Людзі і справы

Паводка 1958: гродзенка ўзгадвае, як яе дом ледзь не змыла ў Нёман

Драўлянаму дому на вуліцы Шчаснага, 2 ужо 130 гадоў. У 1958 годзе падчас вялікай паводкі ў Гродне ён цудам не сплыў. Калі вада адступіла, жыхары — сям’я Новікаў - вярнуліся ў паўразбураную пабудову і мусілі працягваць там жыць. Гарадскія ўлады абяцалі, што дом знясуць, а жыхарам дадуць нешта ўзамен. Але мінула 60 гадоў, а тое абяцанне ніхто не спяшаецца выканаць.

10 год пасля наваселля прыйшла бяда

Паводку 1958 года 81-гадовая гаспадыня дома Ніна Новік памятае добра. Захаваліся нават здымкі. Гасцям іх яна паказвае са слязьмі.

[irp posts="59 485″ name="Вялікаму патопу 60 гадоў. Глядзі як затапіла Гродна ў красавіку 1958 года"]

«У дом на самым беразе Нёмана мы пераехалі ў 1948 годзе. Да вайны ён належаў адной яўрэйскай сям'і, якая не вярнулася ў Гродна. Так мы і пачалі тут жыць, — распавядае Ніна Лукінічна. — На дзясятую гадавіну наваселля здарылася тое, чаго ўсе мы баяліся — Нёман імкліва стаў выходзіць з берагоў. На двары быў тады красавік і мы разумелі, што дома заставацца нельга. Вада ўжо была ля самага плота, а падвал наш паступова пачынаў напаўняцца вадой».

Ніна Лукінічна Новік, 1936 года нараджэння. На Шчаснага, 2 жыве з 1948 года

З сабой забралі каштоўныя рэчы

Моцны снегапад, які выпаў у красавіку 1958 года, хутка пачаў тапнець. Вада з палёў і каналізацыі цякла ў Нёман. Ніна Лукінічна ўспамінае, што тады вада вельмі хутка прыбывала да іх і заставацца дома было небяспечна.

«На берагах Нёмана рэгулярна дзяжурыла міліцыя і папярэджвала жыхароў, што ідзе паводка. Нам, як і іншым гродзенцам з левага берага, прыйшлося высяляцца з хаты. Пераехалі мы да маёй сястры, якая жыла недалёка на горцы. З сабой забралі каштоўныя рэчы, а суседзям на захоўванне перадалі розныя іншыя».

Cушылі дом кірагазамі

Больш за месяц сям’я Новік вымушана была гасцяваць у сваякоў - ажно пакуль узровень вады ў Нёмане не апусціўся да дапушчальнай нормы. Тады ў пік паводкі вада ў рацэ паднялася амаль на 8 метраў.

«Памятаю, ад нашага дома была бачная толькі адна труба, пабудова тады цудам не сплыла. Падчас паводкі вокны і дзверы ў доме мы спецыяльна моцна забівалі, магчыма, гэта і выратавала яго. Калі вярнуліся да сябе, то агарод наш быў увесь у пяску, а ў доме па калена глею. У падвале былі жабы і рыбы — незвычайнае відовішча.

Дом прыйшлося сушыць — выхаду ў нас не было. Ніхто нам не дапамагаў, нават суседзі не вярнулі рэчы, якія мы ў іх пакідалі. Сям’я наша самастойна на працягу доўгага часу сушыла дом кірагазамі. Тады для нас самае страшнае было страціць дом".

Дом сям'і Новік 23 красавіка 1958 года

Сёння дом спаўзае ў Нёман

Праз некалькі гадоў пасля паводкі ўжо тады аварыйны дом сям'і Новік гарадскія ўлады абяцалі знесці. Але гэтага не адбылося. Жанчына распавядае, што калі б дом цалкам змыла ў Нёман, жыццё ў яе магло б скласціся інакш.

«Усё жыццё я мучаюся з гэтым домам. Мы ідзем пад знос з канца 50-х гадоў. Прайшло ўжо 60 гадоў, а я сёння нікому не патрэбна. Калі б на маім месцы трэба было б нешта будаваць, то дом хутка б знеслі. А так цягнуць»

Жанчына кажа, што зараз яе дом імкліва спаўзае ў Нёман. Пабудова цалкам гнілая, падмурка ўжо не відаць. У 2012 годзе яна хадзіла ў аблвыканкам і трапіла да Уладзіміра Дзяшко. Ён паабяцаў прыедзе і асабіста паглядзець жыллёвыя ўмовы пенсіянеркі.

«Прайшло шэсць гадоў, а ён усё яшчэ едзе, — кажа Ніна Лукінічна. — Неяк мне казалі ісці станавіцца ў чаргу на будаўніцтва кватэры або прасіць сацыяльнае жыллё. Але куды мне ў маім узросце зараз ісці? Я ледзьве сына-інваліда даглядаю».

Ніна Лукінічна паказвае, што яе дом цалкам згніў

Пабудова непрыдатная для пражывання

Ніна Лукінічна ўжо некалькі месяцаў не распальвае печку, бо дым пачаў ісці ў памяшканне. З-за холаду жыхарам даводзіцца штодня спаць у вопратцы.

Вядома, што ў 2012 годзе ў пенсіянеркі была гарадская камісія і тады будынак на вуліцы Шчаснага, 2 аднеслі да непрыдатных для пражывання. Сярэдні працэнт зносу — 67%. Але з-за таго, што пабудова тады не ішла пад знос, ніхто наўзамен Новікам нічога не прапаноўваў.

Прыватны сектар на левым беразе Нёмана неўзабаве будуць добраўпарадкоўваць. Ужо зараз да зносу там рыхтуюць некалькі закінутых драўляных пабудоў. Але Ніне Новік ніякага паведамлення яшчэ не прыходзіла.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025