Навошта перакладаць на беларускую даўно вядомыя па-руску замежныя творы? Калі твор робіцца «нічыйным» і ўжо не трэба плаціць, каб яго перакласці? Ці можна выжыць з працы перакладчыка? Заснавальнік выдавецтва «Янушкевіч» Андрэй Янушкевіч і перакладчык і выдавец Сяргей Шупа расказалі Hrodna.life, чым жыве сучасны рынак перакладаў на беларускую мову.
У інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі на беларускай мове з дастаўкай па ўсім свеце. Сярод іншага — пераклады вядомых замежных аўтараў. А ў афлайн-краме ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego, 4) кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.
Беларускі кніжны рынак незапоўнены: шмат што, нават з сусветнай класікі, не перакладзена на беларускую мову. Да таго ж ёсць безліч сучасных бестселераў, толькі на выданні якіх можна было б зрабіць сабе імя, лічыць адзін з беларускіх выдаўцоў за мяжой Андрэй Янушкевіч. Таму выбар, што перакладаць, даволі простая задача.
Вядома ж, грае ролю і суб’ектыўны выбар выдаўца, і тое, наколькі кніга чаканая і наколькі ўпішацца ў патрэбы чытацкай аўдыторыі.
Што выдаваць, вырашае не перакладчык. Нават калі ён прыносіць ідэю, выдавец спачатку ацэньвае свае магчымасці, наладжвае камунікацыю з праваўладальнікамі і заключае кантракт. На лісты перакладчыкаў праваўладальнікі могуць наогул не адказваць, а выдавецтву адказваюць ужо праз гадзіну.
Правы на твор належаць аўтару ці ягоным спадкаемцам і прыносяць прыбытак з новых выданняў. Ёсць выпадкі, калі яны самі займаюцца сваімі правамі, але гэта грувасткая праца з дакументамі, да таго ж гэта не лічыцца салідным. Часцей інтарэсы аўтара прадстаўляе пасярэднік — агент, агенцтва, выдавецтва. Яны маюць свой працэнт ад гэтай працы, прапаноўваюць купіць правы на пераклад і вырашаюць, каму іх прадаць. Калі ў рэзюмэ выдавецтва нобелеўскія лаўрэаты і вядомыя сучасныя аўтары, агенцтву зразумела, што выдавец не першы дзень на рынку і яму можна давяраць.
Выдавец складае праваўладальніку прапанову: які наклад хоча выдаць, колькі гатовы заплаціць. Ад накладу залежыць аванс за правы. Потым вызначаецца стаўка роялці - ганарар, які сплачваюць праваўладальніку раз на год у залежнасці ад колькасці прададзеных асобнікаў. Як правіла, цягам 5−6 гадоў пасля выплаты авансу выдавецтва мае права дадрукоўваць наклад.
Любы пераклад чакае рэдактура. З праваўладальнікам узгадняюцца выходныя звесткі, найчасцей — вокладка. Зазвычай пытанняў не ўзнікае. Але ў «Янушкевіча» быў выпадак, калі вокладку да кнігі «Пячора» нобелеўскага лаўрэата з Партугаліі Жазэ Сарамагі прыйшлося перамалёўваць тройчы. У некаторых выпадках і сам тэкст перакладу могуць накіраваць на экспертызу якасці, але звычайна ён не ўзгадняецца. Вокладку можна стварыць адмыслова, а можна перакупіць ужо гатовую для іншай мовы.
Інтэлектуальная ўласнасць належыць стваральніку цягам яго жыцця і цягам 70 год пасля яго смерці. Па гэтым тэрміне за выданне перакладу нікому плаціць не трэба, твор «вольны». Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая прытрымліваецца абмежавання ў 50 гадоў. Такі ж тэрмін дзейнічае ў краінах Азіі, Афрыкі. Так, з мінулага года на тэрыторыі Беларусі можна выдаваць на любых мовах Эрыха Марыю Рэмарка. А ў Еўропе ці нават у Расіі без пакупкі правоў яго творы выдаць нельга. Праўда, выдадзенага ў Беларусі Рэмарка вывезці і прадаваць за мяжой таксама нельга.
