Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы і паглядзець, якія актыўнасці ёсць у горадзе. Hrodna.life прапаноўвае спіс гурткоў для дарослых, дзе можна навучыцца ўсяму: ад прыгатавання цукерак да разбору метафарычных карт.

Для тых, хто любіць музыку

Студыя музыцы «Voice on»

У студыі працуюць адразу з некалькімі напрамкамі: вакалам, фартэпіяна і гітарай. Студыя арыентуецца не толькі на прафесіяналаў, але і на аматараў, якія хочуць спяваць для сябе – адкрылі нават спецыяльны напрамак пад назвай “рэлакс вакал”. Кажуць, падыдзе тым, хто хоча зняць стрэс пасля працоўнага тыдня і “экалагічна выказаць свае пачуцці”.

Займацца можна як з звычайным педагогам, там і з VIP-выкладчыкам. Пробны занятак абыдзецца ў 16 руб., наступныя — у 42 руб. Ёсць парныя заняткі — па 26 руб. з кожнага ўдзельніка. Самы бюджэтны хобі-вакал у групе ад чатырох да сямі чалавек – 25 руб.

Студыя знаходзіцца на вуліцы 1 Мая ў Гродне. Анлайн-фармат заняткаў таксама ёсць.

Студыя «Aloud school»

Яшчэ адна студыя ў Гродне, дзе можна навучыцца вакалу, фартэпіяна і сальфеджыа, называе сабе “першай прыватнай музычнай школай для дзяцей і дарослых”. Абяцаюць “адукацыю без стрэсаў”, ненудныя заняткі і тэматычныя справаздачныя канцэрты. Ёсць індывідуальныя і групавыя заняткі.

У групах ад трох да пяці чалавек кошт аднаго занятку – 25 руб., індывідуальным вучням давядзецца заплаціць 45 руб.

Студыя знаходзіцца на праспекце Касманаўтаў. Тут таксама прадугледжаны анлайн-фармат заняткаў.

Для тых, хто любіць рухацца 

Творчы каворкінг «Naila»

Месца, дзе абяцаюць навучыць танцам, фітнесу, вакалу, ёзе, аратарскаму і нават акцёрскаму майстэрству. Зараз у творчым каворкінгу запусцілася і школа блогераў — праўда, толькі для дзяцей.

На курсах аратарскага майстэрства абяцаюць дапамагчы ў развіцці сваіх моцных бакоў. Напрыклад, на апошнім патоку ўдзельнікі, у асноўным дзяўчыны, вучыліся прэзентаваць сябе і паляпшалі навыкі дыкцыі.

Перыядычна на базе творчага каворкінгу праходзяць сустрэчы з псіхолагамі, караоке-батлы і розныя майстар-класы, напрыклад, як ствараць відэакантэнт.

Размясціўся каворкінг на Маставой, 31.

Танцавальная школа «Adept»

Акрамя ўжо класічных хіп-хопу і джаз-фанку, у школе абяцаюць навучыць трэндаваму напрамку K-pop. Яшчэ тут вучаць папінгу – гэта калі людзі імітуюць рухі робатаў. А таксама локінгу – рытмічнаму танцу, у якім застылыя позы чаргуюцца рэзкімі рухамі. А для тых, хто не любіць эксперыменты, ёсць больш зразумелы брэйк-данс.

Штогод школа праводзіць танцавальныя летнікі, а ўдзельнікі выступаюць на гарадскіх канцэртах і ўдзельнічаюць у конкурсах.

Разавая трэніроўка абыдзецца ў 15 руб., абанемент на восем заняткаў каштуе 80 руб. 

Заняткі праходзіць два разы на тыдзень у дзвюх залах: на вуліцы 1 Мая і на Паповіча, 3.

Для тых, хто хоча засвоіць новыя навыкі

Фоташкола «Blenda»

У школы ёсць два філіялы – у Гродне і Мінску. Можна запісацца на класічны курс, дзе раскажуць пра ўладкаванне фотаапарата, навучаць выстаўляць святло і растлумачаць, як апрацоўваць здымкі ў Photoshop. А можна выбраць больш сучасны напрамак, звязаны з мабільнай здымкай. Тут раскажуць пра тое, як правільна трымаць тэлефон, мантаваць відэа для сацсетак і выкарыстоўваць “кіношныя прыёмы для стварэння атмасферных відэа”.

