«Я ведаў, куды ішоў, і хацеў паказаць сваю пазіцыю», — распавядае гродзенец Уладзімір Собалеў, які прыйшоў на пікет кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гродне з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Hrodna.life пагутарыў з Уладзімірам і даведаўся, чаму ён вырашыўся на такі ўчынак.
Уладзіміру 59 гадоў, ён працуе на прадпрыемстве «Гродна Азот». Сябе ён называе расіянінам, які прыехаў у Беларусь у савецкія гады і застаўся тут жыць.
«У мяне тут дзеці і ўнукі, і мне падабаецца Беларусь, — распавядае спадар Уладзімер. — Але я не магу глядзець, што цяпер кандыдаты ў прэзідэнты маюць нацыяналістычнае адценне. Магло ўсё быць ціха і спакойна, але не, яны ўзялі сала-мяса-сала сцяг [бел-чырвона-белы — рэд.] і герб Пагоня, выкарыстоўваюць лозунгі „Жыве Беларусь“,
а далей яны будуць крычаць: „Хто не скача, той маскаль“. Гэта страшна, калі натоўп такое скандуе, я супраць. Мне не хочацца разгулу нацыяналізму. Я ведаў, куды ішоў, і хацеў паказаць сваю пазіцыю».
Глядзіце таксама: Почти 10 тысяч гродненцев пришло на пикет Тихановской в Гродно (ФОТО)
Каб вылучыцца з натоўпу, Уладзімір загадзя прыйшоў на пікет Ціханоўскай з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Усю сустрэчу ён спакойна стаяў у першым шэрагу.
«Я не правакатар і першы раз прыйшоў на пікет. Сваім учынкам я хацеў паказаць, што ёсць і іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты, у прыватнасці Аляксандр Лукашэнка. Яны не пабаяліся арганізаваць такі мітынг, вось і я не пабаяўся прыйсці. Так, хтосьці выказваў сваю незадаволенасць і спрабаваў мяне прагнаць, але валанцёры навялі парадак і я прастаяў да канца пікету».
Многія гродзенцы звярнулі ўвагу на белы бранзалет на руцэ Уладзіміра, калі ён стаяў з партрэтам Лукашэнкі, і думалі, што гэта такі флэшмоб. У аб’яднаным штабе Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы белы бранзалет служыць знакам салідарнасці і сігналам, па якім могуць пазнаць адзін аднаго аднадумцы, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў.
«Яшчэ на ўваходзе мне далі белую стужку і сказалі, што іх носяць сумленныя людзі. Я сумленны чалавек, вось і надзеў. Але калі на мітынгу пачуў, што яна для тых, хто супраць улады, тады і зняў. Я не заўсёды галасаваў за Лукашэнку. Напрыклад, у 2010 годзе ў мяне быў кандыдат Яраслаў Раманчук. Але цяпер мой выбар — дзеючы прэзідэнт. Я не хачу рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і расколу беларускага грамадства».
Глядзіце таксама: Як гродзенцы сустрэлі Святлану Ціханоўскую на пікеце