Гэты летні выхадны Эмілія Гаўрус разам з мужам і дачкой планавала правесці ў невялікім падарожжы. Зараз сям’я жыве ў польскім гарадку Алясніца, а па суботах ці нядзелях яны звычайна наведваюць суседнія гарады. Гэтым разам планавалі паехаць ва Вроцлаў. Усё змяніла выпадкова пабачаная аб’ява.
Замест камфортнага адпачынку Эмілія атрымала 10 кіламетраў выпрабаванняў, прайшла трасу аднаго з самых складаных у Польшчы забегаў пятай у агульным жаночым заліку і паказала найлепшы вынік сярод удзельніц са свайго горада.
“Зразумела, што я сябе недаацэньвала. Аказалася, што ў мяне больш сілаў і вынослівасці, чым я думала”. Пра адкрыцці сябе і тое, што дапамагае жыць напоўніцу, Эмілія расказала для канала “Тётя Ира Разрешила”.
Першай трасу прайшла дачка, каторай 5 гадоў
Абвестку пра незвычайны забег для дзяцей Эмілія пабачыла ў горадзе. Запрашалі да ўдзелу дзяцей ад шасці гадоў. “Нашай дачцэ пяць, але мы вырашылі, што паспрабуем. Прыйшлі раніцай, прабеглі з ей і даведаліся, што ёсць забег і для дарослых. Я загарэлася”.

На гэты момант Эмілія нічога не ведала пра “Pogrom wichra”. Адзінае ўражанне пра забег яна мела ад дзіцячай трасы, якую толькі што прайшла разам з дачкой.
“Там дыстанцыя каля кіламетра, па балоце лёгка было прайсці, асобых складанасцяў не было. Падумала, прыблізна нешта такое будзе і для дарослых. Вырашыла, што мне гэта падыходзіць, цікава. Бо яшчэ ў Беларусі былі думкі нешта падобнае паспрабаваць”.
“Адмаўляцца было позна”
Перад стартам, ужо прайшоўшы рэгістрацыю, Эмілія даведалася, што працягласць трасы складае 10 кіламетраў і што першыя тры кіламетры трэба бегчы з грузам 10 кілаграмаў. У гэты момант з’явіліся сумневы – плюнуць на ўсё і ісці адпачываць на пляж, альбо усё ж такі закрыць гэты гештальт. “Вырашыла, што не варта даваць задні ход”, – узгадвае Эмілія.

“Адмаўляцца было позна. Падумала, што гэта маё выпрабаванне. Калі прайду, то буду задаволена, што я мела ідэю і да канца яе давяла. А калі не, то ўвесь час буду да гэтага вяртацца – а можа трэба было б, а можа гэта цікава, а можа і не так цяжка…”
Паводле яе назіранняў перад стартам, удзельнікі забегу выглядалі відавочна больш падрыхтаванымі: “На іх фоне выглядала, быццам бы я не дайду да канца”. А калі адна з удзельніц расказала Эміліі, што гэты забег адзін з самых складаных у Польшчы, то ёй засталося толькі ўздыхаць: “Ну, ясна”.
“Пралезці пад фурай, нырнуць у балота – мне такое падабаецца”
“Мне такія выпрабаванні падабаюцца, – расказвае Эмілія пра выклікі забегу. – Люблю экстрэмальныя штукі”. Сярод выпрабаванняў, што падрыхтавалі для ўдзельнікаў арганізатары, трэба было пралезці пад фурай ці прабрацца праз зараснікі з грузам на спіне.
“Гэта дастаткова цяжка, але ў моманце можна злавіць адчуванне кайфу. Але былі выпрабаванні, ад якіх хацелася адмовіцца. Я вельмі баюся вышыні. Нават серпанцінаў ці колаў агляду. То калі трэба было падымацца па лесвіцы на гару і потым спускацца па канаце, хацела адмовіцца [і сысці з дыстанцыі]. Запытала – ці можна прапусціць. Кажуць – не. А за мною ўжо ствараецца чарга, я затрымліваю людзей. І – палезла. Без страхоўкі. Усё атрымалася, але гэта было вельмі страшна”.

Яшчэ адзін страшны момант – нырнуць у балота пад бервяно. “Гэта не было так, як ныраць у ваду, што занырнуў і вынурнуў. Багна больш шчыльная і пад ёй трэба яшчэ прабрацца, а над табой – бервяно ляжыць. Але падумала, тут вось фатограф ёсць. Калі я застрану, то ён мяне дастане”.

“Ногі збітыя, рукі ў кайданках – ну і нармальна”
Наступнае “страшнае” выпрабаванне забегу – тунэль пад дарогай. “Па трубах было страшна лезці. Гэта проста спускаешся ў люк і паўзеш па трубе пад дарогай. Не 10 метраў. Значна больш. На кукішках.
Я была ў кароткіх шортах. Увогуле, я дрэнна падрыхтавалася у гэтым сэнсе. Трэба было надзяваць закрытае адзенне з доўгімі рукавамі і штаны ці легінсы. І вось лезеш вельмі доўга, нічога не бачна. Трэба проста паўзці, паўзці, паўзці. Калі б была клаустрафобія, то проста можна злавіць панічную атаку. Мне здавалася, метраў 300 прапаўзлі. Я збіла ногі, было вельмі балюча, яле неяк дапаўзла. Затое потым было лёгка бегчы. Нават з рукамі ў кайданках”
На фінішы, па словах Эміліі, было адчуванне вялікай радасці і палёгкі. А яшчэ – кайф лёгкасці і голад.

“Я магу больш, чым думала пра сябе”
“У мяне больш сілаў і вынослівасці чым я думала пра сябе, – гэта тое новае, што даведалася Эмілія ў выніку забегу. – Калі я на гэта падпісалася, прыняла рашэнне за пяць хвілін. Паставіла сабе мэту – проста дайсці да фінішу. Запытала, колькі часу максімум [даюць на праходжанне трасы]. Мне адказалі – 4 гадзіны. Вырашыла, што за 4 гадзіны я змагу нават дапаўзці”.
Аказалася, што Эмілія сябе моцна недаацэньвала. Яна змагла не проста “дапаўзці” да фініша, але стала пятай у агульным жаночым заліку і лепшай сярод удзельніц з Алесніцы. Яе вынік – 2 гадзіны 27 хвілін. “Даведацца, што я маю больш сілаў, чым пра сябе думала – гэта вельмі прыемна”, – прызнаецца Эмілія.

Выпрабаванні – каб вярнуць сабе годнасць, адчуванне што “я магу”
“Пасля прабегу столькі з’явілася натхнення – трэба яшчэ штосці рабіць! Адна ідэя прыйшла, другая, проста дадатковы імпэт. У мяне заўсёды так – чым больш робіш, тым больш хочацца і можацца. Нават калі бегла і было цяжка, у нейкі момант думала: спыніся, зірні як гэта класна! 10 кіламетраў доўгі час на падумаць, – расказвае Эмілія. – У такіх умовах нешта па-новаму адкрываецца”.

Падпішыся на канал “Тётя Ира Разрешила” каб чытаць больш натхняльных гісторый пра жанчын і дзяўчат з Беларусі і не толькі.



