«Новы ўваход — сучаснае рашэнне». Хто дазволіў капаць і прабіваць сцяну ў старадаўнім сутарэнні на Савецкай?

Пасля публікацыі матэрыялу аб тым, што ля крамы «Ратушны» на Савецкай прабіваюць дадатковы ўваход у старадаўні падвал, нам напісала некалькі чытачоў. Іх абурылі працы ў гістарычным цэнтры. Уласнік будучага кафэ Ігар Гуліеў патлумачыў, як яму ўдалося атрымаць дазвол. А навуковы кіраўнік аб’екта Вадзім Гліннік распавёў пра некаторыя праблемы прынятага рашэння.

29 студзеня рабочыя пачалі разбіраць тратуар каля крамы «Ратушны». У пачатку лютага яны прабілі дадатковы ўваход у падвал. Уладальнік будучага кафэ кажа, што на гэтыя працы ён атрымаў усе неабходныя дакументы.

Што абурыла гродзенцаў?

Некаторыя нашы чытачы, сярод якіх ёсць гісторыкі, архітэктары і актывісты, абурыліся тым, што гарадскія ўлады дазволілі прабіць дадатковы ўваход у падвал у гістарычным аб’екце.

«Яма съест, как минимум 1,2 м пешеходной зоны, и это на выходе на площадь. Как я понимаю, вдобавок получаем единственный глубокий приямок на протяжении всей Советской. Фасад здания можно, при этом, благополучно похоронить, т.к. над входом появится навес, а при отсутствии высокого цоколя. Как войти не закрыв козырьком на нем окна магазина? Вообщем, я чего-то не понимаю в этом бредовом решении», — напісаў чытач Мікалай Вайтовіч [арфаграфія захаваная — рэд.].

Раскапаны ўваход у падвал

Усе дазволена і ўзгоднена

Зараз уваход у падвал ёсць толькі са ўнутранага двара. Яшчэ ў жніўні 2019 ўладальнікі заявілі, што будуць аднаўляць засыпаны стары ўваход з боку вуліцы Савецкай.

«У нас ёсць заключэнне навуковага кіраўніка Святаслава Шайко, што ход з сутарэння выходзіў на цяперашнюю Савецкую вуліцу, — распавядае Ігар Гуліеў. — Над праектам працавалі цэлы год, а гэта і збор рознай інфармацыі, і перамовы з Міністэрствам культуры і многае іншае. У выніку мы атрымалі ўзгадненне з гарадскімі ўладамі і архітэктурай, дазвол быў і ад Мінкульта.

Мы ж не дурні, што пачнем без узгадненняў капаць і прабіваць уваход у падвал у самым цэнтры Гродна. Гэта трэба быць цалкам неадэкватным чалавекам, каб на такое пайсці. Ні кроку мы б не зрабілі, калі б у нас не было на гэта дазволаў. Мы ў першую чаргу аднаўляем падвал 16 стагоддзя, які хочам адкрыць для гараджан і гасцей горада. Хочам паказаць, як было раней».

Раней уваход быў бачны?

Ігар Гуліеў адзначае, што ўзровень вуліцы Савецкай за апошнія 100−150 гадоў падняўся на 1−1,2 метра. Гэта значыць, яны адкапалі тое, што было раней навідавоку.

«Уваход у падвал быў закладзены глінай, мы яго раскапалі і аднаўляем. Трэба разумець, што раней вуліца Савецкая была ніжэй, можна сказаць на тым узроўні, дзе „Карчма“ сённяшняя. Уваход у наш склеп быў бачны з вуліцы. Такія падвалы раней выкарыстоўваліся не так як сёння, пад слоікі і бульбу. Там былі адкрыты аптэкі, закусачныя, майстэрні, вінныя скляпы і іншае. У нашым падвале былі таксама розныя ўстановы. Мы мяркуем, што хоць сам дом 19 стагоддзя, падвал нашмат старэйшы».

