У нядзелю 25 снежня дзіцячы хоспіс прымаў незвычайных гасцей-валанцёраў. Самадзейныя мастакі, навучэнцы мастацкай студыі Кацярыны Забелінай, наведаліся сюды, каб зрабіць снежна-навагодні роспіс на шкляной сцяне. Напэўна, першы сёлетні снег пайшоў адмыслова, каб ім пазіраваць.
“Мяне запрасілі распісаць шкло ў навагоднім стылі, – расказвае кіраўнічка студыі Кацярына Забеліна. – Але я падумала, што будзе класна зрабіць гэта разам са сваімі навучэнцамі. Праз гэта студыйцы змогуць яшчэ больш пасябраваць, аб’яднацца і падзяліцца сваім талентам з іншымі. Тут вялікі масштаб працы і разам мы зможам зрабіць больш крута, чым я б змагла адна”.
Раніцай у нядзелю ў дзіцячы хоспіс прыйшлі каля 20 ахвотных распісаць вокны раней, чым гэта зробіць мароз.

“Малышы намалявалі снегавічкоў і падарункі. Там, куды дзецям было не дацягнуцца, дарослыя намалявалі дрэвы і птушак. – расказвае Кацярына. – Цікава аказалася паспрабаваць маляваць на шкле ў розных тэхніках. Рабінкі малявалі ватнымі палачкамі, а снег – паралонавымі тампонамі. Атрымаўся такі незвычайны мікс. Спадзяюся, што дзецям з хоспіса спадабаюцца нашы малюнкі. Уяўляю, як яны прыйдуць пасля выходных, пабачаць нашу творчасць. Хочацца, каб у іх падняўся настрой і жыццё заіграла новымі фарбамі. Дзеля гэтага мы стараліся”.

Сафія Пазняк і Аня Мурэня займаюцца жывапісам трохі больш за год. Раней іх працы бачылі толькі сябры і бацькі. Гэты навагодні роспіс – першая праца дзяўчынак, якую пабачаць па-за вузкім колам блізкіх. Праз тое дзяўчаты трохі хвалююцца. Але спадзяюцца, што іх праца прынясе радасць дзецям з хоспіса. “Мы малявалі разам і гэта нас аб’яднала. Захацелася часцей так збірацца і працаваць. Тым больш, для арганізацый, што дапамагаць іншым”.

Дзяўчаты намалявалі навагоднюю ялінку і снегавіка, падобнага да “зімовага коціка ці казачнага снежнага барса”. Аня мяркуе, што гэта незвычайная істота прынясе з сабой шмат падарункаў і снегу. А пакуль можна глядзець вонкі праз роспіс на шкле і чакаць сапраўдную зіму.
Марына Маркава кажа, што амаль адмовілася ад прапановы памаляваць у выходны. Тым больш, што заўтра ў яе дзень народзінаў і трэба рыхтавацца да свята. А потым – не змагла ўстрымацца.
“Рэдка ёсць такая нагода, калі можна падарыць іншым радасць і самой атрымаць задавальненне. Гэта самае галоўнае, дзеля чаго мы збіраемся. Паглядзіце, з якім настроем усе малююць! А заўтра прыдуць другія і таксама парадуюцца”.

Лена Шылко кажа, што карыстаецца любой магчымасцю памаляваць і падзяліцца радасным чаканнем навагодніх цудаў. “Глядзіце, нават снег пайшоў! Нібы ведаў, што мы будзем зіму маляваць. Усё сышлося!”













