У апошнія дні кастрычніка многія ў Беларусі раптам даведаліся пра існаванне ПЭН-цэнтра. Нагодай стала сур’ёзнае сутыкненне перакананняў сярод яго чальцоў - беларускіх літаратараў. У выніку ўсё вылілася ў скандал з выключэннямі і дэманстратыўнымі выхадамі з арганізацыі.
Што такое ПЭН-цэнтр і што ў ім адбываецца, мы паспрабавалі разабрацца з другім намеснікам старшыні ПЭН-цэнтра, паэтам Андрэем Хадановічам падчас яго візіта ў Гродна з прэзентацыяй сваёй новай кнігі.
Што такое ПЭН
ПЭН — абрэвіятура (P.E.N.) і тонкая гульня слоў (pen (англ.) — асадка) адначасова. Абрэвіятура ПЭН складаецца з першых літар словаў Паэты (Poets), Эсэісты (Essayists) і Навелісты (Novelists). Менавіта гэтыя творцы складаюць супольнасць ПЭНу. У свеце гэта аб’яднанне існуе амаль сто год. У 1921 г., з ініцыятывы Джона Галсуорсі, Франсуа Марыяка і некаторых іншых лідараў літаратуры паўстаў міжнародны, сусветны ПЭН-клуб. Новапаўсталыя ПЭНы, як беларускі, якому «ўсяго» некалькі дзесяцігоддзяў (з 1989 г.), называюцца ўжо не ПЭН-клубамі, а ПЭН-цэнтрамі.
Беларускі ПЭН — адначасова беларуская грамадская арганізацыя і філія сусветнага ПЭН-клубу.
Сябры беларускага ПЭНу падзяляюць прынцыпы і каштоўнасці Хартыі Міжнароднага ПЭНа. Зараз Беларускі ПЭН-цэнтр з’яўляецца заснавальнікам (ці сузаснавальнікам) 10 прэмій у галіне літаратуры, сярод якіх Прэмія Гедройца, Прэмія «Дэбют», Кніга году, Прэмія Цёткі за дзіцячую літаратуру, Прэмія Арсенневай для паэтаў, Прэмія Шэрмана для перакладчыкаў, Прэмія Аляхновіча для літаратараў у зняволенні. Першым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтра быў Рыгор Барадулін, другім — Васіль Быкаў. Цяпер кіраўнічкай арганізацыі абралі беларускую нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. У сакавіку 2019 года ў Гродне прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», які з’яўляецца адным з праектаў беларускага ПЭНа.
Чым ПЭН адрозніваецца ад абодвух Саюзаў пісьменнікаў
Як і саюзы пісьменнікаў, ПЭН яднае прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Але ад самога пачатку ПЭН паўстаў як арганізацыя, якая бароніць правы пісьменнікаў і іх вартасці.
Паводле статута, ПЭН:
- бароніць свабоду слова,
- бароніць мір ад пагрозы войнаў і супрацьстаянняў,
- бароніць мову канструктыву і ўзаемаразумення перад эскалацыяй мовы нянавісці,
- выступае супраць маніпуляцый.
Такім чынам, ПЭН знаходзіцца паміж пісьменніцтвам і абаронай пісьменніцкіх правоў. Як патлумачыў Андрэй Хадановіч, ПЭН адпачатку быў у нечым элітарнай пісьменніцкай арганізацыяй, якая не гоніцца за колькасцю і да кожнага кандыдата падыходзіць персанальна: які ён аўтар, ці мае свае кнігі. Кожны сябар ПЭНа мусіць спачатку мець пэўную пісьменніцкую рэпутацыю, а потым у яго ўваходзіць.
Даведка. Зараз у Беларусі існуе два аб’яднанні: прадзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі і незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Навошта Беларусі ПЭН, а ПЭНу — Беларусь
«Свабода слова — галоўная каштоўнасць. Але слова, якое сее варажнечу і нянавісць, не ёсць свабодным словам і каштоўнасцю, якую трэба бараніць».
