Навошта перакладаць на беларускую даўно вядомыя па-руску замежныя творы? Калі твор робіцца “нічыйным” і ўжо не трэба плаціць, каб яго перакласці? Ці можна выжыць з працы перакладчыка? Заснавальнік выдавецтва “Янушкевіч” Андрэй Янушкевіч і перакладчык і выдавец Сяргей Шупа расказалі Hrodna.life, чым жыве сучасны рынак перакладаў на беларускую мову.
У інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі на беларускай мове з дастаўкай па ўсім свеце. Сярод іншага – пераклады вядомых замежных аўтараў. А ў афлайн-краме ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego, 4) кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.
Выбар, што перакласці – простая задача
Беларускі кніжны рынак незапоўнены: шмат што, нават з сусветнай класікі, не перакладзена на беларускую мову. Да таго ж ёсць безліч сучасных бестселераў, толькі на выданні якіх можна было б зрабіць сабе імя, лічыць адзін з беларускіх выдаўцоў за мяжой Андрэй Янушкевіч. Таму выбар, што перакладаць, даволі простая задача.
Чатыры асноўныя крытэрыі Андрэя Янушкевіча пры выбары, што перакладаць на беларускую:
- Імя аўтара і статус кнігі. Як правіла, вядомыя ў свеце імёны вядомыя і беларусам, нават калі кніга ніколі не выходзіла на нашай мове;
- Водгукі крытыкаў, экспертаў, аглядальнікаў – наколькі кніга іх зачапіла або не;
- Прэміі і ўзнагароды, якія яна атрымала;
- Інфармацыя ад літаратурных агенцтваў ці іншых выдавецтваў, наколькі інтэнсіўна купляюць правы на пераклад. Калі яны ўжо купленыя для дзясятка еўрапейскіх моў – гэта аргумент, каб кніга з’явілася і па-беларуску.
Вядома ж, грае ролю і суб’ектыўны выбар выдаўца, і тое, наколькі кніга чаканая і наколькі ўпішацца ў патрэбы чытацкай аўдыторыі.

Правы, агенты, роялці: як уладкавана “кухня” перакладаў
Што выдаваць, вырашае не перакладчык. Нават калі ён прыносіць ідэю, выдавец спачатку ацэньвае свае магчымасці, наладжвае камунікацыю з праваўладальнікамі і заключае кантракт. На лісты перакладчыкаў праваўладальнікі могуць наогул не адказваць, а выдавецтву адказваюць ужо праз гадзіну.
Правы на твор належаць аўтару ці ягоным спадкаемцам і прыносяць прыбытак з новых выданняў. Ёсць выпадкі, калі яны самі займаюцца сваімі правамі, але гэта грувасткая праца з дакументамі, да таго ж гэта не лічыцца салідным. Часцей інтарэсы аўтара прадстаўляе пасярэднік – агент, агенцтва, выдавецтва. Яны маюць свой працэнт ад гэтай працы, прапаноўваюць купіць правы на пераклад і вырашаюць, каму іх прадаць. Калі ў рэзюмэ выдавецтва нобелеўскія лаўрэаты і вядомыя сучасныя аўтары, агенцтву зразумела, што выдавец не першы дзень на рынку і яму можна давяраць.
Выдавец складае праваўладальніку прапанову: які наклад хоча выдаць, колькі гатовы заплаціць. Ад накладу залежыць аванс за правы. Потым вызначаецца стаўка роялці – ганарар, які сплачваюць праваўладальніку раз на год у залежнасці ад колькасці прададзеных асобнікаў. Як правіла, цягам 5-6 гадоў пасля выплаты авансу выдавецтва мае права дадрукоўваць наклад.

Любы пераклад чакае рэдактура. З праваўладальнікам узгадняюцца выходныя звесткі, найчасцей – вокладка. Зазвычай пытанняў не ўзнікае. Але ў “Янушкевіча” быў выпадак, калі вокладку да кнігі “Пячора” нобелеўскага лаўрэата з Партугаліі Жазэ Сарамагі прыйшлося перамалёўваць тройчы. У некаторых выпадках і сам тэкст перакладу могуць накіраваць на экспертызу якасці, але звычайна ён не ўзгадняецца. Вокладку можна стварыць адмыслова, а можна перакупіць ужо гатовую для іншай мовы.
За мяжой – вялікі бізнес. А ў нас?
Інтэлектуальная ўласнасць належыць стваральніку цягам яго жыцця і цягам 70 год пасля яго смерці. Па гэтым тэрміне за выданне перакладу нікому плаціць не трэба, твор “вольны”. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая прытрымліваецца абмежавання ў 50 гадоў. Такі ж тэрмін дзейнічае ў краінах Азіі, Афрыкі. Так, з мінулага года на тэрыторыі Беларусі можна выдаваць на любых мовах Эрыха Марыю Рэмарка. А ў Еўропе ці нават у Расіі без пакупкі правоў яго творы выдаць нельга. Праўда, выдадзенага ў Беларусі Рэмарка вывезці і прадаваць за мяжой таксама нельга.

