Карыснае

Першае падарожжа немаўляці. Як з грудным дзіцём удала адпачыць на моры

Гродзенка Эмілія з’ездзіла ў адпачынак на выспу Крыт з дзіцём, якому няма яшчэ і году. Спецыяльна для Hrodna.life яна расказала, як падрыхтавацца, каб падарожжа прынесла радасць і бацькам, і малому.

Першыя кроплі салёнай вады брызнулі на маленькія ножкі і ручкі немаўляці. Дзяўчынка насцярожылася, а потым радасна засмяялася і ножкай стукнула па вадзе — знаёмства дзевяцімесячнай дачушкі з морам адбылося радасна і лёгка!

Сама я, да слова, першы раз патрапіла на мора толькі ў 19 гадоў. То няхай нашыя дзеці будуць лепшымі, спрытнейшымі за нас і пачнуць бачыць зямныя прыгажосці раней. І не трэба адразу замахвацца каменнем у бацькоў, якія адпраўляюцца ў падарожжы з грудным дзіцём — маўляў, такое малое і ўжо ў самалёт! Калі з розумам падыйсці да справы, падрыхтавацца, прадумаць дэталі і быць заўсёды ўважлівымі, то адпачынак пройдзе «на ура» — і для бацькоў, і, галоўнае, для малечы.

Візы і абследванні

Перад тым, як прыняць дакладнае і канчатковае рашэнне паляцець адпачываць з нашай дзевяцімесячнай дачкой, мы перачыталі безліч артыкулаў, рэкамендацый, схадзілі на прыём да педыятра. Аргументаў «супраць» не знайшлі, загаддзя зрабілі пашпарт (бясплатна і тэрмінам на 5 год), медыцынскую страхоўку (без якой, дарэчы, візу дзіцяці не выдадуць) і адправіліся ў першае для нашай малечы далёкае падарожжа.

Кропка на мапе

Крыт мы выбралі з нагоды мяккага клімату для дзіцяці і абяцаных велічных краявідаў ды магчымасці падарожнічаць па выспе арэндаваным аўтамабілем для сябе. Нас зацікавіў горад Агіос-Накалащсе, у якім знаходзіцца возера Вулізмені.

Падымацца да пячоры трэба спачатку ўгору па скалістай дарозе, таму дзіця зручней пасадзіць у кенгуру
Паводле легенды, возера не мае дна і злучана з вулканам на востраве Сантарыні. Зараз прыемна ўспамінаць, як звілістымі дарогамі з відам на скалістыя горы мы даехалі да Дыктыйскай пячоры, у якой, як расказваюць міфы, нарадзіўся Зеўс.
Непасрэдна ў пячоры на малечу лепш апрануць кофту — тэмпература там значна ніжэйшая, чым на паверхні

Замова тура — лепш выбраць «пагарачэй»

Калі канчатковы пункт падарожжа — неблізкая краіна, якая вабіць гарачым сонцам ды цёплым морам, то найпрасцей набыць тур і паляцець самалётам. Аднак акурат у час запланаванага адпачынку ў дзіцяці могуць рэзацца зубкі, балець жывоцік і яшчэ знайсціся дзясятак прычын, праз якія немаўля будзе неспакойнае і капрызнае. Гэтыя моманты не прадказаць, таму свой тур мы набылі не задоўга да адпачынку, а непасрэдна перад ім. Так падвышаецца верагоднасць злавіць «гарачыя» пуцёўкі, і зніжаецца верагоднасць згубіць немалую суму ў выпадку, калі набылі тур загаддзя, а скарыстаць яго не змаглі, бо дзіця, напрыклад, захварэла.

Як збірацца ў палёт

Пералёт не рэкамендаваны дзеткам да месяца. Для тых, якія ўжо ўмеюць сядзець, можна ўзяць каляску-«тросць». Так зручна вазіць дзіця ў аэрапорце, а на борт самалёта яна пройдзе бясплатна. У самім жа самалёце месца для малечы не прадугледжана — увесь пералёт яно будзе ў вас на руках.

Так, тры гадзіны ў самалёце было не вельмі зручна, але пацярпець можна
Каб у немаўляці не ўзнікала моцнага дыскамфорту ад таго, што закладвае вушы, пры ўзлёце, наборы вышыні і пасадцы можна прапанаваць яму папіць вады, або падсілкавацца сумессю ці грудным малаком, у залежнасці ад таго, чым корміце. Або проста даць пустышку — глытанне і смактанне значна аблегчаць стан.

Калі ж у дзіцяці закладзены нос, ёсць насмарк, то лепш скарыстацца сасудазвужальнымі кроплямі. З сабой на борт трэба ўзяць падгузкі, пялёнку і лёгкую коўдрачку. Нашы пералёты выпалі на ноч, таму дзіця падчас рэгістрацыі і пералёту спакойна спала, час ад часу прачынаючыся падсілкавацца. Прачнулася ўжо перад пасадкай і з цікаўнасцю стала пазіраць у ілюмінатар.

Ідэальнае жытло — найбліжэй да мора

Гатэль лепш абраць, улічваючы яго адлегласць да мора. Ідэальна — з першай берагавой лініі, таму што спёкай нават 500 метраў прайсці з дзіцём да пляжа не так лёгка. Мы абралі гатэль сямейнага тыпу з вялікай зялёнай тэрыторыяй, каб заўсёды было дзе схавацца ад сонца.

