Чаму ў такім «музейным» горадзе, як Гродна, няма паўнавартаснага музея горада? Як наогул з’яўляюцца музеі гарадоў і дзе яны ёсць у Беларусі? І якімі яны павінны былі б быць? Праблемы і перспектывы гарадскіх музеяў у Беларусі ў падкасце «Усход-Захад» абмяркоўваюць краязнаўцы Аляксей Шота з Гродна і Аляксей Бацюкоў з Магілёва. Hrodna.life тэзісна пераказвае другі выпуск падкаста.
Музей горада: для чаго ён патрэбны
Музей горада — гэта не проста яшчэ адзін музей у спісе ўстаноў. Яго задача — зафіксаваць і прадставіць унікальную гісторыю і ідэнтычнасць пэўнага месца. Краязнаўцы адзначаюць, што ідэя такіх музеяў у Беларусі пачала развівацца толькі ў 1990-х гадах. У гэты час гарады і райцэнтры ўсвядомілі патрэбу паказаць сваю аўтэнтычнасць і «музеефікаваць» мясцовую гісторыю.
Аднак галоўнай праблемай заўсёды было фінансаванне: хто будзе ўтрымліваць музей, на чый баланс ён патрапіць. Музей — справа нятанная і хтосьці мусіць за яго плаціць.
Аляксей Бацюкоў: У 90-х аказалася, што ў нас шмат розных краязнаўчых музеяў, розных музеяў з манекенамі, або прыродазнаўчых, з пудзіламі мядзведзяў і іншых жывёл. У нас шмат музеяў мемарыяльных. Усякіх музейных пакояў шмат у школах. Усяго шмат, музейных матэрыялаў шмат, а вось уласна гісторыі нацыянальнай, гісторыі беларускага народа вобмаль. Гэта была тады вельмі балючая тэма.
Вось як паўставаў музей горада на прыкладзе Магілёва. Спачатку было толькі рашэнне стварыць музей — у 1990 годзе ён паўстаў на паперы. Толькі праз пару гадоў з’явіўся першы супрацоўнік, потым дадаліся іншыя. З часам выдзелілі гістарычны будынак, стварылі фондасховішча, перадавалі археалагічныя знаходкі. Але такі шлях, калі горад сам бярэ на сябе фінансаванне новага ўласнага музея, у Беларусі пакуль што — рэдкасць.
Будынкі, калекцыі і канцэпцыі — чым мусіць вылучацца музей горада?
На думку абодвух вядучых падкаста, гарадскі музей павінен быць менавіта на балансе горада — інакш яго ўтрыманне нават цяжка ўявіць. Але такіх выпадкаў вельмі мала: нават не ва ўсіх абласных цэнтрах у Беларусі ёсць музеі горада: у Віцебску і Гродне іх дагэтуль няма. Часта функцыю такога музея выконвае раённы краязнаўчы музей або нейкі філіял. Але музей уласна горада — гэта ўсё ж іншае.
Але ў чым канцэпцыя: што павінна быць у музеі горада, чым ён адрозніваецца ад звычайнага гісторыка-археалагічнага музея? Тут важна, каб экспазіцыя была скіравана менавіта на гарадскую гісторыю, каб яна расказвала пра жыццё і развіццё пэўнай супольнасці, а не толькі пра археалогію, прыроду ці асобныя падзеі.

Музей заўсёды пачынаецца з калекцыі — але не менш важна, як яе падаюць. У Брэсце, напрыклад, музей размешчаны ў каларытным былым будынку польскай адміністрацыі, у былым урадавым квартале, у Гомелі асновай стаў паляўнічы домік, у Магілёве — гістарычная ратуша, цэнтр колішняга самакіравання горада.
Глядзіце і слухайце ў першым выпуску падкаста: Што агульнага ў Гродна і Магілёва?
Але часам музеі становяцца проста наборам экспанатаў, а не цэнтрам асэнсавання гарадской гісторыі. У Беларусі часта сустракаецца практыка «напампоўвання» музея рознымі філіяламі, каб скараціць адміністрацыйныя выдаткі. Так, у Мінску ў склад музея горада ўваходзяць шэраг філіялаў, многія з якіх мала звязаныя непасрэдна з гісторыяй горада.
Як з музеяў кралі шахматы і… танкі
Галоўнае адрозненне, якое заўважаюць аўтары падкаста паміж беларускімі і заходнееўрапейскімі музеямі, — гэта камунікацыя і ўцягненне наведвальнікаў. У Беларусі музей — часта закрытая прастора, дзе наведвальнікі проста глядзяць на экспанаты, а работнікі мусяць сачыць за бяспекай. У заходніх краінах больш распаўсюджана канцэпцыя адкрытага музея, дзе чалавек самастойна выбудоўвае маршрут і ўступае ў дыялог з экспазіцыяй.
Хаця, трэба прызнаць, зараз у Беларусі музейшчыкі стараюцца па магчымасці, хаця б час ад часу, ствараць для наведнікаў інтэрактыў.