Пераклады за мяжой – вялікі бізнес. Для кожнага выдавецтва пасля продажу кніг другая крыніца даходаў – продаж правоў уласных аўтараў. Беларускія выдавецтвы ўключаныя ў гэты працэс, але на фоне іншых краін выглядаюць мізэрна, мяркуе Андрэй Янушкевіч.
Напрыклад, у Літве на літоўскай мове, носьбітаў якой утрая менш, чым беларускай, вельмі аператыўна выдаюцца бестселеры з розных краін свету, і ў сферы перакладаў зроблена не менш, чым у непрапарцыйна большай Расіі. Ёсць і датацыі з боку дзяржавы на навуковыя і іншыя выданні, не закліканыя да камерцыйнага поспеху. Але там створаны рынак і наладжаныя бізнес-працэсы, ёсць сур’ёзныя бізнес-гульцы.
Перакласці раней за рускіх – дасягненне
Кніжны рынак у Беларусі манапалізаваны расійскімі выдавецтвамі і рускамоўнымі кнігамі. Можна лічыць дасягненнем, калі часам атрымліваецца выдаць пераклад патэнцыйнага бестсэлера на беларускую раней, чым ён выйдзе па-руску. Пасля нападу Расіі на Украіну сітуацыя змянілася ў тым, што Стывен Кінг, Джоан Роўлінг і іншыя вядомыя аўтары забаранілі выданне сваіх кніг у Расіі – але працягваюць ствараць новыя, якія можна перакладаць беларусам.

Сяргей Шупа займаецца перакладамі на беларускую больш за 40 гадоў і ведае ў рознай ступені пад два дзясяткі моў. Ён перакладаў тое, што захапляла самога, і тады, калі адчуваў, што твор можа мець чытацкі попыт. Як выдавец – заснавальнік выдавецтва беларускамоўных кніг “Вясна” (Vesna) у Чэхіі – ён адсочвае і фінансавую магчымасць выдаць пераклад. Еўрапейскія краіны маюць інстытуцыі, якія спрыяюць развіццю ўласнай культуры і спансуюць пераклады сваёй літаратуры на іншыя мовы.
Перакладамі сусветнай літаратуры цалкам заняліся прыватнікі
Дзяржаўныя выдавецтвы ў Беларусі неахвотна займаюцца перакладной літаратурай.
“Нават у ліберальныя часы мы асабліва не бачылі выхаду кніг, прынамсі з еўрапейскіх моў, – кажа Андрэй Янушкевіч. – Кітайская, таджыкская… А моў, якія сапраўды вядуць рэй на сусветным рынку – нямецкай, англійскай, французскай – я не сустракаў. Яны нават не замаўляюць пераклады аўтараў, правы на якіх вольныя. Што перашкаджае “Мастацкай літаратуры” выдаць Рэмарка?”
Таму сусветную літаратуру цалкам перанялі на сябе незалежныя выдавецтвы.
Рынак перакладаў у Беларусі – а ці існаваў ён калі-небудзь наогул?
Паўнавартаснага рынку перакладной літаратуры ў Беларусі не было ніколі, лічыць Сяргей Шупа. “Калі заходзіш у любую дзяржаўную кнігарню – яна ўся завалена расійскім імпартам, плюс нейкі куточак больш ці менш рэпрэзентацыйны беларускай літаратуры. Абсалютна відаць, дзе чыё месца, чый рынак”.
Нават у савецкі час беларускія аддзелы ў кнігарнях выглядалі больш аб’ёмна, чым зараз. Былі добрыя наклады, прыстойныя ганарары, а члены Саюза пісьменнікаў былі элітай. Але і тады пераклады на беларускую развіваліся слаба. Чытача цалкам задавальнялі расійскія версіі.