Уваходу з вуліцы не было, але Мінкульт прыняў кампраміснае рашэнне

Гісторык Мечыслаў Супрон у каментарах у фэйсбуку адзначыў, што ўваходу з боку вуліцы ў абмерах 19 стагоддзя і фотаздымках ні разу не сустракаў. Астатнія ўдзельнікі дыскусіі таксама выказалі сумнеў, што мог існаваць выхад з падвала на галоўную вуліцу: яны мяркуюць, што гэта магло быць акно вентыляцыі або акно для загрузкі вугалю ў склеп.

Каб разабрацца ў гэтым пытанні, мы звязаліся з навуковым кіраўніком аб’екта Вадзімам Гліннікам.

«Спачатку навуковым кіраўнік быў Шайко, ён рабіў усе даследаванні, але па нейкіх прычынах на апошнім этапе адмовіўся весці аб’ект, — распавядае Вадзім Гліннік. — Яго працу пераняў я і абапіраўся на зробленыя ім даследаванні і высновы. Як толькі горад прадаў гэты склеп з аўкцыёну, у новага ўласніка паўстала пытанне: як увайсці ў будынак, калі там рабіць кавярню. Другі выхад патрабуецца паводле сучасных нормаў бяспекі.

Новы ўваход — гэта, вядома, сучаснае рашэнне. Але трэба разумець, што сам падвал — ад іншага будынка, якога цяпер няма. Паводле даследаванняў, там быў толькі адзін уваход са двара. У адным з пакояў сутарэння захаваліся скляпенні, якія былі закладзеныя іншай цэглай. Гэтыя скляпенні акурат выходзілі ў бок галоўнага фасада будынка. Яны не былі уваходам, але камісія ў Міністэрстве культуры прыняла кампраміснае рашэнне. З майго пункту гледжання, яно магчымае».

Адзін з праёмаў, які ў выніку стаў новым выхадам з падвала
Без дадатковага ўваходу ўласнік не змог бы запусціць свой аб’ект — такія нормы бяспекі. Таму пасля доўгіх спрэчак у Мінкульце яму дазволілі прабіць дадатковы ўваход.

«У Мінкульце былі гарачыя абмеркаванні гэтага маленькага і важнага аб’екта ў цэнтры Гродна. Праекціроўшчыкі некалькі разоў дапрацоўвалі праект. Так, мы страцілі 2 квадратныя метры старога мура ў гістарычным будынку і частку тратуара. У гэтым мы страцілі, але з іншага боку горад хутка набудзе нешта новае, ажывіць стары падвал, дзе будзе кавярня. Я думаю, такі кампраміс магчымы. Бо будынак першапачаткова не быў прыстасаваны да сучасных патрабаванняў, таму трэба было нешта рабіць.

Для многіх навуковых кіраўнікоў прыняць такое рашэнне вельмі балюча. Яны трапляюць пад крытыку неабыякавых людзей, а я ведаю, што ў Гродне такіх шмат. Даводзіцца прымаць такія спрэчныя рашэнні, якія даюцца няпроста. Мы ўсе жывем у грамадстве і нам трэба навучыцца дамаўляцца. Перад будаўнічымі работамі менавіта горад павінен быў ініцыяваць абмеркаванне ўсіх гэтых момантаў. Патрэбен быў дыялог", — дадаў Вадзім Гліннік.


Першыя згадкі пра месца, дзе будзе кавярня — 16 стагоддзе. Там была гарадская карчма. Пасля стаяў драўляны палац Сангушак. А ў 1790-я новыя ўладальнікі на гэтым месцы ўзвялі цагляны дом.

Што будзе ў падвале?

У старадаўнім склепе на Савецкай адкрыецца кафэ-пякарня. Цяпер там праходзяць унутраныя работы. Будаўнічы і дызайнерскі праекты прадугледжваюць захаванне аўтэнтычнасці склепа. Адкрыццё запланавана на сакавік.

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024