Рэдакцыя Hrodna.life сустракала думкі, што часам людзі з-за кратаў падтрымліваюць тых, хто на волі. Адзін са спосабаў выказацца для іх — апошняе слова, адзін з заключны этапаў судовага працэсу. Гродзенцы часта звярталіся не толькі да суду, але і да грамадскасці. Паглядзелі, аб чым яны гаварылі ў апошнім слове. Там і бяссілле, і надзея, і падзяка.

Дзмітрый Фурманаў, палітвязень па «справе Ціханоўскага», адбыў тэрмін, з’ехаў з Беларусі

Але відавочна, што ўсяму дрэннаму прыходзіць канец. Так і гэткі антыграмадскі рэжым пераменіцца, ды на ягонае месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць эпоху адраджэння нацыянальных каштоўнасцяў і павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе новы час, калі мы зноў будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі хаўрусамі, ды, і нарэшце, сваёй беларускай мовай, гімнам, сцягам і гербам. Таму, якое б ні было прынята рашэнне наконт мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ва ўсіх усё абавязкова будзе добра.

Аляксей Лапа, таксіст, быў збіты АМАПам, стаў абвінавачаным, пакінуў Беларусь да вынясення прысуду

Ні адна таблетка не зможа дапамагчы, забыць усё тое, што я перажываю цяпер, калі ноччу мяне мучаць кашмары, калі я доўга не магу не заснуць, а калі засну, то бачу адзін і той жа сон: «Я ляжу на асфальце, мяне хтосьці б’е берцам у твар, я захлынаюся ў крыві», пасля чаго прачынаюся ўвесь у поце, разумеючы, што гэта быў зноў гэты сон.

Я ўвесь час пракручваю ў галаве, што калі яшчэ трохі, то я мог больш не ўбачыць сваіх маму і тату, родных, блізкіх мне людзей.

Я ўпэўнены, я спраўлюся з гэтым. Бо я хачу жыць, працаваць, стварыць шчаслівую сям’ю, мець дзяцей.

Сяргей Рымша, быў збіты АМАПам, асуджаны на 3,5 гады калоніі за тое, што «кінуў тры кавалкі бетону ў мікрааўтобус з АМАПам»

Высокі суд! Я да гэтага часу, як і многія прысутныя, знаходжуся ў здзіўленні, і нават трохі шакаваны, тым, што я ўсё яшчэ застаюся ў ролі абвінавачанага, а не пацярпелага ў выніку фізічных дзеянняў супрацоўнікаў АМАП.

Доўга я час ваш займаць не буду. Віну катэгарычна не прызнаю. З абвінавачваннем не згодны. Ніякіх прадметаў, фрагментаў бетону я не кідаў. Пагрозы фізічнага гвалту для супрацоўнікаў не ўяўляў. Сваімі дзеяннямі не натхняў навакольных на ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У мяне ўсё. Прашу вынесці справядлівае рашэнне.

Ігар Банцэр, музыка, адбыў тэрмін, плануе застацца ў Беларусі

У апошнім слове Ігар 10 хвілін цытаваў Сакрата. Рыхтуючыся, Банцэр напісаў 80 старонак тэксту. Пракурору ён пажадаў кар’ернага росту і дажыць да пенсіі. Ігар нагадаў аб складанасцях у зняволенні: даводзілася суседнічаць з забойцамі, «расчляняльнікамі», «наркаманамі», «псіхамі». Новы год ён адсвяткаваў у «Навінках», праваслаўныя Каляды — на «Валадарцы», 41-ы дзень нараджэння — у турме Гродна. На галадоўцы Банцэр пяць разоў мяняў камеры, на трое сутак трапіў у карцэр.

«Мой арт-перформанс… Я не планаваў, што ён будзе прам настолькі крутым, і дойдзе да таго, што гэта апынецца крымінальна каральным, і што цяпер я тэрмін атрымаю рэальны», — сказаў Банцэр.

Ала Гарацкевіч, анкахворая, асуджаная на 2,5 гады «хатняй хіміі»

Хачу звярнуцца да ўсіх людзей, якія сёння знаходзяцца тут і якія не змаглі прыйсці - я ведаю, яны мяне пачуюць. Вялікі вам дзякуй усім за падтрымку. Нездарма кажуць, што сябар пазнаецца ў бядзе. Я гэта ведала даўно і цяпер пераканалася. Хачу сказаць, што ў дрэннага чалавека не будзе столькі добрых сяброў. Я ганаруся вамі ўсімі. Перадайце дзякуй сваім бацькам за тое, што яны вас так выхавалі. І я спакойная за сваю дачку — яна ніколі нідзе з такімі сябрамі не прападзе.

Аляксандр Арановіч, кіроўца Ціханоўскага, асуджаны на шэсць гадоў калоніі

Справа падстаўленая. Доказаў ніякіх няма. Абараняцца не далі. Усе зацікаўлены ў тым, каб мяне пасадзіць. Больш няма слоў.

Уладзімір Седзянеўскі, шматдзетны бацька, асуджаны на тры гады «хіміі»

Сын часта пытаўся: а хто такі міліцыянт? Я яму заўсёды адказваў, што ён павінен быць сумленным і прыстойным, павінен заступацца за слабых. А цяпер я і не ведаю, што яму адказваць.

Андрэй Севяртока, электрык, асуджаны на 5,5 гадоў калоніі строгага рэжыму

Навошта іх (абвінавачаных — Hrodna.life) засоўваць у месцы пазбаўлення волі, каб яны яшчэ больш раззлаваліся, радыкалізаваліся? <…> Падстава ў будучыні сутыкнуць ілбамі каго-то? Я не лічу гэта мэтазгодным ні з якога пункту гледжання: ні чалавечага, ні з пункту гледжання дзяржавы. Гэта зусім безадказнае стаўленне да будучыні.

Міхаіл Ефімовіч, намеснік дырэктара, асуджаны на 2,5 года калоніі

Як я і іншыя людзі, бачачы збіццё грамадзян, здзекі над мужчынамі, праявы бессаромнасці над жанчынамі - нашымі мамамі, жонкамі і сёстрамі, павінны былі рэагаваць на падзеі, якія адбываюцца? Па законе прайсці міма або рэагаваць паводле сваіх поглядаў і унутраных прынцыпаў?

Вадзім Ермашук, блогер, прадавец, асуджаны на тры гады калоніі

Мяне знішчаюць на волі, магчыма, мне будзе складана ў турме, але я буду трымацца дзеля вас!