Мастацкія пленэры ў Салацці, ці «вёсцы мастакоў» на Гарадзеншчыне праходзяць штогод ад 2015. Сёлетні пленэр праходзіў з 6 па 11 жніўня і стаў адметным праз «чыста жаночую» кампанію ўдзельніц. Ідэя правесці першы ў Беларусі пленэр для жанчын належыць гродзенкай мастачцы Ніне Чураба.
Цэлы тыдзень дзевяць мастачак з Гродна, Мінска і Брэста тварылі на сядзібе на «Тры бабры». Выставу прац, што нарадзіліся пад час пленэру, гродзенцы змогуць неўзабаве пабачыць у галерэі «У майстра».
«Мы сабраліся, каб маляваць»
«На мінулых пленэрах былі «хлапечнікі», таму вырашыла сабраць «дзявочнік», — жартуе куратарка імпрэзы, Ніна Чураба. — Са словаў удзельніц мерапрыемства, гэта першы жаночы пленэр ў Беларусі, а можа і ў Еўропе. Раней многія з іх ўдзельнічалі ў іншых пленэрах дома і за мяжой, але такога фармату не сустракалі.
«Жаночая атмасфера радасці і шчасця адрозніваецца…»
«Стараемся не замінаць адна адной. Толькі калі нехта папросіць: „падыдзі, паглядзі“, тады можам нешта абмяркоўвацца. А так — тут вельмі тактоўныя людзі сабраліся, з вельмі тонкім адчуваннем бліжняга».
— Калі мы збіраемся разам пасля працы, то гэта бясконцае вяселле і жарты.
— А смех! Які ў дзяўчат розны смех! Так і хочацца запісаць на мабільны і забраць з сабою.
Мастачкі не лічаць, што зараз ёсць прыцясненне жанчын у мастацтве. Маўляў, калі маеш што сказаць, то знойдзеш і магчымасць. З іншага боку, прызнаюць — жанчынам рэалізаваць сябе больш складана. Большасць з іх дзеліць свой час паміж працай і сям’ёй. Можа таму і час пленэру яны выкарыстоўвалі вельмі пладатворна.
Праз тое, што кожнае ведае, чаго каштуе парадак, утульнасць ці смачная ежа, мастачкі не скупяцца на падзякі гаспадару сядзібы, Юрыю Рэмшы. «Ён нам шыкоўныя ўмовы стварае. Штодня прыносіць свежыя ружы, арганізуе канцэрты, запрашае па вечарах суседзяў-мастакоў. А якія смакоткі нам тут гатуюць, аб’ядзенне!»
«Ну, як я паставіўся, калі даведаўся, што на пленэр прыедуць толькі жанчыны? Сказаў - клас! Думаеце, яны капрызныя? І я так думаў. А насамрэч — зусім не. Якія капрызы, яны слова такога не ведаюць. Працуюць цэлымі днямі. Для іх жа галоўнае натхненне, настрой».
Плён тыдня працы мастачкі прадставілі напрыканцы тыдня на вернісажы ў Салацці. Пазней выстава пройдзе і ў Гродне, у галерэі «У майстра».