У Гродне ёсць месца, дзе можна глядзець кіно ўсю ноч. У клубе «Падвал 24» ужо паказвалі усе часткі «Хобіта», «Уладара пярсцёнкаў» і «Піратаў Карыбскага мора». Новы гульнявы клуб восенню 2020 года адкрылі браты Даніслаў і Пётр Круглікавы. Акрамя кіно тут можна пагуляць у настольныя гульні, аэрахакей і многае іншае. Карэспандэнтка Hrodna.life высветліла, чым яшчэ можна заняцца «Падвал 24».
«Хацелася адкрыць тое, што было б для горада ўнікальна, — кажа ўладальнік клуба Даніслаў Круглікаў. — А настольныя гульні - гэта не проста цікава, гэта развіццё і жывыя зносіны».
Гульнявы клуб адкрыўся на вуліцы Карла Маркса, 24. Тут можна пагуляць у «Uno», «Свінтус», «Манчкін», «Соображарий», «Белаполія» і MTG. Ёсць аэрахакей, настольны футбол, відэагульні.
Госці могуць пагуляць на кансолях розных пакаленняў: 8-біт (яна ж Dendy — у СНД, FamiCom або NES — за мяжой), 16-біт (Sega MegaDrive — у СНД, Genesis — за мяжой), Sony PlayStation One, Sony PlayStation 2, PSP, Sony PlayStation 4. Па словах Даніслава, многія госці прыходзяць толькі дзеля відэагульняў.
Гульні ў клубе «Падвал 24». Фота: Таццяна Сідлярэвіч
Даніслаў Круглікаў раней працаваў у школах выкладчыкам рускай мовы, а пазней — педагогам-арганізатарам. У яго ёсць свой валанцёрскі рух «Маладзёжны корпус». А яшчэ ён называе сябе «непераможаным чэмпіёнам па аэрахакеі „Падвала 24“», таму што яшчэ ніхто не абыграў яго ў гэтую гульню. «Плануем зрабіць турнір па аэрахакеі», —
усміхаецца і кажа Даніслаў.
У клубе ёсць невялікая кухня. Тут можна выпіць чаю, паесці печыва ці цукерак. Кошт наведвання клуба залежыць ад таго, для чаго госць прыйшоў.
Цэны ў «Падвале 24»
Цэны ў клубе залежаць ад актыўнасці. На нешта ёсць пагадзінны тарыф — 2−3 руб., на нешта — аплата за мерапрыемства цалкам — ад 7,5 да 17,5 руб.
Ёсць сістэма зніжак і рэферальная праграма для пастаянных кліентаў.
Фэнтазі, анімэ і начное кіно
Даніслаў у «Падвале 24» плануе развіваць кірунак MTG (Magic: The Gathering). Гэта калекцыйная картачная гульня ў жанры фэнтазі, якой ужо 27 гадоў. Існуе сістэма турніраў на міжнародным узроўні, арганізаваная «Duelist Convocation International», з грашовымі прызамі для фіналістаў. Але ў Беларусі аб ёй яшчэ мала хто ведае,
фанатаў і буйных спаборніцтваў няма.
«Мне яна падабаецца. Я бачу ў ёй карысць, таму што гульня прымушае думаць, камбінаваць, пралічваць. Яна развівае і захоплівае», — лічыць Даніслаў.
Даніслаў адкрыў клуб разам са сваім братам Пятром. Разам яны зразумелі, што да іх у клуб прыходзіць шмат фанатаў K-pop (карэйскай поп-музыкі) і анімэ. І таму нядаўна правялі серыю 18-гадзінных мерапрыемстваў для прыхільнікаў гэтых жанраў.
У клубе працуе «Начная кінатэка». Ночы кіно праходзяць кожныя выхадныя, з суботы на нядзелю, з 8 вечара да 8 раніцы. Рашэнне аб тым, які фільм будуць глядзець, госці прымаюць самі пры дапамозе галасавання ў групе клуба Укантакце.
Звычайна ў праграме 5 фільмаў. За некалькі такіх начэй госці глядзелі усе часткі «Хобіта», «Уладара пярсцёнкаў», «Піратаў Карыбскага мора», а нядаўна зладзілі ноч прагляду навагодніх і калядных фільмаў. Глядзець фільмы можна і лежачы, і седзячы.
Клуб гатовы закрывацца на абслугоўванне для правядзення лекцый, ранішнікаў і дзён народзінаў. Правіла толькі адно: ніякага алкаголю. Ежу можна прынесці з сабой. У залежнасці ад спектру патрэбных паслуг (відэагульні, праектар і іншае), зняць клуб можна па стаўцы пагадзіннай арэнды.
Першы вопыт у бізнесе
Браты Круглікавы адкрылі клуб восенню 2020 года, гэта іх першы вопыт у бізнесе. Першыя наведвальнікі прыйшлі ў лістападзе.
«Людзей прыходзіць няшмат, таму што ў нас пакуль няма рэкламы, пакуль мы раскручваемся». Тым больш, зараз каранавірус. У клубе ёсць усё неабходнае: антысептыкі, маскі. Па словах Даніслава, памяшканне праветрываецца рэгулярна. «Нават падлогі мыем з антысептыкам», — удакладняе ён.
Назву «Падвал 24» клуб атрымаў вельмі проста: ён размешчаны ў падвале дома пад нумарам 24. У гэтым жа будынку працуе піцэрыя «Папа Джонс». «У нас з імі ёсць дамоўленасці. Яны для нашых кліентаў могуць зрабіць зніжкі. Можна спакойна замовіць там піцу, прыйсці і тут адпачываць».
Дакладнага графіка працы ў клуба няма. «Каб патрапіць з кампаніяй да нас, напрыклад, у чацвер, трэба патэлефанаваць мне і дамовіцца пра канкрэтны час, — кажа Даніслаў. — Груба кажучы, мы працуем па папярэднім запісе».
Чытайце таксама:
- Вместе и трон делить веселей! Редакция Hrodna.life посмотрела последнюю серию «Игры престолов» вместе с читателями
- «Проще будет жить в обществе, где человек не будет придираться к другому». Что такое «Живая библиотека»?
- У Гродне закрыецца тайм-кафэ «Партал». Установа не працавала ў дзень «усеагульнай забастоўкі»