Чаму адзін з самых папулярных пляжаў у Гродне называюць “Усікі”? У гродзенскіх краязнаўцаў ёсць некалькі версій. Мы расказваем сваю, якую пачулі ад гродзенскіх старажылаў і пацвердзілі гэта адной сямейнай гісторыяй.
Пляж “Усікі” знаходзіцца ў Пышках. Гэта месца назвалі так жыхары вёскі Пярэселка. Яны казалі: «пайшлі на Усікі» або «пайшлі да Усікаў». Аказваецца, на беразе Нёмана, каля пяшчанага пляжу, жыла сям’я ляснічага Усіка.

У Браніслава і Ганны было 10 дзяцей. У 1958 годзе іх дом пацярпеў з-за разліву Нёмана, а сям’і яшчэ да гэтага выпадку далі новы ўчастак у горадзе. З 1960 года Усікі пераехалі, а іх стары дом знеслі. Назва пляжа «Усікі» захавалася да сёння.

Дзякуючы знаёмству са старажыламі былой вёскі Пярэселка нам удалося адшукаць сям’ю Усікаў. Мы сустрэліся з жонкай ляснічага Браніслава – Ганнай Усік. Ёй 101 год.
“Усікі” – дом ля берага
Ганна Рыгораўна Дзям’ян (Усік) нарадзілася ў 1918 годзе ў вёсцы Князеўка. Каталічка. У пачатку 1930-х пераехала з бацькамі ў Станіславова. Там Ганна сустрэлася са сваім будучым мужам Браніславам Усікам. У 1936 годзе яны ажаніліся і пераехалі жыць у Мелавыя горы. Ганне было тады 17 гадоў.

«Сям’я ў мяне была вялікая і жыць у Станіславова нам не было дзе, вось пасля вяселля і пераехалі з мужам да ягонай сястры ў Мелавыя горы, – распавядае Ганна. – Пераехалі мы ў 1938 годзе, калі ў мяне нарадзіўся першы сын. Пры паляках Браніслаў працаваў рознарабочым, а я займалася дзіцём і гаспадаркай. У Мелавых гарах мы прабылі да 1945 года, там у мяне нарадзіліся яшчэ тры сыны. А пасля нам далі дом ля берага, які ў народзе празвалі “Усікі”. Наш дом быў адзінай пабудовай у тым месцы, нават хутарам не назавеш».
«Я была ўдзельнікам вайны»
Бліжэйшымі суседзямі Усікаў былі Вежалі ў Мелавых гарах. Некаторыя жыхары вуліцы Дамброўскага да гэтага часу кажуць: “пойдзем пад Вежаля”. Яшчэ былі Жамойды – у тым месцы, дзе ў будучыні пабудавалі Новы мост, іх дом знеслі. І жыхары вёсак Пышкі і Пярэселка.
«Менавіта з Пярэселкі да нас прыходзілі часцей за ўсё. Сябравалі з імі, адпачывалі разам. А з Пышкоў да нас ужо праз Нёман дабіраліся. З гэтай ракой звязана ў нас шмат сямейных гісторый. Пад канец вайны я дапамагала савецкім салдатам перапраўляцца праз Нёман. Загрузяцца ў нашу лодку салдаты і паплылі. Я была ўдзельнікам вайны, але пра мяне забыліся, затое на працы празвалі “залатыя рукі”. А яшчэ Нёман быў нашым карміцелем, там было шмат рыбы. Але падчас паводкі ў 1958 годзе мы моцна пацярпелі і з-за гэтага канчаткова пераехалі».

Пра Усікаў пісалі ў газеце
Пасля вайны Браніслаў Усік працаваў ляснічым, сачыў за лесам і парадкам. Вядомым ён стаў не толькі з-за прозвішча і сваіх вусоў, але і з-за забітага ім ваўка. Пра Усікаў тады напісалі ў гродзенскай газеце.
«Ваўка спачатку заўважыла старэйшая дачка, якая сачыла за каровамі каля дома. Ён з’явіўся на гары і мы спачатку падумалі, што гэта сабака. Але калі ён пачаў выць, то ўжо было зразумела, што гэта воўк. Тады ж пайшлі чуткі сярод мясцовых, што ў Пышках бегае воўк і ўзіраецца на мясцовае быдла, палохае людзей. Муж Браніслаў стаў сачыць за ім. А ў нас каля дома стаялі клеткі з трусамі і воўк прыходзіў, капаў пад іх. Адзін раз Браніслаў узяў стрэльбу і параніў ваўка, а старэйшы сын ломам дабіў яго. Так Усікі пазбавілі Пышкі ад ваўка, дзяржава за гэта выдала 300 рублёў. Быў 1956 год на двары і да нас нават журналісты прыйшлі, пісалі пра гэты выпадак».

«Мы – Усікі!»
З пачатку 1960-х гадоў Усікі пасяліліся ў доме на вуліцы Фестывальнай. Там жывуць і сёння. І вельмі ганарацца тым, што бераг Нёмана, дзе быў іх дом, захаваў назву, якаю атрымаў у народзе пасля вайны.
«Мы – Усікі! Жывем у Гродне ўсё жыццё і ганарымся тым, што пляж ўсё яшчэ называюць “Усікі” ў гонар нашай сям’і».

Да нядаўняга часу ў гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў была іншая версія ўзнікнення назвы пляжа “Усікі”. Гэта месца нібыта звалі так з-за падводных камянёў на Нёмане, якія ўтваралі на рацэ так званыя “вусікі”. Зараз ёсць яшчэ адна легенда пра гэтую назву.