Да 22 верасня кошт класічнага курсу — 459 руб., пасля, калі верыць сайту фоташколы, цана вырасце да 700 руб. 

У Гродне школа знаходзіцца па адрасу Горкага, 91 – заняткі праходзіць у фотастудыі “Грей”.  

Школа шыцця «Lavska»

Школу вядзе дызайнер Аліна Дайлідка. Гродзенка абяцае навучыць людзей “шыць з заплюшчанымі вачамі”. Напрыклад, яна праводзіла курс шыцця бялізны з нуля пад назвай “пяшчота і гіпюр”. Яшчэ Аліна вучыць «анатоміі трыкатажу» – курс разлічаны на два месяцы. Удзельнікі пасля праходжання ўсяго комплексу заняткаў атрымліваюць сертыфікаты.

Студыя Аліны знаходзіцца на Урублеўскага, 3.

Для тых, хто любіць гатаваць

Студыя «Food zone»

У гродзенскай кулінарнай студыі рэгулярна праходзяць майстар-класы і сустрэчы з кухарамі. Напрыклад, нядаўні быў прысвечаны італьянскай кухні: вучылі рыхтаваць перчыкі з анчоўсам і часныком і цытрусавы крэм-брюле.

Наступны майстар-клас пад назвай “Мясны” пройдзе 26 верасня. Будуць рыхтаваць сечаны біфштэкс з агароднінным пюрэ пад мясам жу і мясныя катлеты з соўсам тартар.

Кошт аднаго майстар-класа – 100 рублёў. Знаходзіцца студыя на Кірава, 3. 

Кулінарная студыя Ганны Красніцкай 

Ганна адзначае, што вакол студыі ўтварылася “суполка кандытараў, аналагаў якой няма ў свеце”. У студыю прыходзяць эксперты са сферы кандытарскай справы і праводзяць майстар-класы для гродзенцаў. Напрыклад, вучылі рыхтаваць дражэ і цукеркі – кошт 540 і 1000 руб. адпаведна. Можна навучыцца рыхтаваць моці – японскі дэсерт з рысавай мукі, і даведацца, якія начынкі туды пасуюць. Знаходзіцца студыя па вуліцы Пралетарскай, 2.

Для тых, хто хоча расслабіцца  

Крафт-студыя «Victory»

У студыі праводзяць групавыя і індывідуальныя майстар-класы па лепцы з гліны. Абмежаванняў па тэматыцы і колькасці вырабаў няма. Праўда, зрабіць кухонны посуд нельга – у студыі лепяць з гліны, якая не патрабуе абпалу, таму вырабы не церпяць працяглага кантакту з вадой. Затое іх можна выкарыстоўваць у якасці дэкору: удзельнікі лепяць попельніцы, падстаўкі для пахучак і дэкаратыўныя талеркі з натхняльнымі надпісамі.

Майстар-клас абыдзецца ў 65 руб. Знаходзіцца студыя на Замкавай, 4.

Творчая майстэрня «Аранжарэя»

Увесь верасень у майстэрні будуць праходзіць майстар-класы па маляванні карцін акрылам. Удзельнікі малююць на вольныя тэмы, а неабходныя матэрыялы падае студыя. Майстар-клас курыруе выкладчык з мастацкай адукацыяй.

Улетку майстэрня праводзіць выязныя заняткі і нават дзявочнікі на прыродзе.

Знаходзіцца студыя на Замкавай, 4. 

Жаночы клуб «Balance»

Клуб па інтарэсах для гродзенак, які аб’ядноўвае аматарак астралогіі і самапазнання. У рамках клуба рэгулярна праводзяць дзявочнік жаноцкасці. Яшчэ ўдзельніцы збіраюцца на майстар-класы, падчас якіх абмяркоўваюць цела, эмоцыі і асабісты рост. Часам разбіраюць метафарычныя карты і ладзяць арт-вечары.