Сацсеткі да Міжнароднага дня жанчын 8 сакавіка перапоўненыя віншаваннямі “мілых дам” і “цудоўнай паловы чалавецтва”. Гродзенскія чыноўнікі хваляць іх за тое, што яны цярплівыя і даюць мужчынам пераадольваць перашкоды. Mark Formelle віншуе з дапамогай мужчын у адных трусах. Ці ўсё добра з гэтымі віншаваннямі? Журналістка Hrodna.life запытала спецыялістку ў галіне сацыяльнай філасофіі Ірыну Сідорскую.

8 сакавіка – Міжнародны жаночы дзень. Пачынаўся як свята салідарнасці ў барацьбе за роўныя правы. Часам скатваецца ў святкаванні жаноцкасці і пяшчоты, з чым змагаюцца феміністкі. 

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў называе жанчын “мілымі дамамі”, а “Гродна Азот” піша пра свята як пра “самае пяшчотнае і вясенняе”.  

Ірына Сідорская называе такі падыход састарэлым і патрыярхальным. У яе сферы зносін да 2020 год такога ўжо не было. Але пасля 2020 году ўсё заходняе пачалі інтэрпрэтаваць як дрэннае і прасоўваць “традыцыйныя” каштоўнасці.  “Людзі не чуюць нейкіх новых трэндаў. Можа, большая частка з іх думаюць, што так і трэба, што гэта прыемна жанчынам”.

Не дапамагае і фемінісцкая спадчына Савецкага Саюза, да якога Беларусь часам апелюе, кажа Ірына.

“Савецкі Саюз быў досыць прагрэсіўнай краінай менавіта з пункту гледжання не фемінізму, але многіх правоў жанчын. Барацьба за правы жанчын туды ўпісвалася. А зараз жа – вялікі кансерватыўны паварот, і трэба абараняць жанчын ад “фемінісцкага экстрэмізму””.

Падобныя наратывы выкарыстоўваюць і ўлады, і бізнес. Ад каго больш шкоды? Ірына лічыць, што прыватныя структуры дбаюць аб прыбытку і разглядаюць дату ў календары, каб людзі патрацілі грошы. А вось дзяржаўныя органы павінны думаць пра грамадскае дабро.  

Жанчына як функцыя

«Бесспорно, что исконным предназначением женщин является поддержание огня семейного очага, создание домашнего уюта, воспитание детей. Однако, вы, сидящие в этом зале, наглядно демонстрируете умение гармонично сочетать эту священную миссию с успешной работой и активной гражданской позицией. <…> При этом идете по жизни уверенно и грациозно, даря окружающим веру в счастливое будущее», – віншуе Юры Караеў, в.а. старшыні Гродзенскага аблвыканкама. 

Ірына Сідорская рабіла даследаванні пра тое, які вобраз жанчыны ствараецца ў беларускіх праўладных медыях. 

“Там быў менавіта такі вобраз – жанчыны, якая можа ўсё. З аднаго боку, яна павінна рэалізоўваць “прыроднае” прызначэнне – быць маці і жонкай. Якая, між іншым, працуе на даволі адказнай пазіцыі, бо ў Беларусі немагчыма пражыць толькі на адну заработную плату. Але галоўнае – яна яшчэ неабыякавая да лёсу дзяржавы і падтрымлівае дзяржаўныя праграмы”.

Згодна са статыстыкай, у Гродзенскай вобласці на пачатак 2024 года пражывала звыш 530 тысяч “абаяльных і прывабных” жанчын. Гэта 53,7% ад агульнай колькасці ўсяго насельніцтва рэгіёна.

Жанчыны пераважаюць у сферах аховы здароўя і сацыяльных паслуг (84,2%), адукацыі (84,2%), фінансавай і страхавой дзейнасці (73,1%). Менш за ўсё іх прадстаўлена ў горназдабыўной прамысловасці (12,1%) і будаўніцтве (13,1%).

правы жанчын
Фота: Miguel Bruna, unsplash.com

“Именно благодаря вашему бесконечному терпению, поддержке, мудрости и любви нам, мужчинам, удается преодолевать все трудности и невзгоды”, – выказаўся начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык.

У чым праблема? “Жанчына пазіцыянуецца як памочніца мужчыну. Нейкае нават біблейскае такое разуменне, што Бог стварыў жанчыну, каб яна дапамагала мужчыну. Самастойнага жыцця, самастойных мэтаў, помыслаў, інтарэсаў у жанчыны быццам бы няма. Па-другое, эксплуатуюцца “прыродныя” якасці жанчыны – цярплівасць, каханне, мудрасць. Гэта такая індульгенцыя, маніпуляванне. Мы можам рабіць што хочам, бо вы ўсё роўна нам даруеце”, – тлумачыць Ірына. 

