Пабалаваць сябе свежымі пончыкамі і кавай, не выязджаючы ў цэнтр горада, могуць зараз жыхары Дзевятоўкі. Крама “Лімож” наладзіла там вытворчасць свежай здобы. Паводле дырэктаркі гандлёвага прадпрыемства Святланы Галаўнёвай, гэта не толькі магчымасць пачаставаць выпечкай пакупнікоў, але і пачатак аднаўлення беларускіх кулінарных традыцый.
“Пончыкава” працуе ўжо тыдзень і на недахоп пакупнікоў не скардзіцца. Гарачыя пончыкі з больш чым дзясяткам начынак – садавінай, шакаладам, сгушчанкай, а таксама традыцыйныя і тварожныя разбіраюць як… гарачыя пончыкі.

Ідэя адкрыць такую вытворчасць, са словаў Святланы Галаўнёвай, даўно вітала ў паветры. Пад час падарожжаў у Польшчу дырэктарка звярнула ўвагу на чэргі і зацікавілася, за чым могуць стаяць забяспечаныя еўрапейцы. Бо час чэргаў даўно мінуў. Аказалася – з вакенца прадавалі пончыкі – гарачыя і духмяныя.

“У Польшчы нават адмысловае свята ёсць – Дзень пончыка [апошні чацвер карнавальнага перыяду перад пачаткам Вялікага паста – рэд.]. А мы ж таксама маем такую традыцыю. На Гродзеншчыне гатуюць пончыкі і штодзень, і да святаў, і нават на вяселлі. Вырашылі, што варта даць пончыкам шанец і ў Гродне.
Рэцэптуру пончыкаў стварылі самі: “Яны ў нас абсалютна натуральныя, без сумесяў і хімічных дадаткаў. Нешта ўзялі з класічных рэцэптаў, нешта – з сямейных. І кандытары і не-кандытары з калектыва сваімі парадамі і кулінарнымі сакрэтамі падзяліліся. Зараз маем 12 відаў пончыкаў і гэта толькі пачатак. Яшчэ шмат ідэй у запасе. Пончыкі аказаліся настолькі запатрабаванымі, што не паспяваем увесь асартымент кожны дзень выпякаць”.

Але нават гэта “Пончыкаве” ідзе на карысць.
– Пятровіч, з чым сёння пончыкі? – гукае знаёмага сталы мужчына, што падыходзіць да крамы.
– Са згушчанкай, шакаладам і вішнёвыя. Тварожныя яшчэ ёсць.
– Вішнёвага яшчэ не каштаваў, трэба купіць.

– Ой, з макам няма, але сёння новыя з’явіліся! Мы з шакаладам не спрабавалі яшчэ і са згушчанкай учора не было – звяртаецца дзяўчынка-падлетак да мамы.
– Давай усіх па адным возьмем, – па нядоўгім роздуме па-змоўніцку прапануе мама.

“Пончыкі з пылу-з жару – гэта цікава. Прыемна назіраць, калі дзеці прыбягаюць за пончыкамі ці маладыя бацькі з каляскай заходзяць. Зразумела, што даехаць да цэнтру ім цяжкавата. А зараз будзе магчымасць парадаваць сябе свежай выпечкай у пары крокаў ад дому”, – распавядае Святлана Галаўнёва. Дарэчы, адначасова з “Пончыкавай” на Дзевятоўцы пачало працаваць яшчэ адно летняяе кафэ ад “Ліможа” – насупраць шостай паліклінікі.
Працуе “Пончыкава” ад 10.00 і да 21.00. Так што набыць свежы пончык можна і да ранішняй кавы, і да малака перад сном.