Пераклады за мяжой — вялікі бізнес. Для кожнага выдавецтва пасля продажу кніг другая крыніца даходаў - продаж правоў уласных аўтараў. Беларускія выдавецтвы ўключаныя ў гэты працэс, але на фоне іншых краін выглядаюць мізэрна, мяркуе Андрэй Янушкевіч.
Напрыклад, у Літве на літоўскай мове, носьбітаў якой утрая менш, чым беларускай, вельмі аператыўна выдаюцца бестселеры з розных краін свету, і ў сферы перакладаў зроблена не менш, чым у непрапарцыйна большай Расіі. Ёсць і датацыі з боку дзяржавы на навуковыя і іншыя выданні, не закліканыя да камерцыйнага поспеху. Але там створаны рынак і наладжаныя бізнес-працэсы, ёсць сур’ёзныя бізнес-гульцы.
Кніжны рынак у Беларусі манапалізаваны расійскімі выдавецтвамі і рускамоўнымі кнігамі. Можна лічыць дасягненнем, калі часам атрымліваецца выдаць пераклад патэнцыйнага бестсэлера на беларускую раней, чым ён выйдзе па-руску. Пасля нападу Расіі на Украіну сітуацыя змянілася ў тым, што Стывен Кінг, Джоан Роўлінг і іншыя вядомыя аўтары забаранілі выданне сваіх кніг у Расіі - але працягваюць ствараць новыя, якія можна перакладаць беларусам.
Сяргей Шупа займаецца перакладамі на беларускую больш за 40 гадоў і ведае ў рознай ступені пад два дзясяткі моў. Ён перакладаў тое, што захапляла самога, і тады, калі адчуваў, што твор можа мець чытацкі попыт. Як выдавец — заснавальнік выдавецтва беларускамоўных кніг «Вясна» (Vesna) у Чэхіі - ён адсочвае і фінансавую магчымасць выдаць пераклад. Еўрапейскія краіны маюць інстытуцыі, якія спрыяюць развіццю ўласнай культуры і спансуюць пераклады сваёй літаратуры на іншыя мовы.
Дзяржаўныя выдавецтвы ў Беларусі неахвотна займаюцца перакладной літаратурай.
«Нават у ліберальныя часы мы асабліва не бачылі выхаду кніг, прынамсі з еўрапейскіх моў, — кажа Андрэй Янушкевіч. — Кітайская, таджыкская… А моў, якія сапраўды вядуць рэй на сусветным рынку — нямецкай, англійскай, французскай — я не сустракаў. Яны нават не замаўляюць пераклады аўтараў, правы на якіх вольныя. Што перашкаджае „Мастацкай літаратуры“ выдаць Рэмарка?»
Таму сусветную літаратуру цалкам перанялі на сябе незалежныя выдавецтвы.
Паўнавартаснага рынку перакладной літаратуры ў Беларусі не было ніколі, лічыць Сяргей Шупа. «Калі заходзіш у любую дзяржаўную кнігарню — яна ўся завалена расійскім імпартам, плюс нейкі куточак больш ці менш рэпрэзентацыйны беларускай літаратуры. Абсалютна відаць, дзе чыё месца, чый рынак».
Нават у савецкі час беларускія аддзелы ў кнігарнях выглядалі больш аб’ёмна, чым зараз. Былі добрыя наклады, прыстойныя ганарары, а члены Саюза пісьменнікаў былі элітай. Але і тады пераклады на беларускую развіваліся слаба. Чытача цалкам задавальнялі расійскія версіі.
У канцы 1970-х стаў папулярны Караткевіч, і стаўленне да беларускай мовы пачало змяняцца. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» стала выпускаць серыю «Бібліятэка замежнай прозы» з перакладамі на беларускую.
Пераклады публікавалі ў альманаху «Далягляды». Ён выходзіў раз на год. Пры тым у суседняй Украіне аналагічны часопіс «Всесвіт» выходзіў раз на месяц, а пераклады моднай у свеце літаратуры там друкавалі нават раней, чым па-руску.
