Цягнік на Маскву пачаў хадзіць з Гродна 11 чэрвеня пасля 15 месяцаў кавідных абмежаванняў. Ва ўмовах закрытых межаў і неба ён стаў для гродзенцаў самым простым спосабам дабрацца ў Еўропу. Карэспандэнтка Hrodna.life праехала ў прычапным вагоне і паглядзела, хто, куды і ў якіх умовах падарожнічае на зноў адкрытым маршруце.

Прычапныя вагоны на Маскву адпраўляюцца з Гродна па няцотных чыслах у 15.36. Прыбываюць на месца ў 6.53 раніцы. Кошт квітка — ад 126 да 279 рублёў, у залежнасці ад тыпу вагона. Састаў будзе курсаваць да 29 чэрвеня. Пасля гэтага, па выніках перавозак, прымуць рашэнне, ці падаўжаць маршрут на большы тэрмін, паведамляе сайт Беларускай чыгункі.

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
Пасажырка спяшаецца на маскоўскі цягнік. Праз каранавірус міжнароднага спалучэння на чыгунцы не было з сакавіка 2020 года

Вынік тэсту — у вагоне

«Тэст ў вас ёсць?» — пытаецца правадніца на ўваходзе. Пасажыры ківаюць і займаюць свае месцы. Дакументы правяраюць у вагоне, калі цягнік крануўся. Максімум за трое сутак да паездкі трэба здаць ПЦР-тэст.

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
Пра наяўнасць ПЦР-тэсту пытаюцца на ўваходзе ў вагон. Правяраюць дакумент ужо ў цягніку

«Можа, у праграме вынік паглядзіце?» — «Няма ў нас такога». У абласной санстанцыі ад беларусаў, якія выязджаюць у Расію, патрабуюць зарэгістравацца ў дадатку «Падарожнічаю без Covid-19». Такія правілы дзейнічаюць з 3 чэрвеня. Як тлумачаць у лабараторыі, можна нават не забіраць папяровы варыянт. Аднак правадніцы патрэбны менавіта ён.

З прыкмет пандэміі ў цягніку — антысептыкі і абвесткі пра масачны рэжым. Праваднікі рэжым выконваюць, а большасць пасажыраў - не.

Рассаджванне звычайнае, квіткі прадаюць на кожнае месца. Праз пару гадзін пасля Гродна правадніца вымярае ўсім пасажырам тэмпературу бескантактавым тэрмометрам.

У Беласток праз Расію

У Лідзе ў купэ падсаджваецца спадарожніца. Жанчына едзе ў Маскву, каб ляцець адтуль у Варшаву.

«Да ўнука прарвацца хочацца. Яму пяць гадоў, такі цікавы ўзрост. Раней наогул ніякіх праблем не было. 400 кіламетраў - а як даехаць, як пабачыцца?»

Пасажыры абмяркоўваюць складаную лагістыку паміж Гроднам і Беластокам або Друскінінкаем.

«Крыўдна, што наземныя межы не адкрываюць. У нас побач Польшча, Літва — колькі там працуюць, вучацца. Людзі дзяцей не бачаць», — разважае спадарожніца.

Зручней, чым на «Ластаўцы»

«Гэты маршрут, вядома, самы зручны», — дзяўчына з апошняга купэ вяртаецца ў Маскву ад бацькоў. Да гэтага ездзіла дадому праз Мінск, у варыянтах было нават падарожжа самалётам.

Генадзь Васільевіч дабіраецца з Гродна ў Мурманск.

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
Генадзя Васільевіча яшчэ чакае дарога да Мурманска. Ад Гродна да Масквы — толькі размінка

«У мяне тут сястра. Раней у Мурманску служыла шмат беларусаў, вось за аднаго яна выскачыла і сюды пераехала. З гэтай пандэміяй ўжо два гады не бачыліся».

Жыхарка Ліды спачатку хацела ехаць у Маскву на «Ластаўцы». Але хуткасны цягнік стаўся для яе нязручным па часе. Да таго ж на яго не так проста купіць квіткі. Праз невысокую цану іх хутка разбіраюць. Кошт паездкі ў эканом-класе «Ластаўкі», якая за 7 гадзін даходзіць ад Мінска да Масквы, — 50 рублёў. Гродзенскі цягнік павольнейшы ўдвая — у дарозе каля 15 гадзін.

Можна пагуляць па Мінску

На маршруце 9 прыпынкаў, большасць — па 2−5 хвілін. Самы доўгі - паўтары гадзіны ў Мінску. Тут вагоны адчапляюць ад цягніка Гродна-Мінск і далучаюць да саставу Брэст-Масква. Пасажырам у гэты час можна пагуляць, галоўнае — потым знайсці свой вагон, ён можа апынуцца на іншай платформе.

