод іх – не толькі памерлыя, але і тыя, хто з’ехаў з краіны па палітычных і эканамічных прычынах. У эміграцыі складана: і ўладкавацца на працу, і вывучыць мову, і знайсці жыллё. Асабліва складана, калі табе ўжо за 50.
Яўгену 52 гады. З’ехаў з Беларусі ён тры гады таму, калі пачалася вайна ва Украіне, а да мужчыны прыйшлі з «тых самых» органаў з нагоды яго ўдзелу ў мітынгах. Але першай прычынай стала эканамічная.

Яўген 13 гадоў займаўся бізнэсам у сферы дызайну, фатаграфіі і рэкламы ў Віцебску. Даходы выдаткоўваў на пашырэнне фірмы, потым — на заробкі супрацоўнікам і падаткі. Рэшту – на сябе. “Апошнія год-два перад тым, як я выязджаў, падаткі як быццам сышлі з глузду зусім. Мне заставалася толькі прадаць [бізнэс] за капейкі”, – распавёў мужчына. Гэта ён і зрабіў.
“Пачынаў з абсалютнага нуля, і бізнэс вельмі нават нядрэнна разросся. Але вынік атрымаўся такі, што я вышэй за галаву скокнуць не мог. Бізнэс спыніўся на нейкім узроўні росту, і ўсё, далей нічога не рухалася. Я зразумеў, што прасвету ў Беларусі не будзе, і вырашыў, што трэба нешта мяняць і выязджаць”, -распавёў мужчына.
Выдаткаваў апошнія зберажэнні на ровар
Першай кропкай для Яўгена ў 2022-м годзе стала Чэхія. Там Яўген уладкаваўся на завод. “Натуральна, праца была нязвыклая – я ніколі не быў на заводзе, а там давялося». Так прайшлі тры месяцы. Яўгену захацелася чагосьці новага – ён паехаў папрацаваць у Нямеччыне. А праз год, калі віза пачала заканчвацца, прыехаў у Польшчу. Тут ён атрымаў дадатковую абарону (адзін са спосабаў легалізацыі ў краіне, дае від на жыхарства — Hrodna.life).
Для пачатку Яўген абраў працу кур’ера – варыянт заробку з самым хуткім афармленнем. “Маеш ровар – добра. Не маеш — ідзеш пешшу. Мапед, аўтамабіль – яшчэ лепш”, – распавядае мужчына. На той момант ён выдаткаваў апошнія зберажэнні на ровар. Таму “з задавальненнем ездзіў і зарабляў нейкія грошы”. Іх хапала на ежу і жыллё. “Я ведаў і разумеў, што мне давядзецца тут працаваць не менш, чым у Беларусі”, — распавёў мужчына.

Свой далейшы працоўны шлях Яўген апісвае як “атрымалася паездзіць то там, то там”. Зноў працаваў у Германіі. Падпрацоўваў на здымках у масоўцы. Але грошай з гэтай працы з цяжкасцю хапала на ежу. “Што ўжо казаць аб аплаце кватэры”, – успамінае Яўген.
“Не хочуць браць людзей пасля 50”
Таму мужчына “днямі сядзеў”, уткнуўшыся ў тэлефон у пошуках працы. Правяраў рускамоўныя групы ў Facebook, дзе прапануюць працу. А пасля выпадкова знайшоў агенцтва ў Facebook, праз якое і атрымаў тую жаданую працу, — у рэкламнай фірме.
“У асноўным не хочуць браць [людзей пасля 50 гадоў]”, – кажа пра працадаўцаў мужчына. Каб не сутыкацца з прадузятасцямі пра ўзрост, Яўген вырашыў пра яго прыхлусіць. «Я выглядаю маладзей, таму мы схавалі гэты факт. Прымаладзілі мяне трошкі”, – смяецца мужчына. Схаваць узрост прапанавала само агенцтва – паведаміла, што Яўгену 45 гадоў.
Агенцтва занятасці, якія спецыялізуюцца на запатрабаваных прафесіях, – папулярны спосаб пошуку працы. Таксама ў Польшчы можна шукаць вакансіі на платформах Pracuj.pl, PL Praca.
Журналіст Hrodna.life паглядзеў аб’явы аб працы ў рускамоўных пабліках. Сапраўды, у некаторых з іх адразу паказана — узрост кандыдата не павінен перавышаць 50 або 55 гадоў, а часам нават і 45 гадоў.



