Як раней каралі півавараў за дрэнную якасць піва? Якое стаўленне да напою маюць манахі? Як гродзенец дадумаўся да аднаго з найлепшых рэцэптаў піва ў свеце? Адказы на гэтыя пытанні можна было атрымаць на экскурсіі, якую арганізавала абласная бібліятэка да Міжнароднага дня піва, які адзначаюць 5 жніўня. Журналістка Hrodna.life пабывала на ёй і запісала самае цікавае з гісторыі піва.
Піва — падарунак багоў?
Аднымі з першых варыць піва сталі шумеры. Мяркуецца, што ў збан, дзе захоўвалася зерне, выпадкова трапіла вада. З часам запусціўся працэс браджэння. Атрыманы напой спадабаўся гаспадару і пасля прыжыўся сярод насельніцтва. Яго пачалі вырабляць самастойна і піць праз трубачку, каб не закранаць зерне. Гэта дзеянне было намалявана на таблічках шумераў, датаваных прыкладна 3100 г. да нашай эры.

Фільтрацыі ў тыя часы не існавала. Хмель у напой таксама не дадавалі. Смак піва быў далёкі ад сучаснага. Але напой лічыўся асаблівым і яго нават лічылі падарункам багоў. У Егіпце ў Неферціці быў свой бровар, а тым, хто будаваў піраміды, штодня выдавалі тры збаны піва, тры хлебы і па пучку цыбулі з часнаком.
Чытайце таксама: Ад шумераў і драўляных бочак да Носеля Пупко і Olvi: рэпартаж з «Музея Лідскага бровара»
Ліпкія ад піва штаны — знак якасці?
У IX стагоддзі людзі навучыліся дадаваць у напой хмель. Рэцэпты былі рознымі і піва выходзіла не заўсёды якасным. Таму людзі пачалі задумвацца над больш дакладным вызначэннем якасці напою.
Напрыклад, у 1511 годзе кожны півавар быў абавязаны са сваёй бочачкай піва прыйсці на праверку ў скураных штанах. Ён выліваў сваё піва на лаву і сядзеў на ёй гадзіну. Калі ў выніку півавар ўставаў разам з лаўкай, прыліплай да штаноў, то можна было лічыць напой удалым. Калі не, яго чакала пакаранне: штраф і забарона на выраб і продаж піва. Злосных парушальнікаў, якія ўсё роўна працягвалі варыць піва, маглі нават ўтапіць у ім!
Чытайце таксама: «Лагер» па чэшскіх рэцэптах, самагубства і 6 млн бутэлек. Чым праславіліся першыя ўладальнікі гродзенскага піўзавода
Часта для півавараў, якія не прайшлі праверку з дапамогай штаноў, выкарыстоўваліся публічныя пакаранні. Півавара прывязвалі да ганебнага слупа і піва вылівалі за каўнер. У Гродне такі слуп знаходзіўся на гарадскім рынку — сённяшняй Савецкай плошчы.
Манахі - найлепшыя півавары?
Аднымі з першых пачалі запісваць дакладныя рэцэпты вырабу піва манахі. Часам нават выкарыстоўвалі яго як антысептычны сродак. Выраб піва дапамагаў ім зарабляць грошы для манастыра.

Пазней нават склалася норма выпіўкі для кожнага манаха — ад 1 да 3 літраў у дзень. Перыяд, калі манахі злоўжывалі выпіўкай, дакладна адлюстраваў мастак Эдуард фон Грютцнер на сваіх карцінах.

Манастыры ў Гродне гэтак жа займаліся вырабам піва. Напрыклад, бровар баніфратараў знаходзіцца ў сённяшнім будынку пошты на Ажэшкі, 9.
Чытайце таксама: Ад аўгустынаў да назаратанак: гайд па каталіцкіх манаскіх ордэнах, якія мелі рэзідэнцыі ў Гродне
1 мая — не толькі Дзень працы, але і Дзень піва?
Першыя бровары ў Гродне з’явіліся каля Гараднічанкі ў XVI стагоддзі. Тады піва варылася ў асноўным у прыватных дамах проста ля вады. Прадавалі яго ў карчмах і шынках.