У сямейных гатэлях, як правіла, створана больш умоў для камфортнага адпачынку з дзецьмі любых узростаў
У нашым гатэлі, як і ў большасці установаў такога тыпу, было ўсё, што патрэбна — бясплатна даставілі ў нумар дзіцячы ложак, былі крэслы для кармлення, дзіцячыя басейны, адмысловыя пакоі для гульняў. Каляску далі пад задатак у 20 еўра.

Дзіцячыя прысмакі

Харчаванне дзіцяці ў дарожных умовах і падчас адпачынку цяжкасцяў таксама не выклікае. Карміць немаўля найпрасцей грудным малаком — гэта магчыма дзе і калі заўгодна.

Мы з сабой узялі каля 20 розных слоікаў з дзіцячымі мяснымі і рыбнымі пюрэ. Садавіну ж драбнілі з дапамогай блэндара, які быў у рэстаране гатэля. Свой жа блэндар, дарэчы, мы цягнулі марна — толькі заняў месца ў валізцы
Калі кармленне не грудное, то гарачую ваду, каб зрабіць малочную сумесь, кашу або падагрэць пюрэ, можна папрасіць у кавярнях аэрапорта альбо на борце самалёта пасля ўзлёту.

Каб сонца не было зашмат

Сонцаахоўныя сродкі - важная дэталь адпачынку дарослага, а для дзіцяці - проста неабходная ўмова. Сонечныя промні хоць і пойдуць на карысць (памятаем, што гэта і крыніца вітаміну D, і прафілактыка рахіту), але могуць і нашкодзіць. Скура дзіцяці вельмі пяшчотная і асабліва мае патрэбу ў ахове ад агрэсіўнага ўльтрафіялетавага выпраменьвання, бо яшчэ не здольная вырабляць пігмент меланін. Таму перад паездкай мы ўважліва выбралі адмысловы дзіцячы крэм з неабходнай ступенню аховы і пазнакай «ад нараджэння». А лепш увогуле пазбягаць адкрытага сонца, аддаючы перавагу ценю. Калі мы ўсё ж выходзілі пад промні, то дзіця апраналі ў легкае адзенне з натуральных матэрыялаў, якое закрывала ручкі і ножкі, а галоўку закрывалі панамкай з шырокімі палямі.

Асабліва актыўныя сонечныя промні ад 11 да 17 гадзін, таму гэты час мы па чарзе з мужам бавілі ў прахалодзе гатэля, на лужку ў ценю або ў адмысловым дзіцячым пакоі. У іншы час маглі спакойна пакласці малечу на шэзлонг каля сябе у ценю дрэваў, дзе яна салодка спала. Пасля купання ў моры дзіця абавязкова абмывалі чыстай вадой, каб змыць соль і рэшткі сонцаахоўнага крэма.

Дарожная аптэчка

Медыкаменты — яшчэ адна важная рэч, пра якую неабходна падумаць. Мець з сабой патрэбныя лекі пад рукой значна прасцей, чым шукаць іх на месцы адпачынку. На выпадак, калі ў дзіцяці з’явіцца тэмпература (а прычынай можа быць што заўгодна: перагрэў, кішэчныя інфекцыі, алергія і г. д.) мы ўзялі гарачкапаніжальны сродак. Падстрахаваліся, узяўшы з сабой лекі для страўніка, сродак ад сонечных апёкаў, сасудазвужальныя кроплі ў нос, зялёнку, пластыр. Калі ў дачкі злёгку пачырванелі ручкі, то памазалі іх лісцем алое, які рос акурат пад нашым нумарам. На шчасце, больш нічога з тых лекаў, якімі мы запасліся, не спатрэбілася. Але разуменне, што ўсё неабходнае пад рукой, значна супакайвала.

Адкрыйце свет сваім малечам

Не трэба думаць, што падарожжы з маленькімі дзецьмі - нешта нездзяйсняльнае. Гэта, безумоўна, не простае рашэнне і адказнасць для бацькоў. Слова «адказнасць» тут увогуле ключавое. Ніхто не ведае вашае дзіця лепш за вас і не можа прадказаць яго паводзіны ў дарозе. Аднак жа — якое шчасце праз падарожжы адкрываць свет свайму дзіцяці!

Нашая дачушка, нібы русалка, была ў захапленні ад плюскання ў моры і басейне, гульняў з іншымі маленькімі дзецьмі, і асабліва ад стасункаў з мясцовымі жыхарамі. Грэкі ўмеюць забавіць немаўля, як быццам ведаюць яго ад нараджэння, і ставяцца да чужых дзяцей з такой пяшчотай і радасцю, як да сваіх.
Падарожжаў блізкіх — да бабуль і дзядуль, ды падарожжаў далекіх — да мора самалётам. Апошняе ўдала здзяйсняецца шматлікімі сем’ямі, якія дадому вяртаюцца з моцнымі станоўчымі эмоцыямі і шчаслівым маленькім чалавечкам, які толькі-толькі пачаў спазнаваць гэты свет.

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024