«У Беларусі шмат чаго змянілася ў апошнія гады, — лічыць Андрэй Хадановіч. — Мне суб’ектыўна адчуваецца, што мы жывём як на вулкане: у непасрэднай блізкасці з вайной — нашыя суседзі-ўкраінцы падвергліся не названай па імені вайне і агрэсіі; наш усходні сусед выклікае ўсё больш страху сваім імперыялізмам. Праз гэта ў тым ліку ў многіх беларусаў здаюць нервы: нашыя размовы робяцца ўсё менш карэктнымі і ўсё больш эмацыйна афарбаванымі. Мы баімся страціць такую вялізную каштоўнасць, як незалежнасць краіны.
Грамадская думка палярызуецца. Гэтага не было раней, у 90-я, калі прагрэсіўныя сілы, якія часам характарызавалі як апазіцыю, разумелі, што ёсць агульныя задачы і агульнае поле дзейнасці: непрыманне злоўжыванняў улады, маргіналізацыі беларускай мовы".
Праблемы ПЭНа
«Гэтыя праблемы не зніклі, але на іх наслойваюцца новыя выклікі, — працягвае паэт. — Правыя і левыя сілы ўсё больш узаемна дыстансуюцца і, на жаль, перайшлі межы канструктыўнай дыскусіі. Спецыфічна беларуская сітуацыя — калі літаратары хапаюцца за палітыку і, наадварот, палітыкі ідуць у літаратуру для прапаганды сваіх ідэй.
Літаратурай займацца бяспечней за ўсё: маўляў, я не прапаведнік, я раман напісаў.
Такіх прыкладаў не адзін. Сярод іх можна прыгадаць і Уладзіміра Някляева, які, будучы бліскучым паэтам, рэалізаваў вельмі паспяховы палітычны праект, у харызматычнасці на галаву апярэдзіўшы іншых палітыкаў. Але някляевых адзінкі.
Натхняцца ў сваёй літаратурнай творчасці можна любымі каштоўнасцямі. Вельмі люблю найлепшыя ўзоры хрысціянскай паэзіі і прозы, люблю ксяндза і вельмі сур’ёзнага паэта Яна Твардоўскага, якога перакладалі на беларускую Данута Бічэль і Хрысціна Лялько.
Але тут ёсць і небяспека апусціцца да ідэалагічнай заангажаванасці, і, як на мяне, небяспека маніпуляцыі. Хоць у Беларусі ўсё яшчэ больш складана. Маргіналізацыя нашай мовы аўтаматычна прымушае носьбітаў беларушчыны бараніцца, і баронячыся, яны часам дыскрымінуюць носьбітаў іншых моваў".
Павал Севярынец у ПЭНе і па-за ім
«Павал* - яскравая неардынарная асоба, пра якую немагчыма сказаць адной формулай, — тлумачыць Андрэй. — Ён унутрана супярэчлівы, і такое ж супярэчлівае стаўленне да яго маіх калегаў. Безумоўна, мы спачуваем Паўлу ў ягоным палітычным змаганні, мы падтрымліваем Паўла, калі яго дыскрымінуюць і пераследуюць. Прымалі ў ПЭН яго, калі ён знаходзіўся ў зняволенні, і гэта быў знак падтрымкі ад ПЭНа — палітвязня, пісьменніка Паўла Севярынца.
Разам з тым, Павал — чалавек рэлігійных, як на мяне, вельмі выразна права-кансерватыўных перакананняў. Ёсць свабода ствараць, як хочаш, рэалізоўваць свае праекты, не парушаючы свабоды іншых людзей. Калі ж Павал пачынае агрэсіўна казаць іншым пісьменнікам і іншым асобам, як яны не павінны сябе паводзіць — гэта трывожны званочак: «асцярожна, магчыма дыскрымінацыя і мова варожасці».Частка статутнай дзейнасці ПЭНа — быць супраць любой хлусні і дыскрымінацыі. Павал — вельмі эмацыйны чалавек з харошымі рытарычнымі здольнасцямі, дазваляе сабе змешваць факты. Магчыма, ён сам верыць у тое, што кажа і піша, але праверкі на сапраўднасць гэта не вытрымлівае.