У XVIII стагоддзі ў Гродне было каля 180 піцейных устаноў. У асноўным гэта былі простыя аднапакаёвыя памяшканні для піцця піва. У XIX стагоддзі лік устаноў скарацілася.
Чытайце таксама: «Марцовае» піва, дубняк і старка. Якія алкагольныя напоі пілі беларусы 150 гадоў таму
У XX-м, пасля Другой сусветнай, Гродна на нейкі час пераключыўся на безалкагольны рэжым. У горадзе адкрылі 11 чайных, але папулярнасцю яны не карысталіся. Не дапамаглі нават 50 грам печыва, цукерак і хлеба, якія давалі бясплатна да гарбаты. Паступова чайныя ператварыліся ў звычайныя забягалаўкі.
Ужо ў 70-я гады XX ст. з’явілася традыцыя адкрываць піўныя на летні сезон. Гэта было немалаважная падзея для горада, дзе збіралася шмат людзей. Адбывалася гэта 1 мая ва ўрачыстай абстаноўцы. Бочкі піва са спецыяльным коркам прывозілі проста з завода. Той з натоўпу, хто першым выбіваў корак на просьбу прадаўца, атрымліваў бясплатны келіх піва.
У Гродне ў сённяшнім парку Жылібера было чатыры такія ўстановы. Адна з іх знаходзілася каля ўваходу ў парк ад варот з правага боку.
Падстаўка пад келіх — на самай справе вечка?
Нават цяпер у некаторых барах або броварах можна ўбачыць шафкі, у якіх схаваныя спецыяльныя кубкі для піва. Такія кубкі называюцца бірштайн. У іх ёсць сваё месца ў гісторыі піва.
Гісторыя гэтых кубкаў сыходзіць у познесярэдневечную Еўропу, дзе буяла чума. У пачатку кубкі зачынялі лямцавымі кружочкамі. З часам яны трансфармаваліся ў бірдэкелі - сёння іх выкарыстоўваюць як падстаўку пад куфлі. А ў якасці вечка ў тыя часы падстаўкі хутка змакалі. Трэба было знайсці тое, што можна мыць і што не дасць насякомым, якія разносілі чуму, садзіцца на кубкі.

Так прыдумалі механізм, які адным націскам вялікага пальца адкідвае крышку ўверх. Многія сталі купляць такія кубкі і насіць з сабой. Прыкладна да XVI стагоддзя такі кубак быў амаль у кожнага. Для больш шляхетных асоб насіць з сабой пастаянна такі кубак стала цяжка. Таму для іх і прыдумалі шафкі пад замкамі, у якіх яны маглі пакідаць свае піўныя кубкі.
Найлепшы гатунак піва прыдумаў гарадзенец?
Матвей Шафранскі нарадзіўся ў Гродне і жыў па вуліцы Замкавай у доме № 4. Пасля вучобы і жаніцьбы атрымаў магчымасць працаваць у Бельгіі. Брат ягонай жонкі быў цыстэрцыянскім манахам і дапамог яму ў гэтым. У манастыры патрэбен быў чалавек, сёння мы назвалі б яго тэхнолагам, для варэння піва паводле рэцэптаў манахаў.


Мацвей здолеў перапрацаваць адзін з трох рэцэптаў манахаў. Для гэтага выкарыстоўваліся спецыяльныя дрожджы, а сакрэт Мацвея вытворцы не выдаюць да гэтага часу. Вядома, што пры падрыхтоўцы дрожджы ў піва траплялі двойчы, другі раз іх кідалі проста ў бутэльку.
З часам манахі спынілі камерцыйную дзейнасць па продажы піва. Правы на выраб і продаж атрымаў мясцовы сыравар. Для працы з рэцэптамі туды адправіўся і Мацвей Шафранский.
Праз некаторы час правы на піва вярнуліся да манахаў. Зараз іх галоўны прынцып — варыць столькі, каб хапала на ўтрыманне манастыра і дабрачыннасць. Ні больш, ні менш.
Называецца знакамітае піва Trappist Westvleteren 12. Паводле ацэнак экспертаў і аматараў піва, гэты гатунак ўжо шмат гадоў лічыцца адным з найлепшых у свеце.
Цікавыя факты з гісторыі піва ў Гродне
- У савецкі час замест «нулявога кіламетра» на плошчы Леніна ў Гродне знаходзілася пітная, якую ў народзе называлі «тэлевізар». Гэта было невялікае аднапавярховае драўлянае кафэ. Назва, магчыма, звязана з крамай электратавараў, якая была на гэтым месцы да піўной.
- Піцейная «Аўтапаілка». У раёне кінатэатра «Чырвоная зорка», на рагу Ажэшкі і Сацыялістычнай, знаходзілася крама-аўтамат «Піва — сокі — воды». У народзе ён атрымаў назву «аўтапаілка». З дапамогай жэтонаў у аўтаматах можна было самастойна наліць сабе піва, сок або газіроўку.
- Былы градзенскі піваварны завод на беразе Нёмана быў адным з першых, дзе варылі піва пры нізкіх тэмпературах. Для патрэб піўзавода усяго было пабудавана пяць каменных і тры драўляныя будынкі. Сёння піўзавод чакае рэканструкцыі.
Чытайце таксама: На гродненском пивзаводе к 2024 году откроют мини-пивоварню, паб и музей (обновлено)