Працу ў Гродне знайсці немагчыма – адразу некалькі пастоў з такімі скаргамі апублікавалі гродзенцы ў сацсетках за апошнія паўтара месяца. Вакансій у Гродне сапраўды стала менш: у ліпені 2025 іх было 8594, а ў сакавіку 2026 стала 7212. HR і фінансістка пракаментавала Hrodna.life, чаму пры такой колькасці вакансій складана працаўладкавацца.
“Не думала, што будуць такія праблемы з пошукам працы. Шукаю пяты месяц. Ужо апускаюцца рукі. Не разумею, гэта толькі ў Гродне так?”- піша гродзенка. Іншыя пацвярджаюць – таксама шукаюць пяць месяцаў, а хтосьці і другі год.
Пры пошуку працы варта разлічваць на тэрмін у тры-чатыры месяцы, у Еўропе — ад паўгода, распавяла Hrodna.life HR, якая больш за дзесяць гадоў працавала ў фінансавай сферы: “Будзьце гатовыя да адмоваў і не прымайце іх на свой рахунак. Важна разумець, што атрымаць працу з першага водгуку практычна немагчыма. У дадатак кампанія таксама можа мець працяглы працэс пошуку, некалькі стадый. Ім трэба паглядзець усіх кандыдатаў, што займае час”.
Вакансій шмат – працы няма
Неабходна падзяліць колькасць вакансій на рынку і колькасць вакансій па пазіцыі, якую вы шукаеце.
– Таксама варта адзначыць, што цяпер рынак працадаўцы, а не супрацоўніка (за выключэннем працоўных спецыяльнасцяў, кур’ераў, грамадскага харчавання і рознічнага гандлю — там заўсёды высокі попыт на работнікаў). Таму ёсць вялікая канкурэнцыя сярод кандыдатаў. Працадаўца можа выбіраць з вялікага пераліку, – кажа экспертка.
Калі вы не можаце знайсці працу пры вялікай колькасці вакансій, то важна зрабіць дзве рэчы:
- прааналізаваць рынак попыту на супрацоўнікаў па сваёй пасадзе, паглядзець, якіх ведаў і вопыту вам не хапае,
- паглядзець на інструменты пошуку: рэзюмэ, суправаджальны ліст, старонку LinkedIn, партфоліо, хмарныя сэрвісы для захоўвання кода і г. д.
Як палепшыць пошуку працы: парады ад HR
- Вядзіце статыстыку пошуку. Стварыце простую таблічку ў Excel, дзе вы захоўваеце назву кампаніі і спасылку на вакансію, каб хутка знайсці апісанне патрабаванняў. Зрабіце для кожнай кампаніі наступныя ячэйкі: водгук, суправаджальны ліст, сумоўе з рэкрутарам, сумоўе з наймаючым мэнэджэрам, тэхнічнае заданне, прапанова аб працы, пдмова.
Такая статыстыка дазволіць вам убачыць, што менавіта не так у пошуку. Не клічуць на сумоўі/атрымліваеце адныя адмовы – значыць, трэба глядзець рэзюмэ. Ходзіце на сумоўі, але атрымліваеце на гэтым этапе адмовы — трэба аналізаваць размову. Альбо, магчыма, ваш вопыт у рэзюмэ разыходзіцца з тым, што вы кажаце на гутарках.

- Папрацуйце са сваім рэзюмэ. Паглядзіце на яго вачыма працадаўцы, прыбярыце лішнюю інфармацыю. Трэба пісаць па справе, сціснута пакаваць свой вопыт і кастамізаваць сваё рэзюмэ пад пэўную вакансію. Часта людзі перапісваюць службовую інструкцыю ў рэзюмэ. Скажу шчыра, мы такое нават не чытаем – проста аўтаматычная адмова.
- Калі ў вас ёсць кантакт рэкрутара, які вядзе вакансію, то напішыце першымі. У прафесійнай лексіцы гэта называецца “стукачка”. Гэта ваш кароткі суправаджальны ліст, але адрасаваны канкрэтнай пазіцыі, канкрэтнаму чалавеку. Яно можа быць нефармальным, але гэта вельмі чапляе і падахвочвае рэкрутара адказаць вам і ўключыцца ў дыялог.

- Успомніце пра свой нэтворкінг (знаёмых). Напішыце ім, што вы ў пошуку працы. І калі ў іх кампаніях ёсць вакансіі, то вы будзеце ўдзячныя ў выпадку іх рэкамендацыі. Падзяліцеся з імі рэзюмэ.
- Зрабіце пост у сацсетках і LinkedIn. Пастаўце значок “Open to work” (можна зрабіць бачным толькі для рэкрутараў).
- Вылучайце час на пошук. Рабіце выхадныя і перапынкі, так як гэта гэтая дзейнасць забірае шмат энергіі. Частыя адмовы могуць выклікаць выгаранне. Я б рэкамендавала на пошук працы вытрачаць не больш за 2-3 гадзіны ў дзень. Астатні час выдаткуйце на вывучэнне новых ведаў у вашай вобласці.
- Смела выкарыстоўвайце любую зручную для вас AI, дайце ёй ролю кар’ернага кансультанта і прыходзьце да яе па аналіз пошуку.
Ці дапаможа перавучыцца?
