Дзяніс Васін — адзін з нямногіх, хто сёння ў Гродне робіць копіі сярэднявечных даспехаў. Ён хоча развіваць сваю справу — набраць вучняў і адкрыць на базе Дома культуры студыю гістарычных рамёстваў. Hrodna.life пабываў у майстэрні гродзенскага платнера і даведаўся колькі часу і сіл сыходзіць у рамесніка, каб узнавіць даўнія даспехі.
Платнер — чалавек, які ў сярэднявеччы вырабляў даспехі. Гэта рамяство зафіксавана ў актавых дакументах Вялікага Княства Літоўскага. Назва паходзіць ад даспеха «платнеры» (англ. Coat of plates, pair de plates). Гэты даспех выглядаў як нагруднік са скуры або дарагой тканіны з накляпанымі знутры сталёвымі пласцінамі.
З ралевікоў у рэканструктары
«Ідэя займацца платнерскім рамяством развівалася ў мяне павольна, але бесперапынна, — распавядае Дзяніс, вядомы ў колах рэканструктараў яшчэ як M.Kasmaty. — Пачынаючы з ранняга дзяцінства, пад уплывам вялікай бацькавай бібліятэкі, я вывучаў кнігі, даведнікі і каталогі па зброевай тэматыцы розных эпох».
У школьныя гады Дзяніс уступіў у ролевы, а потым у рэканструктарскіх рух. Патрэбныя былі зброя, касцюмы і тэматычны інвентар — так я ўцягнуўся ў гэтую справу. Першымі вырабамі былі кальчужныя элементы даспеха.
Даспехі рыцараў сярэднявечча ў выглядзе кальчугі былі самымі распаўсюджанымі: яны сталі шырока выкарыстоўвацца ўжо ў 12-м стагоддзі. Даспехі кольчатыя важылі адносна няшмат — 8−10 кг. Поўны камплект, уключаючы панчохі, шлем і пальчаткі, дасягаў вагі 20 кг. Галоўная перавага — яны не абмяжоўвалі рухі.
На адзін элемент — да некалькіх тыдняў
Сёння ў Дзяніса ўласная майстэрня ў гаражы дома. За яго плячыма некалькі дзясяткаў копій розных сярэднявечных даспехаў. Гэта не толькі кальчуга, але і цэлыя камплекты даспехаў розных эпох. Асноўныя заказчыкі - рэканструктары, фехтавальшчыкі, ралевікі, калекцыянеры, штосьці ён робіць для для экспазіцый. Частка экспанатаў знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Цэнтра рамёстваў на вуліцы Рэйманта.
«Сёння платнерам прасцей працаваць, чым у сярэднявеччы. Дзесьці яны выкарыстоўваюць і сучасныя інструменты, але гэта не значыць, што гэта палягчае працу, — кажа мужчына. — На прапрацоўку аднаго элемента можа сыходзіць да некалькіх тыдняў, а даспехі можна рабіць і па некалькі месяцаў. У Беларусі платнераў няшмат, большая частка ў Мінску. У Гродне гэтым займаюся я і яшчэ адзін мой калега».
Прыходзіцца эксперыментаваць
У Дзяніса кожны новы праект пачынаецца з вывучэння эпохі, музейных экспанатаў, фатаграфій і карцін. Свае даспехі Дзяніс вырабляе на аснове археалагічных крыніц, пераважна даследаваных ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Самастойна вывучае, вымярае, а потым выкоўвае.
«Самае складанае — знайсці адэкватнае апісанне музейнага артэфакта ці артыкул аб археалагічнай знаходцы. Ёсць цяжкасці з выкрайкамі і макетам будучага вырабу, улічваючы геаметрычныя параметры і прапорцыі крыніцы, па якой робіцца даспех. Яшчэ трапляюцца тэхнічныя задачы, якія былі ўвасоблены старажытнымі майстрамі, а потым гэтыя навыкі былі згублены. Таму часта даводзіцца эксперыментаваць».
Дзяніс любіць распавядаць пра шлем, які рэканструяваў з экспазіцыі Новага замка. Гэты экспанат у яго заўсёды на бачным месцы.«Арыгінальныя рэшткі шлема замяраў асабіста пры падтрымцы музейных супрацоўнікаў, — кажа рамеснік. — Такі элемент можна аднесці да так званых „шаломаў“ (разнавіднасць шлема), але ўнікальнасць яму надае тое, што ён быў знойдзены з іншым наўмысна сапсаваным узбраеннем, сярод якога была раменная спражка. Яе аналагі прасочваюцца ў пахаваннях прускіх плямёнаў у часы хрысціянізацыі гэтых зямель тэўтонскімі рыцарамі».
Можна меркаваць, што шлем, разам з астатнім рыштункам, быў наўмысна кінуты нейкім прускім ваяром, які быў саюзнікам крыжакоў падчас адной з аблог нашага горада ў пачатку 14 стагоддзя.
Зброя загінулага рыцара
Дзянісу найбольш цікавая рэканструкцыя XVI стагоддзя — эпохі бітвы пад Оршай. Гродзенец плануе рэканструяваць даспехі рыцара, якія захоўваюцца сёння ў музеі ў Магілёве. Гісторыкі мяркуюць, што яны належалі небагатаму воіну, які загінуў у бітве 4 лістапада 1502 года пры адступленні войскі ВКЛ.
«Гэтыя даспехі, знойдзеныя на дне ракі Віхры ў Мсціславе, унікальныя для Беларусі. Яны маюць сусветнае значэнне, — распавядае Дзяніс. — Ім нададзена найвышэйшая гісторыка-культурная каштоўнасць! Рыцара паднялі разам з даспехамі. Маё меркаванне: гэта 100% беларускі даспех, які падкрэслівае прыналежнасць да заходнееўрапейскай традыцыі. Рыцар быў абаронены па самых перадавых тэхналогіях свайго часу. Гэта тое, што я б хацеў рэканструяваць ў будучыні».
Дзяніс хоча развіваць платнерскае рамяство ў родным горадзе. У Цэнтры культуры зацікаўлены ў адкрыцці студыі гістарычных рамёстваў. Калі гэта будзе — пакуль невядома. Але платнер ужо гатовы праводзіць тэматычныя майстар-класы.