У канцы 1970-х стаў папулярны Караткевіч, і стаўленне да беларускай мовы пачало змяняцца. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” стала выпускаць серыю “Бібліятэка замежнай прозы” з перакладамі на беларускую.
Пераклады публікавалі ў альманаху “Далягляды”. Ён выходзіў раз на год. Пры тым у суседняй Украіне аналагічны часопіс “Всесвіт” выходзіў раз на месяц, а пераклады моднай у свеце літаратуры там друкавалі нават раней, чым па-руску.
Ад “Бабілёна” да “Прайдзісвета”: найноўшая гісторыя перакладаў
У 1980-я Сяргей Шупа з Лявонам Баршчэўскім стварылі клуб перакладчыкаў “Бабілён”. Удзельнікі планавалі праграмы перакладаў сусветнай літаратуры на беларускую мову. Шукалі спецыялістаў у розных мовах, каб тыя да таго ж ведалі адну з моў народаў СССР.
“Расейцы зрабілі ўсё, каб так званыя мовы народаў СССР між сабой ніяк не кантактавалі. У Менску не было і не магло быць курсаў літоўскай, эстонскай, грузінскай”, – кажа Сяргей.
У канцы 1980-х “Мастацкая літаратура” запланавала беларускамоўную серыю “Скарбы сусветнай літаратуры” на 200 тамоў. Калі скончылася савецкая ўлада і разам з ёй дзяржаўная падтрымка, праект змарнеў. А ў час беларусізацыі да 1994 года папросту не было дастаткова перакладчыкаў, каб паспець гэта выдаць – выйшла каля 20 тамоў.
Ужо ў 1990-х гадоў пачалі ўзнікаць незалежныя выдавецтвы, рабілася больш падрыхтаваных перакладчыкаў. Выходзіў часопіс перакладной літаратуры “Крыніца”.
У 2009 годзе з’явілася супольнасць маладых перакладчыкаў і анлайн-часопіс “Прайдзісвет”. У 2016 годзе заснавалі штогадовую прэмію імя Карласа Шэрмана – за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову, выдадзены ўпершыню.
Важна прачытаць любімую кнігу па-беларуску
З савецкага часу статус беларускай мовы змяніўся. Яна стала мовай культуры і палітыкі. Стала больш беларускіх пісьменнікаў, месцаў, дзе ёсць беларускія кнігі, і зараз пераклады на нашу мову запатрабаваныя.
І логіка, што выдадзеныя па-руску кнігі на беларускай мове ўжо не патрэбныя, не працуе, канстатуе Янушкевіч.
“Калі чалавек не хоча асацыіраваць сябе з Расіяй, расійскай культурай, няхай нават ён гаворыць па-руску – яму трэба прапаноўваць узамен уласны прадукт. Кніга ў гэтым плане вельмі ўдзячная рэч. Нават калі кепска размаўляеш па-беларуску – ты сядаеш з кнігай сам-на-сам і занураешся ў мілагучную беларускую мову. У гэтым сакрэт кнігі для ўзмацнення нашай ідэнтычнасці”.

Калі выйшла першая кніжка беларускага пераклада “Гары Потэра”, па выданне стаялі чэргі. “Людзі, якія куплялі яго для сябе і сваіх дзяцей – яўна фанаты, і ўжо даўно гэта прачыталі, – зазначае Сяргей Шупа. – Тое, што яны адчулі, што важна прачытаць любімую кніжку ўжо па-беларуску, значыць, што ў гэтай справы ёсць патэнцыял”.
Беларускае кнігавыданне ў эміграцыі: ёсць чытачы і няма дыктату рускай культуры
Зараз хапае беларускіх выдавецтваў, створаных у эміграцыі. Янушкевіч перажыў гвалтоўнае закрыццё ўладамі выдавецтва ў Беларусі ў 2022 годзе і адкрыў яго наноў у Польшчы. У плане вядзення бізнесу і яго афармлення за мяжой складанасцяў не было.
“Самы важны чыннік, з якім трэба было разабрацца – гэта чытацкая аўдыторыя: ёсць яна ці няма. Я разумеў, што тут людзі сутыкаюцца з іншымі праблемамі, магчыма ім не да чытання. Але ўдзел у мерапрыемствах, кірмашах і выпуск некалькіх пробных кніг паказаў, што аўдыторыя сапраўды ёсць. Мы на пачатку зрабілі стаўку на польскі маркетплэйс Allegro, дзе ўсё наладжана – каб хутчэй усё запусціць, і не займацца бясконцай падрыхтоўкай свайго сайта”.