Гродзенцы з галінкі ці то жартам, ці то ўсур’ёз, раяць перавучыцца на плітачніка або маляра. У іншай галінцы таксама прапануюць навучыцца пракладцы ацяплення, працы з вадой і сценамі, афарбоўцы аўто. “Рабіце тое, што не робяць, дапамагайце там, дзе ніхто не можа дапамагчы”. Рабочыя спецыяльнасці сапраўды больш запатрабаваныя ў Беларусі.
“Гэта вельмі індывідуальная гісторыя. Калі ў чалавека ёсць абавязацельствы перад сям’ёй і працу ніяк не знайсці працяглы час, то можна паглядзець альтэрнатыўныя прафесіі, паглядзець пад іншым вуглом на тое, чым можна заняцца. Можна ўзяць у разлік, што гэта часовае рашэнне. Пайсці працаваць на склад гандлёвай пляцоўкі, у пункт выдачы заказаў, у рэстараны хуткага абслугоўвання, у кур’еры або іншыя сферы, дзе няма складанага парога ўваходу”, — тлумачыць HR.
Пры гэтым важна разумець, што гэта часовая мера і не адступаць ад спецыяльнасці, дзе вы можаце прафесійна развівацца, расці і атрымліваць задавальненне. “А часам у працэсе атрымання новай прафесіі вас можа гэта так захапіць, спадабаецца, што вы і не захочаце вяртацца да асноўнай”, — мяркуе экспертка.
Чаму праца за траіх – гэта добра?
“Я таксама ў пошуках. Вельмі падабаюцца вакансіі, дзе абавязкаў за траіх і зп 1000″, — адказвае каментатарка ў адной з галінак. Яна не самотная – іншая карыстальніца таксама піша, што працуе і падпрацоўвае, але грошай усё роўна не хапае.
“Чаму так складана знайсці працу ў Гродне? Я гатовая ўсім навучацца, развівацца, але ўсе хочуць работніка з вопытам 10-15 гадоў і зп 1000, гэта як? Можа, хтосьці шукае работнікаў?” – задаецца пытаннем іншая гродзенка.
“Я таксама шукаю працу ў Гродне вось ужо 1,5 года. Прапануюць толькі за 800-100, і за 1000 трэба пашукаць. А сёння прапанавалі на 0.5 ст. сакратаром за 450 да выліку падаткаў. Гэта жэсць. Нікому спецыялісты не патрэбныя”, – адказваюць ёй.
Справа ў тым, што ў кожнай кампаніі ёсць свой бюджэт і запыт на пэўную пазіцыю, тлумачыць фінансістка: “Часам у невялікіх кампаніях сапраўды трэба спалучаць у сабе некалькі функцыяналаў. Напрыклад, быць і сакратаром, і кадравым спецыялістам, і рэкрутарам. Але з іншага боку — гэта павялічвае вашы веды і навыкі, так вы можаце навучыцца шмат чаму і потым прэтэндаваць на адну з трох пазіцый у кампаніі пабольш. Не бачу ў гэтым таксама нічога дрэннага”.
Жанчынам складаней?
“Вось можа я дурніца, але ўсё ж. Чытаю вакансіі, толькі патрабуюцца мужчыны. Усе мужчынскія прафесіі. Калі жанчына, то прыбіральшчыца, прадавец і выхавальнік. Што за дзіч блін”. Іншыя жанчыны таксама скардзяцца, што пасля выхаду з дэкрэта іх “шарахаюцца”.
“Па гендэрнай прыкмеце сапраўды ёсць перавагі ў найманні мужчын, таму што здаецца, што менш рызык — не выйдзе замуж, не народзіць дзіця, няма ПМС, больш фізічна і эмацыйна ўстойлівы. Нават у сучасных стартапах фаўндары аддаюць перавагу мужчынам у прафесіі, але пры гэтым застаюцца жаночыя ролі — офіс-менеджар, бухгалтар, рэкрутар, HR”, — тлумачыць HR.
Ці ўратуе аддаленая праца?
Яшчэ адна гродзенка адразу разглядае аддаленую працу – маўляў, на беларускім рынку нешта знайсці нерэальна.
Экспертка згодная – аддаленая праца пашырыць варонку пошуку. Яна раіць глядзець на рынак СНД і іншыя краіны. Пры гэтым важна сканцэнтравацца на тым, што можа прынесці вынік, а не адгукацца на ўсё запар.
Ці ёсць кумаўство?
“А Гродна наогул асобная песня. Кажуць, больш нідзе няма такога кумаўства і хабарніцтва”, — адказваюць у адной з галінак.
“Вельмі рэдка сустракала такое ў сваёй практыцы, але дакладна чула і ведаю, што такое ёсць у невялікіх гарадах, буйных вытворчых прадпрыемствах, якім уласцівыя цэлыя дынастыі фамільных супрацоўнікаў (што не заўсёды дрэнна). Як змагацца? Ды ніяк! Проста глядзець на іншыя магчымасці рынку. Шукайце новыя для сябе магчымасці і не чапляйцеся за нейкую адну кампанію, завод ці нават горад”, – лічыць фінансістка.
Тым не менш некаторыя пасты ўжо недаступныя — верагодна, людзі знайшлі працу і выдалілі іх. Таксама поспехам падзяліўся каментатар – ён звольніўся ў канцы студзені, а ў сярэдзіне лютага ўжо падпісаў новы кантракт.