У 1980-я Сяргей Шупа з Лявонам Баршчэўскім стварылі клуб перакладчыкаў «Бабілён». Удзельнікі планавалі праграмы перакладаў сусветнай літаратуры на беларускую мову. Шукалі спецыялістаў у розных мовах, каб тыя да таго ж ведалі адну з моў народаў СССР.
«Расейцы зрабілі ўсё, каб так званыя мовы народаў СССР між сабой ніяк не кантактавалі. У Менску не было і не магло быць курсаў літоўскай, эстонскай, грузінскай», — кажа Сяргей.
У канцы 1980-х «Мастацкая літаратура» запланавала беларускамоўную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры» на 200 тамоў. Калі скончылася савецкая ўлада і разам з ёй дзяржаўная падтрымка, праект змарнеў. А ў час беларусізацыі да 1994 года папросту не было дастаткова перакладчыкаў, каб паспець гэта выдаць — выйшла каля 20 тамоў.
Ужо ў 1990-х гадоў пачалі ўзнікаць незалежныя выдавецтвы, рабілася больш падрыхтаваных перакладчыкаў. Выходзіў часопіс перакладной літаратуры «Крыніца».
У 2009 годзе з’явілася супольнасць маладых перакладчыкаў і анлайн-часопіс «Прайдзісвет». У 2016 годзе заснавалі штогадовую прэмію імя Карласа Шэрмана — за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову, выдадзены ўпершыню.
З савецкага часу статус беларускай мовы змяніўся. Яна стала мовай культуры і палітыкі. Стала больш беларускіх пісьменнікаў, месцаў, дзе ёсць беларускія кнігі, і зараз пераклады на нашу мову запатрабаваныя.
І логіка, што выдадзеныя па-руску кнігі на беларускай мове ўжо не патрэбныя, не працуе, канстатуе Янушкевіч.
«Калі чалавек не хоча асацыіраваць сябе з Расіяй, расійскай культурай, няхай нават ён гаворыць па-руску — яму трэба прапаноўваць узамен уласны прадукт. Кніга ў гэтым плане вельмі ўдзячная рэч. Нават калі кепска размаўляеш па-беларуску — ты сядаеш з кнігай сам-на-сам і занураешся ў мілагучную беларускую мову. У гэтым сакрэт кнігі для ўзмацнення нашай ідэнтычнасці».
Калі выйшла першая кніжка беларускага пераклада «Гары Потэра», па выданне стаялі чэргі. «Людзі, якія куплялі яго для сябе і сваіх дзяцей — яўна фанаты, і ўжо даўно гэта прачыталі, — зазначае Сяргей Шупа. — Тое, што яны адчулі, што важна прачытаць любімую кніжку ўжо па-беларуску, значыць, што ў гэтай справы ёсць патэнцыял».
Зараз хапае беларускіх выдавецтваў, створаных у эміграцыі. Янушкевіч перажыў гвалтоўнае закрыццё ўладамі выдавецтва ў Беларусі ў 2022 годзе і адкрыў яго наноў у Польшчы. У плане вядзення бізнесу і яго афармлення за мяжой складанасцяў не было.
«Самы важны чыннік, з якім трэба было разабрацца — гэта чытацкая аўдыторыя: ёсць яна ці няма. Я разумеў, што тут людзі сутыкаюцца з іншымі праблемамі, магчыма ім не да чытання. Але ўдзел у мерапрыемствах, кірмашах і выпуск некалькіх пробных кніг паказаў, што аўдыторыя сапраўды ёсць. Мы на пачатку зрабілі стаўку на польскі маркетплэйс Allegro, дзе ўсё наладжана — каб хутчэй усё запусціць, і не займацца бясконцай падрыхтоўкай свайго сайта».
У эміграцыі аказалася шмат беларусаў, якія прагнуць чытаць новыя кнігі. Таксама за мяжой няма дыктату рускай культуры і рускага інфармацыйнага поля. Унутры Беларусі бачна запатрабаванне беларускіх кніг, але зараз пра іх аптовыя пастаўкі з-за мяжы не можа ісці і гаворкі.
Камерцыйныя пераклады выходзяць. Але рэсурсаў таго ж «Янушкевіча» хапае на дзясятак перакладных выданняў за год.
