Гродзенскае піва было эталонным не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. У другой палове XIX стагоддзя ў Гродне пастаянна функцыянавала 6−7 бровараў. Але менавіта піўзавод на беразе Нёмана стаў самым буйным у Гродне і адным з першых заводаў поўнага цыкла ў Беларусі. Пра найстарейших уладальнікаў гродзенскага піўзавода расказала «Гродненская пивная лига».
Магчыма, самы стары ў Беларусі
Першапачаткова будынак будучага піўзавода быў палацам Сапегаў. У 1655 годзе ён ужо стаяў. Пасля яго выкупілі Агінскія і прыязджалі ў Гродна на сеймы. З пачатку 1860-х будынкам валодаў Ошар Вільнер. Ён і заснаваў тут бровар. 1863 год можа быць годам заснавання піваварнага завода. Да таго будынак былога палаца выкарыстоўваўся як складское памяшканне на беразе Нёмана.
У 1868 (1870) годзе ўладальнікам будынка стаў аўстрыйскі падданы, чэх Ёзэф Кунц (Johan Kunz, пасля прыняцця расійскага імператарскага грамадзянства — Восіп Кунц, 1831-.10.1907). Ён нарадзіўся ў Ракіцанах, у 15 кіламетрах ад горада Пльзень. Яго жонка — Францішка Кунц (1840−1903). У іх было мінімум пяцёра дзяцей: Ігнат (1867-.10.1911), Франс, Вацлаў, Францішак і Юлія. Піваварству Кунц навучыўся ў Празе. Паводле некаторых версій, Кунц пачаў варыць піва значна раней за 1877 год. Імаверна, у 1868 (1870) ён і запусціў у Гродне піваварны завод. У такім выпадку гродзенскі піўзавод — адно з самых старых, калі не самае старое ў Беларусі буйное прадпрыемства поўнага цыклу. А дата 1877, што красуецца на будынку і шырока растыражаваная ў прэсе, з’яўляецца датай адкрыцця соладавай вежы.
Еўралагер з Гродна
Добрае стаўленне да справы, прафесіяналізм робяць з Кунца не толькі аднаго з найлепшых півавараў свайго часу ў Беларусі, але і аднаго з самых паспяховых піваварных бізнесменаў.
Працэс браджэння піва адбываўся ў палацавых падвалах, пры досыць нізкіх тэмпературах. Захоўваўся напой у вялікіх дубовых бочках. Тады ў Гродне было яшчэ чатыры невялікія піваварныя заводы. На «Й. Кунц» працавала 18 чалавек, на іншых броварах — агулам 35 чалавек. Гэта рабіла завод Кунца найбуйнейшым у Гродне. На заводзе працаваў паравы рухавік магутнасцю 8 конскіх сілаў.
Рэч была ў «фішцы» таго часу — Кунц варыў «лагеры», выкарыстоўваючы нізавое браджэнне і пастэрызацыю. Па-сутнасці, гэта быў той самы еўралагер, якім бітком набітыя паліцы нашых крамаў, але тады ў Гродне амаль ніхто масава так не варыў. Рэцэпт вытворчасці быў прывезены з радзімы півавара — Чэхіі. Да таго ж, гэта была ўжо сапраўдная прамысловая вытворчасць, якая дазваляла яму атрымліваць досыць вялікі аб’ём без асаблівай страты якасці.
Ідэальны півавар
Восіп Кунц не баяўся канкурэнцыі, ужываў найноўшыя для таго часу метады вытворчасці піва і выступаў мецэнатам. За час кіравання заводам самім Ёзэфам не ўдалося выявіць скаргаў або негатыўных водгукаў пра піваварную вытворчасць. Са сваёй радзімы ён прывозіць рэцэпты і варыць «па-чэску». Магчыма, ён прывёз з сабой дрожджы. Акрамя таго, ва ўласнасці ў Кунца было два карчмы. Пра якасць піва кажа інфармацыя аб заваяваных медалях на фестывалях у Неапалі і Мадрыдзе.
Ёзэф займаўся таксама палітычнай і грамадскай дзейнасцю. У 1890 годзе ён быў кандыдатам у губернскую падатковую інспекцыю. У 1902 годзе згадваецца ў складзе Гродзенскай падатковай інспекцыі і як сябра праўлення добраахвотнай пажарнай дружыны ў Гродне. У 1906 Кунц, сябра гарадской рады, быў дэлегаваны ў раённую раду. Ёзэф Кунц быў бачным прадпрымальнікам і рэстаратарам свайго часу і відавочна меў у горадзе пэўную вагу. Пра гэта кажа і яго надмагільная пліта ў Гродне.
Сямейныя справы: завод у Сувалках і фабрыкі ў Беластоку
Хутчэй за ўсё Ёзэф Кунц заснаваў і піўзавод у горадзе Сувалкі. У 1888 годзе ён ужо пачынае функцыянаваць. Адказнасць за завод лягла на яго сына Вацлава. У 1900 Вацлаў годзе ажаніўся на заўважнай грамадскай дзяячцы Юліі. Юлія ўнесла вялікую ролю ў адукацыйнае і грамадскае жыццё Сувалак у пачатку XX ст.
З ліпеня 1900 года бровар даваў мясцовае піва пад назвай «Піўны і соладавенный завод «Вацлаў Кунц». Ён значыўся і адзіным уладальнікам завода, а таксама, па шматлікіх судовых дакументах, частковым уладальнікам некалькіх прадпрыемстваў. Вацлаў Кунц быў дастаткова забяспечаным чалавекам і адыграў асабліва важную ролю ў гісторыі піваварэння ў Сувалках.