Першым саставам 11 чэрвеня з Гродна ў Маскву адправіліся тры вагоны — купэйны і два плацкартныя.

«Павінна было быць два вагоны, але потым людзі сталі раскупляць квіткі - і дадалі яшчэ адзін», — распавядае правадніца Святлана. Для супрацоўніц БЧ гэта першы міжнародны маршрут пасля доўгага перапынку.

«Мы апошні раз ехалі 11 сакавіка 2020 года, калі пачаўся каранавірус. Нас прапусцілі, а за намі ішоў састаў - ён ужо не змог трапіць у Маскву. Больш за год працавалі на мясцовым кірунку — Віцебск, Мінск, Гомель».

Не хапае рэстарана і Wi-Fi

Святлана з дачкой Юліяй дабіраюцца праз Маскву да Італіі. Гродзенкі жывуць там 15 гадоў. У родным горадзе яны наведвалі бабулю.

«Мы прыехалі месяц таму, яшчэ да скандалу з „Белавія“. Уяўляеце, які ў нас быў шок, калі скасавалі палёты. У нас змарнаваліся зваротныя квіткі, па 200 еўра за кожны».

Кошт квіткоў, па словах жанчын, у «Белавія» абяцалі пакрыць цягам года.

«Раней мы лёталі праз Вільню ці Варшаву. Тры гадзіны ў самалёце, тры ў машыне — і ты дома, — кажа Святлана. — Хацелася б, каб гэты цягнік зрабілі хуткасным».

«І яшчэ Wi-Fi не хапае», — дадае Юлія.

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
У цягніку можна купіць гарбату, кавау і слодычы. Пасажыры кажуць — не стае вагона-рэстарана. І звыклага інтэрнэту

Пасажыры ўспамінаюць, што раней хадзіў фірмовы цягнік «Нёман», у ім быў вагон-рэстаран. «А аднойчы ехаў менскім цягніком, там у купэ было пяць відаў напояў і можна было заказваць сняданак», — распавядае Генадзь Васільевіч з Мурманска.

Кандыцыянер і раскладныя канапы

Пасля Мінска састаў, да гэтага паўпусты, запаўняецца. «Вагончик тронется, перрон останется», — пачынаюць спяваць суседзі за сценкай. Правадніца прапануе гарбату і інструктуе ізноў прыбылых аб правілах карыстання біяпрыбіральняй. Гэта адна з «фішак» сучасных вагонаў: на станцыях санвузел не закрываюць.

Пасажыры дзівяцца нязвыкламу дызайну купэ з раскладнымі канапамі. Па словах праваднікоў, такія вагоны ездзяць на гродзенскім кірунку з 2009 года.

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
У купэ «раскладныя» канапы. Вагоны такой канструкцыі выкарыстоўваюць з 2009 года. Але многія пасажыры бачаць іх упершыню

«Я абураная гэтым кандыцыянерам, дзьме проста ў вуха», — жанчына шукае месца, каб схавацца ад «выгоды». Кандыцыянер у пачатку дарогі зламаўся, але пасля рамонту працуе вельмі спраўна.

Алена накіроўваецца з дзіцем у Расею на крайнюю поўнач. Яе вельмі турбуюць нязручныя лесвіцы ў купэйных вагонах: паміж перонам і прыступкамі застаецца вялікі зазор. Гэта небяспечна для дзяцей, цяжка заносіць багаж. «У мінулую паездку я скардзілася на такую праблему начальніку цягніка. У адказ мне прапанавалі карыстацца плацкартным вагонам».

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
Сярод прычапных вагонаў ёсць і плацкартныя. Кошт білетаў на іх ніжэйшы

Затое Галіну з суседняга купэ усё задавальняе: «Выдатны цягнік. Галоўнае, што прамы».

Без Wi-Fi і з раскладнымі канапамі. Праехалі ў першым прычапным вагоне на Маскву
Галіну ўсё задавальняе — цягнік выдатны і, галоўнае, прамы

На мяжы глядзяць пашпарты

Бліжэй да вечара ў калідоры збіраецца невялікая чарга каля разетак. Людзі хочуць зарадзіць тэлефон або планшэт, для гэтага ў купэйным вагоне ёсць пяць кропак на 36 месцаў.

Ноччу, у 1.25 пасажыраў нечакана будзяць у Смаленску. Трэба прайсці памежны кантроль. Расейцы глядзяць пашпарта. ПЦР-тэсты не пытаюцца. Тыя, хто да пандэміі ездзіў цягніком Гродна-Масква, кажуць, што сутыкаюцца з такой праверкай упершыню.

Раніцай пасажырка з верхняй паліцы скардзіцца, што пасля кантролю амаль не спала.

«Нам зараз не да зурчнасці. Ёсць магчымасць даехаць — і дзякуй богу», — адказвае суседка.