Барацьба з нелегальным гандлем ля Скідзельскага рынку ідзе шмат гадоў. Гандлююць там звычайна пенсіянеры: гароднічай, хатнімі прадуктамі ці рознай драбязой. У апошнія два месяцы кантроль на рынку сур’ёзна ўзмацніўся: з’явіліся патрулі міліцыі, пры набліжэнні якіх пенсіянеры хутка сыходзяць. Што прымушае сталых гродзенцаў займацца экстрэмальным гандлем і чаму службы не даюць ім зарабляць на жыццё, даведваўся Hrodna.life.
Гандаль з зямлі на Скідзельскім рынку квітнее з канца 1990-х. Тавар тут раскладваюць не на прылаўкі, а на кардонкі альбо цырату — так хутка можна сабрацца і сысці. Некаторыя трымаюць тавар у руках. Гандлярам звычайна за 60 гадоў - гэта мясцовыя пенсіянеры.
Гандляры ведаюць, што незаконны гандаль караецца папярэджаннем або штрафам ад пяці да пяцідзесяці базавых. Але ўсё роўна выходзяць на рынак.
Ветэран труда Валянціна Пятроўна марыць з’ездзіць на мора і адпачыць, але пенсія ў 230 рублёў не дазваляе гэта зрабіць. Яе не хапае нават на жыццё, і жанчына вымушана выходзіць на гандаль, каб пракарміць і забяспечыць лекамі сябе і мужа-інваліда.
«Мы будавалі ў Гродне заводы і фабрыкі, а атрымалі ў выніку мізэрныя пенсіі. Хай кіраўніцтва горада зверне на нас увагу і дасць нармальныя пенсіі. Сёння грошай не хапае ні на што, а нас так зневажаюць. Самі спарадзілі гэтую галечу і цяпер няхай нас не чапаюць. У свой час мы хадзілі і да Дубко, і да Арцыменi, але такога прыніжэння як цяпер у нас ніколі не было. Міліцыю паставілі кантраляваць… Сорамна. Калі атрымаем пенсіі ў 300 долараў, тады выходзіць не будзем».
Пенсіянераў, якія гандлююць гароднінай і прадуктамі, гарадскія службы прынамсі на нейкі час змаглі прыбраць з вулiц Антонава i Палiграфiстаў. Але тыя, хто гандлюе рэчамі, сыходзіць з рынку не збіраюцца. Паўлу Андрэевічу 70 гадоў, некалі ён гандляваў легальна, пасля яму забаранілі гэта рабіць.
«Я плаціў падатак. Пасля мае акуляры прызналі медыцынскімі і забаранілі гандляваць імі на рынку. Нельга так з людзьмі, няхай яны зарабляюць свае капейкі. Усюды за мяжой можна, а вось у Гродне забараняюць. Ходзіць пастаянна камісія, якая паўтарае, што разгоніць нас. Ды не разгоняць яны ўсіх: як прыходзілі людзі, так і будуць прыходзіць. Жыццё складаная штука — любы з чыноўнікаў можа апынуцца хутка на нашым месцы».
Спецыяльная рабочая група па навядзенні парадку на вуліцах Антонава і Паліграфістаў, у якую ўваходзяць супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі Кастрычніцкага раёна, падатковай інспекцыі і УЖРЭП, пастаянна знаходзіцца на рынку і вядзе барацьбу з нелегальным гандлем. Часцяком з гандлярамі ідзе тлумачальная гутарка і папярэджанне, у крайніх выпадках даюць штраф і канфіскоўваюць тавар.
Пенсіянер Уладзімір Уладзіміравіч, напэўна, адзін з самых старых гандляроў на рынку. Яму ўжо 91 год. Такіх нахабных адносін, якія ёсць сёння, ён да сябе цярпець не збіраецца.
«Я каля 20 гадоў выходжу на гандаль. Жыццё прымушае, на адну пенсію выжыць не магу. Хай прыходзяць дзяржаўныя журналісты і даведаюцца, чым мы жывем, а то толькі могуць пісаць, што забаронена так гандляваць. Іншы раз нават рубля не можам зарабіць. А ганяюць свае ж людзі, вельмі сорамна. У акупацыю нават такога не было».
Гарадскія ўлады актыўна выступаюць супраць нелегальнага гандлю і прымаюць розныя меры каб навесці парадак на рынках горада. Напрыклад, пенсіянерам з гароднінай прапануюць пераходзіць на міні-рынак на Антонава, дзе дазволена гандляваць бясплатна. А вось гандлярам з рознымі рэчамі патрэбныя дакументы на тавар. У пенсіянераў іх няма.
Hrodna.life не ўдалося аператыўна атрымаць каментарый у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна: там нам прапанавалі прыйсці на сустрэчу праз некалькі дзён ды перанакіроўвалі ад аднаго чыноўніка да іншага.
Алене Аляксееўне 81 год, у Гродне яна жыве з 2014 года. Прыехала з Данецкай вобласці - вырашыла пераехаць да дачкі ў Беларусі, калі ва Украіне пачалася вайна. Атрымлівае мізэрную пенсію 220 грыўняў. Часта прыходзіць на рынак гандляваць калготкамі і шкарпэткамі.
«Ва Украіне страціла сына і мужа, заставацца там не магла, вось і вырашыла пераехаць у Беларусь. Прыходзіцца тут выжываць, а дадому не бачу сэнсу вяртацца, хоць там і кватэра. Вайна.
У Гродне жыву на пенсію, але яна маленькая, вось я прыходжу сюды каб зарабіць на лекі. Ганяюць нас, асабліва калі прыязджае капітан мiлiцыi. Мы ўцякаем як нейкае быдла. Месяц таму я так уцякала ад гэтага капітана, што пашкодзіла нагу. Уся ў сіняках да гэтага часу. Пакуль магу хадзіць, то буду прыходзіць і гандляваць, бо выбару ў мяне няма".
Нягледзячы на «зачыстку», пенсіянеры кожны дзень прыходзяць на рынак у надзеі хоць нешта прадаць. Дома ім рабіць няма чаго. Яны далей будуць змагацца за месца на рынку.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…