Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

«Сумная вестка — памёр Алесь Белакоз. Адданы патрыёт Беларусі, чалавек вялікага сэрца, стваральнік Гудзевіцкага музея, адзінага на Гродзеншчыне школьнага музея, якому ўдалося стаць дзяржаўным. Памятаем гэтага чалавека. Светлая памяць!», — напісаў ён.

Алесь Мікалаевіч Белакоз нарадзіўся 11 верасня 1928 года ў в.Ляткі, што побач з Гудзевічамі (Мастоўскі раён). У 1944 г. паехаў вучыцца ў Ваўкавыскую сярэднюю школу. Закончыў яе ў 1947 г. у ліку першых 13 выпускнікоў. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Гудзевічах (1948−1950). Завочна вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце (1953−1959). Настаўнічаў у Радзявіцкай сямігадовай школе (1955−1959).

Патрыятычныя пачуцці да свайго, беларускага, прывіла старэйшая сястра Вера. Калі яна памерла ў 1948 г. ад цяжкай хваробы сэрца ў маладым веку, адчуў, што яго маральны абавязак працягваць яе жыццёвую справу. Адразу прыгадаліся яе ўрокі, размовы з ёй, перакананні, якіх Вера цвёрда трымалася. Колішнія выказванні сястры пра мову, Радзіму, неабходнасць бараніць роднае набылі новы сэнс, канкрэтную накіраванасць. Вера сваім уплывам вызначыла жыццёвы шлях брата.

Працуючы настаўнікам у Гудзевіцкай СШ, падрыхтаваў уласную методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры. Увогуле, урокі Алеся Белакоза былі своеасаблівым гімнам роднай мове і літаратуры. Яго вучні былі прызёрамі абласных, рэспубліканскіх алімпіяд. Сталі кандыдатамі, дактарамі навук. «З маленства прывіваеца патрыятызм чалавеку, а найперш у сям'і і школе, бо там пачынаеца фарміраванне светапогляду грамадзяніна. І як неабходна самому чалавеку з дня ў дзень адчуваць і разумець непаўторнасць тых мясцін, дзе нарадзіўся, той зямлі, якую называюць Радзімай!» — менавіта з гэтага павінен пачынацца выхаваўчы працэс, лічыў Алесь Мікалаевіч.

Заснаваў літаратурна-краязнаўчы музей (1965г.), які быў адкрыты ў 1968 г. Цяпер музей мае статус дзяржаўнага. З 1991 па 2004 год А.М.Белакоз працаваў дырэктарам музея. Апекаваўся збіраннем легенд краю, народных песень, выпускам рукапіснага часопіса «Праменьчык».

Ён з вялікай любоўю распавядаў наведвальнікам музея з Украіны, Славакіі, Чэхіі, Польшчы, Англіі, Швейцарыі, ЗША, Аўстрыі пра сваю родную вёску. І госці разумелі яго, бачылі чалавека, які ганарыцца сваімі землякамі, гісторыяй продкаў, раскрывае ім, людзям далёкага і блізкага замежжа, характар беларусаў, іх гасціннасць і годнасць.

Амаль усё жыццё Алесь Белакоз пражыў у сваёй вёсцы, якая з цягам часу злілася з буйнейшымі Гудзевічамі.

Паказаць усім, наколькі багатая беларуская культура, колькі талентаў нарадзіла наша зямля — усё гэта імкнуўся рабіць на працягу свайго жыцця Алесь Белакоз.

Алесь Белакоз не проста настаўнік беларускай мовы і заснавальнік Гудзевіцкага музея. Ён шчыры патрыёт, які сваім прыкладам выхаваў не адно пакаленне такіх жа адданых сваёй радзіме нашчадкаў.

У 1987 г. Алесю Мікалаевічу было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі, ён быў выдатнікам народнай асветы, меў званне «Настаўнік-метадыст», у 1990 г. яму ўручылі медаль Францыска Скарыны, у 1998 г. ганаровы знак Міністэрства культуры, у 2012 г. — прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».

З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей, заснаваны Белакозам, набыў статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных разам з вучнямі.

Нават пасля выхаду на пенсію Алесь Белакоз вадзіў у музей экскурсіі, бо ніхто не здольны быў гэта рабіць так захапляльна і эмацыйна.

Алесь Белакоз некалькі дзесяцігоддзяў змагаўся з анкалогіяй.

Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка ў сваім знакамітым вершы «Беларускія настаўніцы» занатаваў такія радкі:
Вы — мае мілыя, Вы — мае родныя,
Колькі было ў вас крыўды і слёз…
Вас пахваліў бы за мову народную
Мудры настаўнік — Алесь Белакоз.

Па мат. gudevichi-muzey.narod.ru