Дзевятнаццацігадовая дачка Ёзэфа, Юлія, 21 лютага 1881 года ў Гродне выйшла замуж за вядомага фабрыканта — магната з Беластока Антонія Іпаліта Вячорку (1844−1906). Гэта быў другі шлюб магната. У ім нарадзілася пяць дзяцей. Брат Юліі Вацлаў актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці прадпрыемстваў Вячоркі пасля яго смерці. Ёсць згадкі, што Ёзэф Кунц 24 кастрычніка 1882 года стаў хросным бацькам у сваёй унучкі Стэфаніі. Дакументы супярэчлівыя, дзе-нідзе Вацлаў паказваецца як зяць Антонія.
Яшчэ адзін сын Кунца Францішак (1868−16.04.1937) быў касірам Гродзенскага магістрата, гаспадаром летняга клуба (1923 год), удзельнічаў у дзейнасці таварыства «Муза», камітэта рэстаўрацыі Фары Вітаўта (1922) і камітэта па барацьбе з дарагоўляй (1923). Пахаваны разам з бацькам і маці.
Закат піўной дынастыі
Ёзэф Кунц актыўна запрашаў сваіх дзяцей у броварнае рамяство. Асноўную стаўку на заводзе ў Гродне ён зрабіў на свайго сына Ігната (1867−19.10.1911). Як мінімум з 1897 года Ігнат з’яўляўся павераным бацькі па ўсіх справах бровара, а пасля смерці таты ў 1907 годзе ён робіцца паўнапраўным уладальнікам завода. Ён вёў справы са сваім братам Францам.
Перыяд з 1907 па 1911 быў азмрочаны скандалам на заводзе. Ён пацягнуў за сабой смерць Ігната і продаж завода. Сваё расследаванне гэтых падзей правёў гродзенскі гісторык Алесь Радзюк. У 1911 годзе чыноўнікі акцызнага ведамства актыўна зацікавіліся прадукцыяй бровара № 22. Іх падштурхнуў да гэтага падазроны «непрыемны смак» выпусканага піва. Следства выявіла, што з мэтай асабістага ўзбагачэння, з ведама Ігната Кунца, на заводзе дадавалі пры кожнай варцы каля 18 пудоў цукру ў сусла, што на выхадзе давала каля 400 дадатковых вёдраў канчатковага прадукту, або каля 208 рублёў у грашовым эквіваленце. У той жа час цукар псаваў густ канчатковага прадукту, які станавіўся «нясмачным, слабым і каламутным», таму «попыт на прадукцыю Кунца быў невялікі».
7 кастрычніка 1911 года, а 17: 45 на прадпрыемства № 22 прыйшла праверка. Для яе спатрэбілася каля тузіна чыноўнікаў розных ведамстваў. Праверка закранула як якасць выпусканага прадукту, так і бухгалтэрыю прадпрыемства. Падчас рэвізіі дакументаў у асабістым кабінеце, уладальнік раптам схапіў частку папер і кінуў іх у печ. Калі правяральнікі пачалі браць пробы маладога піва з брадзільнага чана, Ігнат убачыў гэта праз шкло і кінуўся ў свой кабінет. За ім паслалі чалавека, але безвынікова. Праз некалькі хвілін правяральнікам паведамілі, што «ўладальніку завода дрэнна, што ён ледзь жывы ляжыць у сябе ў кабінеце без абутку, а праз хвіліну стала зразумела, што Ігнат Кунц быў мёртвы». Пазнейшая разбіральніцтва паказала, што гэта было самагубства.
Рэабілітацыя завода
Завод выставілі на продаж у 1912 (?) годзе. Яго купіў Браніслаў Крэткоўскі за 76 тысяч рублёў, імаверна ў 1913 годзе. Некаторыя крыніцы называюць гродзенскі бровар у гэты перыяд «Browar O. Matwiejevicza Kunza Nastepcow», намякаючы на роднасныя сувязі паміж Крэткоўскім і Кунцам.
Крэткоўскі ў кароткі час здолеў выправіць рэпутацыю завода і выйсці на новы ўзровень, значна павялічыўшы аб’ём вытворчасці. Ужо ў 1914 годзе прадукцыя дасягала 315 тысяч вёдраў штогод — каля 6 мільёнаў бутэлек. Піва прадавалася не толькі ў горадзе і ваколіцах, але і па Расійскай імперыі.
Катлы з Першай сусветнай захоўваліся да апошняга
У гады Першай сусветнай вайны завод быў сур’ёзна пашкоджаны, а нямецкая адміністрацыя вывезла частку абсталявання ў Нямеччыну. Да канца вайны (1918) ён перайшоў у валоданьне да Юдэля Марголіса. Марголіс праславіўся некалькімі скандаламі (зрэшты, як і іншыя півавары таго часу), звязанымі з якасцю піва, і збанкрутаваў да пачатку 1930-х. у 1933 годзе завод выкупіла акцыянернае таварыства «Гарацый Гелер», якое паспяхова валодала ім да вайны 1939 года.
У 1939 годзе завод нацыяналізавалі і перайменавалі ў Гродзенскі дзяржаўны піваварны завод. Да апошняга масавага крадзяжу каляровых металаў на заводзе заставаліся паравыя катлы з мінаносца 1913 года, якія выкарыстоўваліся на вытворчасці.