Стэрэатыпныя мерапрыемствы для жанчын на 8 сакавіка

На “Гродна Азот” прапаноўвалі конкурс вырабаў і кірмаш сувеніраў, прафсаюз падрыхтаваў кулінарны майстар-клас, у ГрДМУ прайшло дэфіле. Улады правялі “Забег прыгажосці”, дзе жанчыны беглі ў спадніцах.

“Жанчыны могуць і хочуць значна большага ў значна большых маштабах. Гэта не прыходзіць у галовы тых, хто робіць гэтыя мерапрыемствы”, – кажа Сідорская.

Гэта зноў жа падобна да традыцыйнага падыходу з “рэзервацыямі для жанчын”, ацэньвае экспертка.

Чытайце таксама: Калі і чаму пачалі святкаваць 8 сакавіка

Віншаванні мужчынамі ў майтках 

Віцебскія МНСнікі запісалі віншаванне для жанчын. Mark Formelle прымеркавалі да даты відэа з напаўаголенымі мужчынамі ў трусах. А гэта не зваротны сексізм? 

Mark Formelle абвінавачвалі за рэкламныя кампаніі яшчэ ў 2018, узгадвае Ірына. Яны хочуць увагі – і працуюць над тым, што ім трэба.      

“З іншага боку, я баюся, што расце светапоглядны падзел паміж тымі, хто ўнутры Беларусі, і хто за межамі. Бо мы маем зусім розныя прыклады. Тыя, хто ў Беларусі, пазбаўлены магчымасці бачыць [добры досвед]”.

Ёсць і яшчэ адзін фактар – людзям у Беларусі небяспечна публічна размаўляць пра штосьці сапраўды важнае ў палітычным, сацыяльным і эканамічным плане.

“А людзям жа трэба размаўляць, трэба быць пачутымі, трэба штосьці абмяркоўваць. І яны вось ідуць у такія “бяспечныя” тэмы міжасабовых стасункаў. І вось тут разыгрываюцца ўсе баталіі”.

Замест вопыту – рэцэпт бліноў

Яшчэ адзін традыцыйны від публікацый да 8 сакавіка – калі паказваюць жанчын у быццам бы тыпова мужчынскіх прафесіях і сферах. 

“Добра, калі паказваецца, што гэта трэнд, што раней прафесія была мужчынская, але зараз сітуацыя мяняецца. Усё больш дзяўчат, жанчын сюды прыходзяць у іх атрымліваецца, Яны прыносяць новы падыход, новыя ідэі”.

Але часам жанчыну паказваюць як нейкае выключэнне з правіл. “Вось гэта, канешне, дрэнна. Я нават сёння глядзела “СБ”. Там было інтэрв’ю з адзінай міністаркай працы і сацабароны (размова пра Наталлю ПаўлючэнкаHrodna.life). Мяне што ўразіла? Там быў рэцэпт бліноў, якія яна пячэ. Я думала, што гэтага я ўжо ніколі не пабачу, але пабачыла ў 2025 годзе”, – абураецца Ірына.

8 сакавіка ў грамадскай свядомасці ў Беларусі стала амаль што сінонімам свята кветак і вясны. Фота: Hrodna.life
8 сакавіка ў грамадскай свядомасці ў Беларусі стала амаль што сінонімам свята кветак і вясны. Фота: Hrodna.life

Нябачныя жанчыны-ваеннаабавязаныя

Завод “Белкард” у Гродне выплаціў жанчынам па 100 рублёў да свята. Але такія ж самыя выплаты атрымалі і мужчыны – у гонар 23 лютага. Пры гэтым ніводны праўладны Telegram-канал Гродзеншчыны не павіншаваў са святам жанчын-ваеннаабавязаных. 

У савецкай традыцыі 23 лютага і 8 сакавіка сапраўды былі гендарнымі святамі, тлумачыць Ірына. І такія гендарныя святы, святы пэўнай ролі – маці, бацькі – патрэбныя. Яны ёсць у календарах краін Захаду, які адмаўляе беларуская ўлада. Але гендарнымі святамі дакладна не павінны стаць 23 лютага і не 8 сакавіка, упэўнена экспертка. 