У эміграцыі аказалася шмат беларусаў, якія прагнуць чытаць новыя кнігі. Таксама за мяжой няма дыктату рускай культуры і рускага інфармацыйнага поля. Унутры Беларусі бачна запатрабаванне беларускіх кніг, але зараз пра іх аптовыя пастаўкі з-за мяжы не можа ісці і гаворкі.
Два дзясяткі кніг на дзевяцімільённую краіну
Камерцыйныя пераклады выходзяць. Але рэсурсаў таго ж “Янушкевіча” хапае на дзясятак перакладных выданняў за год.
“Што такое дзясятак на дзевяцімільённую Беларусь? Дзе ў людзей розныя густы, узрост, упадабанні розных жанраў. Іншыя выдавецтвы яшчэ зробяць пераклады, і колькі мы маем за год? 20-30 кніжак?” – абураецца Андрэй.
Перакладчыкаў на беларускую зараз няшмат, хоць і больш, чым было ў савецкі час. На перакладзе мастацкай літаратуры не заробіш: выдавецтвы самі па сабе, без датацый, не могуць забяспечыць належныя стаўкі, асабліва ў эміграцыі.

“У гэтую прафесію ідуць па прызванні, а не з мэтай зарабіць. Сапраўды стабільнай працы ніхто не можа даць, хоць ёсць шыкоўныя перакладчыкі, – прызнае Янушкевіч. – Бывае, мы не пачынаем займацца перакладам толькі таму, што чакаем, калі вызваліцца той ці іншы перакладчык”.
Перакладчыкам даводзіцца камбінаваць гэтую працу з іншай. Цяжка выжыць за ганарары і перакладчыкам з іншых краін, хоць і плацяць там больш, прызнае Сяргей Шупа. Ад краіны да краіны сітуацыя розніцца: напрыклад, у Нямеччыне яна лепшая за чэшскую.
Колькасць перакладчыкаў уплывае на колькасць перакладаў, а яна, у сваю чаргу – на пашырэнне беларускай мовы. А гэта задача больш надзённая, чым стварэнне розных палітычных інстытутаў, упэўнены Андрэй Янушкевіч.
“Сфера культуры для ўмацавання нашых пазіцый можа даць нашмат больш, чым бясконцыя палітычныя дыскусіі. Кніга – маленькі, але вельмі эфектыўны мосцік, які можа ўтрымаць беларусаў пры беларускай справе. Культура – сфера, дзе мы маем свабоду дзеянняў. Палітыкі мусяць казаць прамыя рэчы, а творцы могуць выказаць тое самае іншасказаннямі, але гэты голас будзе ўспрыняты і пачуты грамадствам”.
Будучыня беларускіх перакладаў і праблема Потэра
Тры выдадзеныя часткі “Гары Потэра” ад “Янушкевіча” разышліся агульным накладам у 15 тыс. асобнікаў. З чацвёртай выйшла неспадзяванка: агенцтва, якое кіруе правамі на твор, забараніла яе пераклад на беларускую праз суагрэсію Беларусі ў вайне з Украінай. Тлумачэнні, што выдавецтва зарэгістравана ў Польшчы і не мае дачынення да рэжыму, не спрацавалі. Звярнуцца ж наўпрост да Джоан Роўлінг выдавецтва не можа, бо так не прынята ў цывілізаваным свеце.
Сітуацыя сведчыць, што беларусы страчваюць уплывы і расчароўваюць як супольнасць, якая можа штосьці вырашаць, лічыць Андрэй Янушкевіч.
“Мы не ўплываем на падзеі ў Беларусі. Нават нашыя кнігі, якія мы выдаём тут, з вялікімі цяжкасцямі, у вельмі малых аб’ёмах даязджаюць да Беларусі. Цудоўна, што нашы кнігі тут, за мяжой, карыстаюцца папулярнасцю, але гэта адзін бок медалю. Другі – гэта сама Беларусь”.
На сёння сітуацыя з “Гары Потэрам” – хутчэй выключэнне. Падобныя пытанні былі па іншых аўтарах, але выдавецтву ўдалося іх зняць – патлумачыць, як і дзеля чаго яно працуе. Але калі імідж Беларусі будуць надалей фарміраваць афіцыйныя ўлады пагрозамі ядзернай зброяй і нападамі мігрантаў, у грамадзянскай супольнасці не хопіць рэсурсаў яго перабіць, лічыць выдавец.
Кнігі беларускіх аўтараў і сусветныя бестсэлеры на беларускай мове можна купіць у выдавецтве «Янушкевіч». У яго інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі з дастаўкай па ўсім свеце. Таксама кнігі выдавецтва прадаюцца на польскім маркетплэйсе Allegro і на Amazon. А ў афлайн-краме ў Варшаве кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.