Справядліва і тое, што адсутнасць кантролю можа прывесці да праблем. І ў Гродне, і ў Магілёве былі выпадкі крадзяжоў з музеяў. Напрыклад, у Гродне з гісторыка-археалагічнага музея ў 2004 годзе скралі адзін з сімвалаў калекцыі — шахматную фігуру, знойдзеную на раскопках замка ў 1930-я. Вярнуць яе ўдалося толькі праз чатыры гады, калі злодзей спрабаваў яе прадаць. У музеі гісторыі Магілёва быў цікавейшы выпадак — з мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» спрабавалі скрасці нямецкі танк.
Аляксей Бацюкоў: Чалавек сказаў, што ён вязе танк на здымкі на «Беларусьфільм». Падцягнуў цягач і звёз яго. А супрацоўнік музея гісторыі Магілёва, які ў гэты час працаваў на Буйнічах, яшчэ дапамагаў яму, бо паверыў, што сапраўды забіраюць для кіно. Мужчына адвёз танк кіламетраў на 50 у нейкую вёску і схаваў. Яго потым знайшлі, канешне.
Таму баланс паміж адкрытасцю і бяспекай — асобная задача для кожнага музея.
Як павінны выглядаць і функцыянаваць сучасныя музеі горада
Музей — гэта не статычная «скарбонка», упэўненыя вядучыя падкаста. Гэта жывы працэс, які патрабуе добрых спецыялістаў і сталай навуковай работы. Сёння актуальная тэндэнцыя — не проста расказваць пра вялікія падзеі, дасягненні ці «лічбы», а паказваць гісторыю праз лёсы канкрэтных людзей, праз гісторыі штодзённасці, больш гуманістычным спосабам.
Важна, каб экспазіцыю ствараў прафесійны экспазіцыйны мастак, а не проста работнікі музея. Менавіта ад таленту і падыходу спецыялістаў залежыць, ці будзе музей «жывым» і цікавым для наведвальнікаў.
Чытайце таксама: Якія цікавыя, але малавядомыя музеі варта наведаць у Гродне
Кадравы і фінансавы дэфіцыт
Кадравае і фінансавае забеспячэнне — адна з галоўных праблем беларускай музейнай справы. У большасці выпадкаў музеі фінансуюцца «па астаткавым прынцыпе», а грошы трапляюць у канцы года, калі трэба «асвоіць бюджэт». Гэта не дае магчымасці планаваць развіццё і падтрымліваць належны ўзровень працы.
«Горад-музей» як канцэпцыя: ілюзія ці рэальная перспектыва?
Гродна часта называюць «горад-музей», але ў рэчаіснасці гэта пакуль што толькі слоган. Яго паўтаралі не раз і ў 1980-х, і ў 2010-х. Ідэю дзесяцігоддзямі абмяркоўвалі на розных форумах, але яна дагэтуль не мае матэрыяльнага ўвасаблення. Падобным чынам абвяшчалі горадам-музеем Мсціслаў на Магілёўшчыне. Але і там далей слоганаў справа не пайшла.
Каб горад сапраўды стаў «музеем», трэба захоўваць старыя кварталы і дамы, проста перастаць зносіць тое, што захавалася, — але такі падыход пакуль не стаў нармальнай практыкай у беларускіх гарадах. Наадварот, часта старыя дамы і дворыкі знішчаюцца, а на іх месцы з’яўляюцца новыя «пад капірку» будынкі.

Аляксей Шота: У Гродне ёсць цэлыя раёны, якія можна было б музеефікаваць. Той жа самы знакаміты гродзенскі Новы свет, які можна было б зрабіць музеем па прынцыпе скансэна. Але звычайна ўсе размовы пра гэта заканчваюцца на тым, што чыноўнікі кажуць, што драўляная архітэктура гэта халупы і гэта стар’ё. Хаця прыклады рэстаўрацыі вельмі старых драўляных будынкаў ёсць і ў Гродне. Самы стары драўляны будынак Беларусі - лямус былога Брыгіцкага манастыра — падымалі на дамкраты, там вельмі сур’ёзная праца была па захаванні. Але гэта было тады, калі маглі ездзіць польскія спецыялісты і рабіць усё за грошы польскага міністэрства культуры і спадчыны. Зараз, думаю, было б ужо не правярнуць такую гісторыю.
Нават рэстаўрацыя гістарычных будынкаў у Беларусі часта звязана з заменай арыгінала на копію. Так здарылася, напрыклад, у савецкія часы з домам Элізы Ажэшкі ў Гродне, так адбываецца і зараз са старымі камяніцамі ў горадзе.
Чытайце таксама: Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы
Якім павінен быць музей горада і дзе яго бракуе
Па меркаванні аўтараў падкаста, музеі горада павінны быць у кожным абласным цэнтры, у тым ліку ў Гродне і Віцебску, дзе пакуль што такіх устаноў няма. А таксама ў буйных раённых цэнтрах. Але для гэтага патрэбныя не толькі сродкі, але і разуменне: музей — гэта цэнтр вывучэння, захавання і асэнсавання гарадской гісторыі, месца дыялогу і стварэння супольнай памяці.
У якасці цікавага прыкладу новай формы музея Аляксей Бацюкоў прапаваў ідэю «музея на колах» — пераабсталяванага цягніка, які ездзіў бы па маршруце і адначасова служыў бы месцам захавання і перадачы памяці пра лакальную гісторыю. Такі цягнік хадзіў з Асіповічаў у адну з бліжэйшых вёсак, але гэты маршрут ужо скасавалі.
Слухайце іншыя падкасты на канале «Падкасты Гродна».