Напрыклад, у сваім публічным лісце Павал абвінаваціў ПЭН у правядзенні акцый у падтрымку ЛГБТ. Арганізацыя гэтым не займалася. Але пакуль ЛГБТ-супольнасць у Беларусі дыскрымінуецца, і ёсць пагроза свабодзе і жыццю, мы будзем пільна сачыць за сітуацыяй. У ПЭНе — людзі вельмі розных пазіцый, хтосьці належыць да ЛГБТ-супольнасці, хтосьці ставіцца да гэтага абыякава, хтосьці - няўхвальна. Але Павал дазволіў сабе «наезды» на Алену Казлову (псеўданім Анка Упала), бо яму не спадабаўся надпіс на ейнай майцы".
Што датычыць прымання або непрымання ў арганізацыю пісьменнікаў-хрысціян, то, па словах Андрэя Хадановіча, ПЭН да тых многіх кандыдатаў, якіх рэкамендаваў Севярынец, падыходзіў асобна.
«Гісторык Унучак быў прыняты, бо двое з сябраў журы ведаюць яго творчасць, і рэшта сяброў, хоць пакуль не чыталі, прыслухаліся да меркавання сваіх калег. Калі адзін чалавек ці некалькі, да прыкладу, ведалі творчасць, але сумняваліся, як ацэньваць, Рада адклала большасць такіх спраў, каб дэтальней азнаёміцца з публікацыямі. Масавых прыёмаў па 7−8 чалавек быць не можа, гэта не камандны спорт, кожны ацэньваецца як асоба, а не як прадстаўнік чагосьці. Дарэчы, колькі сябраў Рады — хрысціяне, практыкуючыя вернікі».
Ці ўнікальная сітуацыя беларускага ПЭНа
«У глыбокім крызісе знаходзіцца расійскі ПЭН, які раскалоўся, з якога вылучылася некалькі рэгіянальных, больш дэмакратычных. Найперш гэта звязана з канфармізмам у расійскім ПЭНе, сітуацыя іншая. Усе сілы, якія спрачаюцца ўнутры беларускага ПЭНа, аднолькава нонканфармісцкія, але па-рознаму бачаць сваю ідэальную Беларусь. Польскі ПЭН разам з прадстаўнікамі ПЭНаў краін-суседзяў разглядалі выклікі вайны ва Украіне: небяспеку прапаганды, фанатызму, любой ідэалогіі. Зараз яму вельмі няпроста з рэзкім „паправеннем“ у Польшчы, ён адсочвае парушэнні права на свабоду слова, якія з’яўляюцца».
Сход ПЭНа і Алексіевіч
Сходы ПЭНа адбываюцца раз на два гады. На чарговым сходзе 26 кастрычніка меркавалі вырашыць шэраг юрыдычных праблем, скарэктаваць Статут, які не змяняўся з часоў стварэння арганізацыі, прыняць новых сябраў, абраць новага старшыню. Пасля аднаўлення Паўла Севярынца ў ПЭНе некаторыя з сябраў пагражалі сысці з арганізацыі, бо многія не зразумелі фармулёўкі пытання для галасавання, а кворум быў вельмі тонкі. Больш за дзесяць чалавек пакінулі памяшканне, нехта парваў картку дэлегата сходу. Сход быў пад пагрозай зрыву. Ужо пасля гэтага адбываліся выбары старшыні ПЭНа, якім стала Святлана Алексіевіч.
«Я займеў дадатковую павагу да людзей, якія агульную справу паставілі вышэй за сваю абразу, нервы і індывідуальныя погляды», — кажа Андрэй.«Святлана Алексіевіч наведала сход як шараговы сябра ПЭНа. Вельмі ўдзячны, што спадарыня Святлана ў складанай сітуацыі пагадзілася ўзначаліць арганізацыю. Паводле статута, старшыні належыць хутчэй сімвалічная роля, першаму ж намесніку, цяпер гэта Таццяна Нядбай, — менеджарская, больш працоўная, так было з часоў старшынь Быкава і Барадуліна».
