«Мы — Усікі». Гісторыя сям'і, у гонар якой назвалі пляж у Гродне

Чаму адзін з самых папулярных пляжаў у Гродне называюць «Усікі»? У гродзенскіх краязнаўцаў ёсць некалькі версій. Мы расказваем сваю, якую пачулі ад гродзенскіх старажылаў і пацвердзілі гэта адной сямейнай гісторыяй.

Пляж «Усікі» знаходзіцца ў Пышках. Гэта месца назвалі так жыхары вёскі Пярэселка. Яны казалі: «пайшлі на Усікі» або «пайшлі да Усікаў». Аказваецца, на беразе Нёмана, каля пяшчанага пляжу, жыла сям’я ляснічага Усіка.

Пляж «Усікі»
У Браніслава і Ганны было 10 дзяцей. У 1958 годзе іх дом пацярпеў з-за разліву Нёмана, а сям'і яшчэ да гэтага выпадку далі новы ўчастак у горадзе. З 1960 года Усікі пераехалі, а іх стары дом знеслі. Назва пляжа «Усікі» захавалася да сёння.
Сям’я Усікаў
Дзякуючы знаёмству са старажыламі былой вёскі Пярэселка нам удалося адшукаць сям’ю Усікаў. Мы сустрэліся з жонкай ляснічага Браніслава — Ганнай Усік. Ёй 101 год.

«Усікі» — дом ля берага

Ганна Рыгораўна Дзям’ян (Усік) ​​нарадзілася ў 1918 годзе ў вёсцы Князеўка. Каталічка. У пачатку 1930-х пераехала з бацькамі ў Станіславова. Там Ганна сустрэлася са сваім будучым мужам Браніславам Усікам. У 1936 годзе яны ажаніліся і пераехалі жыць у Мелавыя горы. Ганне было тады 17 гадоў.

Вяселле Браніслава і Ганны, 1936 г.
«Сям'я ў мяне была вялікая і жыць у Станіславова нам не было дзе, вось пасля вяселля і пераехалі з мужам да ягонай сястры ў Мелавыя горы, — распавядае Ганна. — Пераехалі мы ў 1938 годзе, калі ў мяне нарадзіўся першы сын. Пры паляках Браніслаў працаваў рознарабочым, а я займалася дзіцём і гаспадаркай. У Мелавых гарах мы прабылі да 1945 года, там у мяне нарадзіліся яшчэ тры сыны. А пасля нам далі дом ля берага, які ў народзе празвалі „Усікі“. Наш дом быў адзінай пабудовай у тым месцы, нават хутарам не назавеш».

«Я была ўдзельнікам вайны»

Бліжэйшымі суседзямі Усікаў былі Вежалі ў Мелавых гарах. Некаторыя жыхары вуліцы Дамброўскага да гэтага часу кажуць: «пойдзем пад Вежаля». Яшчэ былі Жамойды — у тым месцы, дзе ў будучыні пабудавалі Новы мост, іх дом знеслі. І жыхары вёсак Пышкі і Пярэселка.

«Менавіта з Пярэселкі да нас прыходзілі часцей за ўсё. Сябравалі з імі, адпачывалі разам. А з Пышкоў да нас ужо праз Нёман дабіраліся. З гэтай ракой звязана ў нас шмат сямейных гісторый. Пад канец вайны я дапамагала савецкім салдатам перапраўляцца праз Нёман. Загрузяцца ў нашу лодку салдаты і паплылі. Я была ўдзельнікам вайны, але пра мяне забыліся, затое на працы празвалі „залатыя рукі“. А яшчэ Нёман быў нашым карміцелем, там было шмат рыбы. Але падчас паводкі ў 1958 годзе мы моцна пацярпелі і з-за гэтага канчаткова пераехалі».

Ганна Усік са сваімі дзецьмі, 1960-я гг. За 10 дзяцей яна атрымала званне «Маці-гераіня» і залатую зорку

Пра Усікаў пісалі ў газеце

Пасля вайны Браніслаў Усік працаваў ляснічым, сачыў за лесам і парадкам. Вядомым ён стаў не толькі з-за прозвішча і сваіх вусоў, але і з-за забітага ім ваўка. Пра Усікаў тады напісалі ў гродзенскай газеце.

«Ваўка спачатку заўважыла старэйшая дачка, якая сачыла за каровамі каля дома. Ён з’явіўся на гары і мы спачатку падумалі, што гэта сабака. Але калі ён пачаў выць, то ўжо было зразумела, што гэта воўк. Тады ж пайшлі чуткі сярод мясцовых, што ў Пышках бегае воўк і ўзіраецца на мясцовае быдла, палохае людзей. Муж Браніслаў стаў сачыць за ім. А ў нас каля дома стаялі клеткі з трусамі і воўк прыходзіў, капаў пад іх. Адзін раз Браніслаў узяў стрэльбу і параніў ваўка, а старэйшы сын ломам дабіў яго. Так Усікі пазбавілі Пышкі ад ваўка, дзяржава за гэта выдала 300 рублёў. Быў 1956 год на двары і да нас нават журналісты прыйшлі, пісалі пра гэты выпадак».

Злева Браніслаў Усік з дачкой, справа Ганна Усік з другой дачкой. 1960-я гг.

«Мы — Усікі!»

З пачатку 1960-х гадоў Усікі пасяліліся ў доме на вуліцы Фестывальнай. Там жывуць і сёння. І вельмі ганарацца тым, што бераг Нёмана, дзе быў іх дом, захаваў назву, якаю атрымаў у народзе пасля вайны.

«Мы — Усікі! Жывем у Гродне ўсё жыццё і ганарымся тым, што пляж ўсё яшчэ называюць „Усікі“ ў гонар нашай сям'і».

Ганна Усік са сваім партрэтам з 1940-х.


Да нядаўняга часу ў гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў была іншая версія ўзнікнення назвы пляжа «Усікі». Гэта месца нібыта звалі так з-за падводных камянёў на Нёмане, якія ўтваралі на рацэ так званыя «вусікі». Зараз ёсць яшчэ адна легенда пра гэтую назву.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025