Чытайце таксама: Чаму ў Беларусі трымаюцца савецкай традыцыі святкавання 23 лютага

Выкарыстанне падобных наратываў – ад няведання? Ці мужчыны, улады і бізнес адмыслова іх выкарыстоўваюць? Ірына лічыць, што ёсць і адно, і другое.  

“Частка мужчын, асабліва старэйшага ўзросту, 50+, могуць проста не ведаць пра іншыя мадэлі. Так было, калі яны былі маладымі, і яны думаюць, што гэта тое, што жанчыны хочуць пачуць. А частка, зразумела, ловяць мэсэджы, якія ідуць з самага верху, ідуць ад Лукашэнкі, ад яго там топавых чыноўнікаў, і развіваюць гэтыя думкі”.

“Вы олицетворяете собой Беларусь – красивую, сильную, устремленную в счастливое будущее. Вдохновляете нас, мужчин, на новые свершения во имя своей страны и воплощение в жизнь самых смелых идей и задумок”, – напісалі ад імя Лукашэнкі ў канале “Пул Первого”.

На падобныя мэсэджы варта рэагаваць, лічыць Ірына. Асабліва СМІ, экспертнай супольнасці, лідарам і лідаркам – у публічнай прасторы. У прыватнай размове можна карэктна сказаць, што вам не вельмі гэта падабаецца і патлумачыць чаму. 

“Змірыцца – ні ў якім разе. Павінна быць рэфлексія. Людзі павінны старацца адпавядаць свайму часу. Канешне, трэба прыкладаць намаганні, каб успрымаць гэта новае, каб быць у трэндзе”, – лічыць Ірына.

Гэта датычыць і мужчын, і жанчын. “Наогул жа, феміністкамі не нараджаюцца, феміністкамі становяцца. Я думаю, [варта] тлумачыць, якія наступствы праз такое разуменне 8 сакавіка. Ты раз на год атрымліваеш нейкія бонусы, але губляеш нашмат больш”.

Як святкаваць 8 сакавіка?

У Савецкім Саюзе і некаторы час у Беларусі быў адзіны агульнапрыняты варыянт, як святкаваць 8 сакавіка. Але беларускі могуць ствараць свае падыходы. Тое, што пасуе адной арганізацыі ці сям’і, непрымальна для іншай, кажа Ірына. То бок, камусьці спадабаюцца мужыкі ў майтках, а камусьці – не.  

“Мяняюцца святы, мяняюцца нашы прадстаўленні пра іх. Мы можам закладваць нейкія новыя традыцыі. Іх змест у розных структурах можа быць не аднолькавы”, – лічыць яна.

Даведацца, які падыход пасуе ў вашай сям’і ці калектыве, даволі проста – можна проста спытаць у жанчын.   

“Хай муж спытае ў сваёй жонкі: “Як бы ты хацела, каб мы адсвяткавалі 8 сакавіка? Чаго б менавіта ты чакала, што для цябе будзе прыемна?” І гэтак сама зрабіць у арганізацыях. Прынцып – “нічога для нас без нас”. А то мужчыны не ведаюць, што рабіць”.

У Польшчы, як назірае Ірына, шмат хто з жанчын сустракае гэты дзень як дзень сястрынскай падтрымкі. “Гэта разбурае стэрэатыпы, што жанчыны не ўмеюць сябраваць, канкуруюць за мужчын і гэтак далей. А вось якраз я бачу падыход, як жанчыны цэняць адносіны з іншымі жанчынамі. Мне здаецца, гэта важны сэнс дня”.

Ці можна 8 сакавіка дарыць кветкі?

– Я б не аднімала ў людзей свята. У нас і так не вельмі шмат пазітыўных эмоцый. Для мяне гэта нагода падсвятліць тое, што робяць жанчыны і якіх поспехаў яны дасягаюць. Пра ўнёсак, які яны робяць у чалавецтва, у наш свет. Павіншаваць, сказаць ім “дзякуй” і паказаць павагу, захапленне.  

– То бок кветкі дарыць і прымаць  можна?

– Можна, безумоўна, дарыць кветкі, але каб гэта не было так: ты падарыў кветкі – ну і ўсё. Калі ўжо гаварыць, чаго хочуць жанчыны, так гэта роўных правоў у сям’і і на працы, бяспекі – без гендарнага гвалту і харасмента на працы. Вось гэта тое, над чым можна працаваць.

Чытайце таксама: Беларусаў абурылі цэны цюльпанаў на 8 сакавіка – вінавацяць санкцыі і абмежаванні на гандаль