«З пункту гледжання мовы нянавісці абодва палюсы вартыя адно аднога. Людзі самых сімпатычных мне перакананняў гавораць пра талерантнасць і ўзаемаразуменне тонам, далёкім ад талерантнасці і паразумення. Мы вельмі розныя, і ў любой сітуацыі трэба не апускацца да мовы варажнечы, а кожны дзень рабіць тое, каб узаемапавагі і канструктыву ў нашай культуры і грамадстве рабілася болей і болей».
«ПЭН будзе і надалей бараніць Паўла Севярынца, калі ён будзе зазнаваць пераслед ад дзяржавы, ворагаў».
Хто такі Павал Севярынец і чаму яго то выключаюць, то вяртаюць, то зноў выключаюць з ПЭНу?
Павал Севярынец — палітык, грамадскі дзеяч, пісьменнік, сустаршыня аргкамітэта партыі БХД («Беларуская хрысціянская дэмакратыя»). Аўтар твораў «Лісты з лесу», «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі», рамана «Беларусалім» ды іншых.
Быў прыняты ў Беларускі ПЭН-цэнтр у 2006 годзе, з 2014 перастаў плаціць сяброўскія складкі з прычыны таго, што ПЭН-цэнтр заступаўся за правы ЛГБТ-супольнасці.
У красавіку 2019 года Рада ПЭН-цэнтра прыняла рашэнне выключыць Паўла з арганізацыі за нясплату ўнёскаў. Ён напісаў публічны ліст, у якім абвінаваціў чальцоў Рады ў дыскрымінацыі пісьменнікаў-хрысціян і назваў частку сябраў «радыкальнымі адэптамі культурнага марксізму» і «гей-лобі». 26 кастрычніка на агульным з’ездзе ПЭН-цэнтра Паўла аднавілі ў сяброўстве, што выклікала хвалю абурэння сярод літаратараў. Многія заяўлялі аб сваім намеры пакінуць арганізацыю. На пазачарговым пасяджэнні Рады ПЭНа 29 кастрычніка Паўла зноў выключылі з ПЭНа, ужо за яго выказванні, што пацягнула за сабой абурэнне ўжо іншай часткі літаратараў. Філосаф Алесь Анціпенка, ганаровы старшыня ПЭНа Лявон Баршчэўскі і некаторыя іншыя з розных прычын заявілі аб выхадзе з ПЭНа. Арэнай для бойкі меркаванняў стаў facebook. Сам Павал напісаў на сваёй старонцы, што яго адказам на выключэнне будзе другая кніга «Беларусаліму» — «Сэрца сьвятла», якую ён рыхтуе да друку.
Афіцыйна
На сайце ПЭН-Цэнтра змясцілі афіцыйнае тлумачэнне, за што выключылі Паўла Севярынца:
Павел Севярынец выключаецца паводле статутных п. 3.8 (г)., згодна з якім кожны член РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» абавязаны абараняць гонар РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» і п. 3.1., згодна з якім сябры РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» абавязваюцца выконваць патрабаванні Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба. Парушэнне п. 3.1, паводле статута нашай арганізацыі, «несумяшчальнае з членствам у РГА „Беларускі ПЭН-цэнтр“».
Канстатуем, што Паўлам Севярынцам:
— зневажаўся гонар РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр», выказвалася абразлівае і варожае стаўленне ў дачыненні да законнага кіраўніцтва, абранага Агульным Сходам арганізацыі, што парушае п. 3.8 (г) Статута арганізацыі;
— наўмысна фальсіфікавалася і скажалася інфармацыя дзеля прыватных мэтаў, што парушае п. 4 Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба, згодна з якім сябры арганізацыі «абавязаныя змагацца з такімі негатыўнымі праявамі свабоднага друку, як хлуслівасць, наўмысная фальсіфікацыя, скажэнне інфармацыі дзеля палітычных і прыватных мэтаў».
— публічна, сістэматычна дыскрымінавалася сацыяльная група ЛГБТК+, што пацвярджаецца вонкавай экспертызай і парушае п. 3 Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба, які абавязвае сяброў нашай арганізацыі «усімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісці».