Гродзенцы звыклі па ўсё ездзіць у Польшчу і ведаюць пра гэты накірунак усё. У не менш блізкую Літву плынь людзей меншая, а значыць і досведу паездак менш. Hrodna.life разам з «Вільнюс Рэлакс» высветліў, чым паездка ў Літву адрозніваецца ад паездкі ў Польшчу.
Чэргі, якіх амаль няма
Звычайна чэргі на памежных пераходах з Літвой значна меншыя, чым на мяжы з Польшчай. Таму, калі вы не вялікі аматар бавіць час у чарзе, адпраўляйцеся на ўікэнд лепей у Літву.
Адзінае выключэнне — паездка на фуры. Тут сітуацыя адрозніваецца цалкам, бо з-за адсутнасці абмежаванняў на ўвоз паліва чэргі на грузавым накірунку значна большыя менавіта ў Літву.
Варта памятаць, што на літоўскім накірунку памежнікі часта правяраюць наяўнасць тэхагляду. І калі ў Польшчу можна ўехаць і без яго, то ў Літву патрапіць шанцаў будзе значна менш.
Моўны бар’ер, які не заўважыш
Калі вы ведаеце толькі беларускую і рускую мовы, то камунікаваць з мясцовымі вам будзе прасцей у Літве. Асабліва, калі ваш шлях ляжыць у Вільню.
У сталіцы сучаснай Літвы рускай валодае пераважная большасць, асабліва калі казаць пра больш сталых людзей. Моладзь, сапраўды, можа патрапіцца ўжо толькі літоўска- і англамоўная. У любым выпадку, дамовіцца па-руску на вуліцах Вільні рэальна, і не абавязкова ў турыстычных мясцінах.
А з некаторымі жыхарамі Вілні можна паразмаўляць і па-беларуску. Сёння ў сталіцы Літвы працуе беларускамоўная гімназія імя Францішка Скарыны і ўніверсітэт, у якім вучыцца шмат студэнтаў з Беларусі.
У Польшчы ж на рускай пагаварыць атрымаецца толькі бліжэй мяжы і звычайна з тымі, хто яшчэ памятае заняткі рускай мовы ў школах у савецкія часы.
Польшча — шопінг, Літва — адпачынак
Калі ў Польшчу гродзенцы часцей за ўсё едуць «па закупы», то ў Літву — адпачываць. Напрыклад, з аздараўленчымі прапановамі Друскенік могуць параўнацца нямногія курорты Польшчы.
Варта памятаць, што Літва можа быць выдатнай кропкай для больш далёкага падарожжа. Правёўшы тут дзень або некалькі можна адправіцца кудысьці далей з мясцовых аэрапортаў. Ці наадварот: яшчэ дзянёк «адпачыць ад адпачынку» пасля вяртання.
Зручная валюта
З 2015 года Літва ўвайшла ў еўразону, адмовіўшыся ад нацыянальнай валюты — літа. Зручна, бо многім беларусам не прыйдзецца мяняць валюту двойчы. Польшча ўпарта застаецца вернай злотаму. Патрыятызм пахвальны, але ён дадаткова напружвае турыстаў.
Кампактная краіна
Літва значна меншая па тэрыторыі за Польшчу. А значыць за адну паездку можна паспець пабачыць значна больш — і асноўны час не будзе марнавацца на нудныя і доўгія пераезды. Можна, напрыклад, паспрабаваць аб’ехаць за выходныя тры літоўскія сталіцы, або выбрацца на мора, або наогул у маляўнічыя мясціны на прыродзе.
Беларуская Вільня
Знайсці столькі агульнага ў гісторыі Беларусі можна, бадай, толькі з Літвой. Тут усе эпохі: ад ВКЛ да СССР. Не дзіва, што ў Вільні можна знайсці шмат месцаў, якія так ці інакш шчыльна звязаны з нашай краінай.
Пры жаданні, можна адшукаць для сябе і «беларускі Беласток» ці «беларускі Кракаў», але са шчыльнасцю беларускіх месцаў у Вільні яны канкураваць не могуць.
Калі вы ўжо паехалі замест традыцыйнай Польшчы ў малавядомую Літву, то варта ведаць, як правесці там час і што там рабіць. Цікавыя варыянты можа прапанаваць «Вільнюс Рэлакс». Сачы за самымі лепшымі іх прапановамі ў сацыяльных сетках: VK i FB
Фота: ТУТ.БАЙ, vilniusgspot.com, truelithuania.com, fleur-de-coin.com, vilnius-relax.lt
ТАА «Ірвінга Група»
УНП 191 751 509