З дыстанцыйным навучаннем у Мінадукацыі так і не склалася. На хатнім навучанні школьнікаў пагражаюць не атэставаць. Каб сумясціць вучобу васьмікласніка Міхаіла і трэцякласніцы Радаславы з бяспекай падчас эпідэміі, сям'і Вялічкаў давялося шукаць нестандартныя рашэнні. Яны часова самаізалявалася ў вёсцы, а дзеці змянілі гарадскую школу на сельскую. Там у класах не больш за 10 чалавек і дэзінфектары ля кожных дзвярэй.
«Тут усе ўсіх ведаюць па імёнах»
У школе ёсць усе класы, ад першага да адзінаццатага. У кожным па 6 — 8 вучняў. Усяго ў школе вучыцца каля 90 чалавек.
«Тут усе дзеці ведаюць адзін аднаго па імёнах, — распавядае Вольга Вялічка. — Такое мікраасяроддзе стварае атмасферу ўзаемадапамогі. Традыцыі школы і патрабаванні настаўнікаў вядомыя кожнаму з першага класа».
Чытайце таксама: Дзеці і дэдлайны Волі Вялічкі. Сям’я кіраўнічкі дзіцячага хоспіса пра жыццё мамы-дырэктаркі
Па словах Вольгі, школа здзівіла сваёй атмасферай. «У фае стаяць тэнісныя сталы з мячамі і ракеткамі, ніхто іх не забірае. Ёсць шахматны стол, дзеці самі арганізуюць чаргу, каму з кім гуляць. На перапынках ніхто не носіцца, няма штурханіны».
Дзяцей захапіў давер
Адным з сюрпрызаў сельскай школы сталі падручнікі з дыскамі. Імі карыстаюцца падчас вучобы.
Чытайце таксама: Перейти на «дистанционку» можно за день? Разбираемся, как дела с дистанционным образованием в Беларуси
«Пасля такой навіны я зразумела, як мала ведала пра школьнае навучанне. Нашы дзеці не разумеюць, навошта зараз, калі ёсць інтэрнэт, карыстацца дыскамі. Але іх захапіла сама наяўнасць дыскаў у падручніках. Яны ўспрынялі гэта як давер да вучняў, ім вельмі спадабалася.
Пакуль «трасянка — наша всё»
Да пераезду ў вёску дзеці сям'і Вялічкаў практычна 24/7 жылі ў рускамоўным асяроддзі. Сельская школа, дзе яны вучацца цяпер — беларускамоўная.
«Такая магчымасць камунікацыі стала для іх вялікім адкрыццём. Дзеці запамінаюць новыя словы, вывучаюць новую для іх культуру зносін».
Дарослыя таксама ацанілі змены:
«Для нашай сям'і, дзе родная мова — каштоўнасць у жыцці, гэта неацэнны бонус. Тут усё прадметы выкладаюць па-беларуску, уся выхаваўчая праграма, усе стэнды, аб’явы на беларускай мове. Усё ў школе спрыяе засваенню роднай мовы і беларускай культуры».
Нават у малых — асобныя распранальні
Усе класы, уключаючы пачатковыя, перад урокамі фізкультуры пераапранаюцца ў асобных раздзявалках. «Гэта асабліва важна для 3−4 класаў, калі змены фізіялогіі становяцца прыкметнымі. Паасобныя распранальні ствараюць камфорт і для дзяўчынак, і для хлопчыкаў. Гэта зніжае лішнюю дапытлівасць, якая ў пачатковай школе павінна мінімізавацца».
Ёсць туалетная папера і мыла. Эпідэмія ні пры чым
«Ніколі не магла б падумаць, што дзеці так ўзрадуюцца туалетнай паперы і мылу ў школе, — кажа Вольга. — Наогул, працэс апрацоўкі рук для ўсіх, хто прыходзіць у школу, быў арганізаваны і раней, задоўга да складанасцяў з эпідсітуацыяй». Увайшоў у школу — адразу вымый рукі. Зараз школьнае правіла прыйшлося як раз дарэчы.
Дзецям падабаецца ежа
Па словах Вольгі, дзеці кожны дзень нахвальваюць школьнае меню. Суп, гарнір, мяса або рыбу, салату, садавіна і кампот.
Дзяцей у школе няшмат, ежа заўсёды свежая. Падыход да харчавання практычна індывідуальны. «За тыдзень дзеці дадалі кілаграм-другі», — адзначае Вольга.
Дарэчы, харчаванне для вучняў сельскай школы цалкам бясплатнае.
Няма пабораў і 100% паступаюць у ВНУ
Бацькі таксама ацанілі тэхнічную аснашчанасць школы. Яна інфарматызавана не горш за гарадскую. У бацькоў ёсць доступ да электронных дзённікаў сваіх школьнікаў. А вось чаго зусім няма ў сельскай школе, так гэта звыклых для гараджан «бацькоўскіх збораў».
«Харчаванне бясплатнае, факультатывы бясплатныя, настаўнікі зацікаўлены ў выніках, самі прызначаюць дзецям дадатковыя заняткі. І гэта таксама — бясплатна», — пералічвае Вольга.
Але больш за ўсё здзівіла бацькоў іншае. Тут няма ні аднаго вучня са статусам «СОП» (сацыяльна небяспечнае становішча), а па выніках апошняга навучальнага года 100% выпускнікоў паступілі ў ВНУ на бюджэтную форму навучання.
«Нам будзе цяжка вярнуцца ў гарадское асяроддзе»
Падводзячы вынікі, Вольга прызнае — вярнуцца да гарадскога школьнага асяроддзя будзе цяжка. «Вельмі хочацца, каб усе дзеці ў школе адчувалі прафесіяналізм настаўнікаў і павагу да сябе. Хаця б у такіх простых рэчах, як наяўнасць туалетнай паперы і мыла. Хочацца каб у гродзенскіх школах „паказальных выступленняў“ стала менш, рэальных спраў - больш».