Польшча фіксіруе недахоп сярод работнікаў фізічнай працы, у галіне медыцыны і адукацыі, і сярод кваліфікаваных спецыялістаў.
Усяго больш за 135 тыс. беларусаў афіцыйна працуе ў Польшчы і ахоплены сістэмай сацыяльнага страхавання. Яны на другім месцы па колькасці сярод замежнікаў. Разбіўку па ўзростам не пазначыі. Па дадзеных BEROC за 2022 і 2023 год, больш за 50% мігрантаў з Беларусі — ва ўзросце 20-39 гадоў. Для замежнікаў існуюць праграмы інтэграцыі, перанавучання і моўныя курсы.
Працу мары знайшоў праз агенцтва
Веданне мовы да пераезду мужчына ацэньвае як “-1”. Ён вучыў яго па праграме інтэграцыі ў рамках атрымання дадатковай абароны і самастойна. Рэзюмэ склаў на польскай. Начальства – палякі, іх ён пераканаў, што «слаба можа казаць, але ўсё разумее». А для самой працы трэба было “запомніць некалькі слоў”. Цяпер ён шмат размаўляе на працы з палякамі і давучвае мову. “Увесь час залазіць у „тлумач“ (перакладчык — Hrodna.life) цяжка”, – тлумачыць той. Ён лічыць, што ўсе беларусы разумеюць палякаў – калі вучылі беларускую мову ў школе.
Зараз у абавязкі Яўгена ўваходзіць выраб рэкламы, паклейка і лазерная гравіроўка, падобнымі да якіх ён займаўся ў Беларусі. Гэта праца і рукамі, і на камп’ютары. У Беларусі ён рабіў рэкламу ад пачатку і да канца. У Польшчы – вялікая фірма, там у кожнага свая сфера адказнасці. З кліентамі маюць зносіны самі дырэктары.
Яўгену не прыйшлося пацвярджаць дыплом ці іншыя дакументы — з сабой ён не ўзяў нічога, акрамя пашпарта. “Вельмі моцна марыў – дапамагло”, – кажа пра сваю працу мужчына.
Даход вырас у шэсць разоў
Даход Яўгена вырас у шэсць разоў. Нават у Чэхіі, дзе працаваць было складана, ён быў вышэйшы, чым у Беларусі. Жыллёвыя ўмовы мужчына пакуль не палепшыў, але можа сабе дазволіць больш, чым на радзіме. “Я як толькі прыехаў за мяжу, адразу адчуў сябе лепей”, – распавёў ён. Пра будучыню і фінансах мужчына “не перажывае наогул”. Яму падабаецца мясцовы клімат. У думках купля кватэры. Пенсію ён прадстаўляе “з добрым адкрытым бізнэсам” у Польшчы.

-Калі чалавек пераязджае з грашыма, лепш адразу купіць дом, каб было сваё жыллё. Калі чалавек пераязджае з меншымі грашыма, думаю, яму трэба купіць сабе хоць бы аўтамабіль. Маючы аўтамабіль, ты можаш займацца кур’ерскай [працай], быць таксістам. Калі ты прыехаў як я, з сотняй долараў у кішэні, шукай добрае агенцтва, – раіць мужчына.
Сваёй памылкай ён называе толькі тое, што не пераехаў раней. Яўген плануе заставацца ў Польшчы і прафесійна развівацца там. Але пра гады, выдаткаваныя на развіццё бізнесу ў Беларусі, ён не шкадуе: «Усё павінна было адбыцца так, як яно адбылося».
Чытайце таксама: Кіраўніку – 2500 рублёў, дворніку — 2501 рубель. Якіх супрацоўнікаў з заробкам у $ 1000 шукаюць у Гродне?



