У першым для Гродна гарадскім выпускным узялі ўдзел каля 2,5 тысяч выпускнікоў. Для іх зладзілі сапраўднае свята з урачыстым шэсцем і канцэртам на Савецкай плошчы.
Гарадскі выпускны пачаўся на плошчы Леніна: там выпускнікі збіраліся пасля ўручэння дыпломаў у сваіх навучальных установах.





Пастроіўшыся па школах, урачыстым шэсцем яны прайшлі разам з настаўнікамі ад плошчы Леніна па вуліцы Савецкай да плошчы Савецкай. Следам ішлі бацькі. У шэсці ўдзельнічалі аркестр, вайскоўцы пранеслі па вуліцы вялікі афіцыйны сцяг Беларусі. У сувязі з выпускным перакрылі цэнтр горада і змянілі рух транспарту.





На Савецкай плошчы ўдзельнікаў чакалі святочныя аркі, канфеці, віншаванні, узнагароджанне і канцэрт. Узнагароды і падарункі за поспехі ў вучобе, спорце, творчай і грамадскай дзейнасці ўручаў асабіста кіраўнік горада Андрэй Хмель.





На выпускным канцэрце крыху больш за гадзіну адвялі на выступы беларускіх артыстаў, сярод якіх былі і хэдлайнеры канцэрта на Дзень Незалежнасці ў 2022 годзе Тэо і Вольга Рыжыкава. Частка выпускнікоў разам з артыстамі спявалі «Куда уходит детство» і іншыя традыцыйныя для такой падзеі песні. Каля сцэны танцавала хадулістка ў касцюме анёла.





Пасля на сцэну выйшлі выступоўцы з Расіі: 22-гадовы рэпер Фогель і гурт «Dabro». Выпускнікі падпявалі словы песняў на памяць, у час выступу Фогеля скандавалі яго імя і па ўзмаху рукі адначасова запалілі агеньчыкі.



Вечар завяршыўся салютам, пасля выпускнікі мусілі раз’ехацца па сваіх школах і гімназіях. Святкаваць выпускныя ў рэстаранах сёлета забаранілі: вясной пра гэта негатыўна выказаўся Лукашэнка. Продаж алкаголю ў дзень выпускнога быў забаронены.