Год таму відэа польскага блогера Міхала Сікорскага, знятае ў час падарожжа па Беларусі, набрала амаль паўмільёна праглядаў на YouTube. Сёлета Міхал разам з сябрам Паўлам вырашыў ізноў наведаць Беларусь — ужо без візы. Пяць дзён хлопцы адпачывалі ў Гродне. Без нечаканых прыгод не абыйшлося.
Аформіць пакет дакументаў для ўезду без візы дапамог мінчук Улад, які і вазіў сваіх старых сяброў па Гродне і ваколіцах.
Першыя тры дні хлопцы спыняліся ў апартаментах на Дзяржынскага, пасля вырашылі зняць катэдж. За гэты час яны наведалі Свяцк, Аўгустоўскі канал, упершыню ў жыцці схадзілі на хакей і ацанілі начны клуб «База» ды мясцовых дзяўчат. Але самае цікавае чакала іх у цэнтры Гродна: там Міхалу выпісалі штраф 400 еўра.
«Аказваецца, яшчэ ў мінулым годзе я наездзіў у Беларусі па платных дарогах на такую велізарную суму. Давялося заплаціць, інакш машыну забралі б на штрафстаянку. Я не плаціў за дарогі, бо нічога не ведаў, не было ніякай інфармацыі аб тым, што тады я ехаў па платнай дарозе. Гэта вялікі мінус Беларусі: няма ўказальнікаў. Калі краіна хоча прыцягваць турыстаў, яна павінна ўсё рабіць для іх. Тым больш павінны быць знакі на такіх дарогах, аж ад самай мяжы», — распавядае Міхал.
Нават нечаканы буйны штраф не сапсаваў адпачынак польскім турыстам. Усё, што было запланавана ў Гродне і ваколіц, яны выканалі.
«У Беларусі я ўжо ў трэці раз, у Гродне другі і першы раз без візы. Раней я быў праездам і не меў магчымасці паглядзець гэты горад, а цяпер усё змянілася.
[irp posts="2412″ name="У Брузгах не пусцілі ў Беларусь дзвюх полек: яны пачулі пра бязвізавы рэжым і проста селі ў аўтобус"]
Гродна — месца, дзе хочацца затрымацца даўжэй. Акрамя прыгожай архітэктуры тут ёсць шмат добрых месцаў, дзе можна пад’есці і адпачыць. Дарэчы, пасля майго леташняга відэа многія мне пісалі, што хацелі б наведаць гэтую краіну, пыталіся як зрабіць візу і як лепш дабірацца. Хтосьці нават і паехаў. Але хацелася б, каб межаў паміж нашымі краінамі наогул не было. Беларусь настолькі блізкая Польшчы, але з іншага боку палякі пра яе нічога не ведаюць».
Польшчу ў Гродне хлопцу нагадвала многае: дзесьцi падобная архітэктура, недзе беларуская мова падобная да польскай.
«З беларускай мовай мы сутыкнуліся ў кавярні на Замкавай, было вельмі прыемна. І самае цікавае, што я ўсё разумеў. А так на вуліцы больш не чуў беларускай мовы. Кідаецца ў вочы камуністычная сімволіка ў цэнтры горада — плошча Леніна, вуліцы названыя ў гонар выбітных савецкіх дзеячаў. Таксама ў вочы кідаецца і савецкая забудова».
Міхал адзначае, што для палякаў ездзіць у Беларусь — не дарагое задавальненне. Апартаменты, якія хлопцы здымалі, таксама не дарагія, хоць і была спачатку думка засяліцца ў гатэль.
«Гродна — вельмі прыгожы горад. Пяць дзён каб пазнаёміцца і трохі пазнаць яго — думаю, дастаткова. Але хацелася б паехаць і далей па Беларусі. Напрыклад, у Навагрудак, дзе жыў Адам Міцкевіч, у Нясвіж, у Мінск, ды і іншыя гарады паглядзець. Было б добра каля Аўгустоўскага канала зрабіць спецыяльны „беларускі дом“, куды б маглі прыязджаць замежныя турысты. Мне здаецца, каб прыцягнуць турыстаў не трэба капіраваць захад, трэба прыцягваць сапраўднай Беларуссю. Вашай краіне трэба сябе больш рэкламаваць за мяжой».
[irp posts="2784″ name="Нямецкі журналіст у фэйсбуку папулярызуе бязвізавы Гродна"]
Апроч наведвання гродзенскіх славутасцяў, Міхал з сябрамі паспеў адпачыць у «Базе», памаліцца ў касцёле, а таксама схадзіць першы раз у жыцці на хакей.
«У нас у краіне хакей не вельмі папулярны, а ў Гродне мы прыехалі і ўбачылі, што тут любяць гэты спорт. Прыемна, што тут гуляе наш суайчыннік Гжэгаж Пасют.
Таксама нам спадабаўся начны клуб „База“. У Польшчы такіх месцаў вельмі мала. А тут прыемная атмасфера, шмат розных паслуг, дзяўчат шмат на танцпляцы. Што тычыцца бара, то цэны такія ж, як і ў польскім добрым клубе. Нягледзячы на высокі цэннік, у клубе было шмат людзей. Значыць у гродзенцаў ёсць грошы.
Таксама нам вельмі спадабалася ў касцёле. Кінулася ў вочы, што было вельмі шмат людзей. Нават не было месца дзе стаць. Мне здалося, што людзі ў Гродне больш сур’ёзней ставяцца да нядзельнай службы, чым у Польшчы. Таксама мы паспелі наведаць невялікі арганны канцэрт у кірсе».
У цэлым знаёмства Міхала і яго сябра Паўла з Гродзенскім рэгіёнам прайшло добра, нават вялікі штраф не вымусіў хлопцаў адмовіцца ад сваіх планаў. Па прыездзе ў Ольштын Міхал зоймецца сабраным матэрыялам у Беларусi, і неўзабаве выпусціць відэасправаздачу пра сваю паездку.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…