«Што такое дзясятак на дзевяцімільённую Беларусь? Дзе ў людзей розныя густы, узрост, упадабанні розных жанраў. Іншыя выдавецтвы яшчэ зробяць пераклады, і колькі мы маем за год? 20−30 кніжак?» — абураецца Андрэй.
Перакладчыкаў на беларускую зараз няшмат, хоць і больш, чым было ў савецкі час. На перакладзе мастацкай літаратуры не заробіш: выдавецтвы самі па сабе, без датацый, не могуць забяспечыць належныя стаўкі, асабліва ў эміграцыі.
«У гэтую прафесію ідуць па прызванні, а не з мэтай зарабіць. Сапраўды стабільнай працы ніхто не можа даць, хоць ёсць шыкоўныя перакладчыкі, — прызнае Янушкевіч. — Бывае, мы не пачынаем займацца перакладам толькі таму, што чакаем, калі вызваліцца той ці іншы перакладчык».
Перакладчыкам даводзіцца камбінаваць гэтую працу з іншай. Цяжка выжыць за ганарары і перакладчыкам з іншых краін, хоць і плацяць там больш, прызнае Сяргей Шупа. Ад краіны да краіны сітуацыя розніцца: напрыклад, у Нямеччыне яна лепшая за чэшскую.
Колькасць перакладчыкаў уплывае на колькасць перакладаў, а яна, у сваю чаргу — на пашырэнне беларускай мовы. А гэта задача больш надзённая, чым стварэнне розных палітычных інстытутаў, упэўнены Андрэй Янушкевіч.
«Сфера культуры для ўмацавання нашых пазіцый можа даць нашмат больш, чым бясконцыя палітычныя дыскусіі. Кніга — маленькі, але вельмі эфектыўны мосцік, які можа ўтрымаць беларусаў пры беларускай справе. Культура — сфера, дзе мы маем свабоду дзеянняў. Палітыкі мусяць казаць прамыя рэчы, а творцы могуць выказаць тое самае іншасказаннямі, але гэты голас будзе ўспрыняты і пачуты грамадствам».
Тры выдадзеныя часткі «Гары Потэра» ад «Янушкевіча» разышліся агульным накладам у 15 тыс. асобнікаў. З чацвёртай выйшла неспадзяванка: агенцтва, якое кіруе правамі на твор, забараніла яе пераклад на беларускую праз суагрэсію Беларусі ў вайне з Украінай. Тлумачэнні, што выдавецтва зарэгістравана ў Польшчы і не мае дачынення да рэжыму, не спрацавалі. Звярнуцца ж наўпрост да Джоан Роўлінг выдавецтва не можа, бо так не прынята ў цывілізаваным свеце.
Сітуацыя сведчыць, што беларусы страчваюць уплывы і расчароўваюць як супольнасць, якая можа штосьці вырашаць, лічыць Андрэй Янушкевіч.
«Мы не ўплываем на падзеі ў Беларусі. Нават нашыя кнігі, якія мы выдаём тут, з вялікімі цяжкасцямі, у вельмі малых аб’ёмах даязджаюць да Беларусі. Цудоўна, што нашы кнігі тут, за мяжой, карыстаюцца папулярнасцю, але гэта адзін бок медалю. Другі - гэта сама Беларусь».
На сёння сітуацыя з «Гары Потэрам» — хутчэй выключэнне. Падобныя пытанні былі па іншых аўтарах, але выдавецтву ўдалося іх зняць — патлумачыць, як і дзеля чаго яно працуе. Але калі імідж Беларусі будуць надалей фарміраваць афіцыйныя ўлады пагрозамі ядзернай зброяй і нападамі мігрантаў, у грамадзянскай супольнасці не хопіць рэсурсаў яго перабіць, лічыць выдавец.
Кнігі беларускіх аўтараў і сусветныя бестсэлеры на беларускай мове можна купіць у выдавецтве «Янушкевіч». У яго інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі з дастаўкай па ўсім свеце. Таксама кнігі выдавецтва прадаюцца на польскім маркетплэйсе Allegro і на Amazon. А ў афлайн-краме ў Варшаве кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…