Рабіў Гродна горадам, якім хочацца ганарыцца. Чым вядомы журналіст і актывіст Павел Мажэйка, які зараз у СІЗА

За што і па якой справе гродзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка знаходзіцца ў СІЗА, усё яшчэ не вядома, хоць з моманту затрымання прайшло ўжо 10 дзён. За гэты час паводле Крымінальнага кодэксу ўжо павінна быць выстаўлена абвінавачанне. Hrodna.life узгадвае, чым вядома ў Гродне і па-за яго межамі Павел Мажэйка.

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня. Ператрус у яго дома доўжыўся больш за шэсць гадзін. Пасля гэтага Павел не выйшаў на сувязь. Яго не выпусцілі пасля 72 гадзін зняволення. 2 верасня стала вядома, што Мажэйку перавялі ў СІЗА на Кірава, 1. Гэта можа азначаць, што Паўлу прад’яўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання — заключэнне пад варту. Аднак па якім артыкуле яго абвінавацілі, дагэтуль невядома.

Таксама 30 жніўня стала вядома пра затрыманне пазбаўленай ліцэнзіі гродзенскай адвакаткі Юліі Юргілевіч. Яе, як і Паўла, перавялі ў СІЗА. Магчыма, Мажэйка і Юргілевіч праходзяць па адной справе.

Хто такі Павел Мажэйка

Павел Мажэйка — журналіст, культурны менеджар, вядоўца гістарычных праграм, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», заснавальнік найбуйнейшай у Гродне культурнай прасторы і галерэі «Цэнтр гарадскога жыцця». Павел нарадзіўся ў Гродне, яму 44 гады, тата дваіх дзяцей.

«Пабудаваць краіну, пра якую марым»

«Ён шмат гадоў працуе над тым, каб захоўваць здабыткі і ствараць новае, робячы Гродна горадам, якім хочацца ганарыцца і натхняцца. Ён падтрымліваў шматлікія грамадскія ініцыятывы, з перакананнем, што ствараючы сваё, беларускае, мы самі можам пабудаваць краіну, пра якую марым», — сказана на старонцы, прысвечанай Паўлу Мажэйку. Яна з’явілася ў Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.

Вучыўся на гісторыка, стаў журналістам

Паводле адукацыі Павел — выкладчык гісторыі і культаралагічных дысцыплін, скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (2000). Быў журналістам адной з першых незалежных газет «Пагоня», рэдактарам газеты «Дзень», супрацоўнічаў з інфармацыйным агенствам БелаПАН, тэлевізійнай кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў польскіх і амерыканскіх выданнях. Аўтар і вядоўца гістарычнай перадачы «Intermarium» на тэлеканале «Б**сат», ганаровы сябра пісьменніцкіх суполак беларускага і брытанскага ПЭН-цэнтраў. Быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах-2006.

Павел Мажэйка — вядоўца тэлепраграмы. Фота: «Белс*т»

Адзін з першых палітвязняў Беларусі

Паўла Мажэйку называюць аднім з першых палітвязняў Беларусі. У 2002 годзе яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта ў матэрыялах гродзенскай газеты «Пагоня». Літаратуразнаўчая экспертыза засведчыла, што ў публікацыях паклёпу не было, але гэта не дапамагло. Заснавальніка і галоўнага рэдактара газеты Міколу Маркевіча асудзілі разам з Паўлам. Павел Мажэйка адбываў пакаранне ў Жлобіне, працаваў на тартаку. Па амністыі яго тэрмін скарацілі на год. Газету «Пагоня» закрылі.

Павел Мажэйка і Мікола Маркевіч у 2002 г. Фота: «Новы час»

Выдаў дзясяткі кніг пра Гродна

У 2006 годзе Павел стаў адным з заснавальнікаў выдавецкай ініцыятывы і кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка». У ёй выходзілі кнігі гродзенскіх аўтараў і выданні, прысвечаныя Гродну. Дзякуючы Паўлу пабачылі свет больш за 30 выданняў: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мемуары, мастацкая, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Гродне. У спісе — невядомыя раней творы Васіля Быкава і эсэ Віктара Шалкевіча, «Біяграфія гарадзенскіх вуліц» і «Гродназнаўства».

Павел з кнігамі серыі «Гарадзенская бібліятэка». Фота: «Радыё Рацыя»

З 2008 года Павел Мажэйка з’яўляецца адным з арганізатараў штогадовых гістарычных канфэрэнцый у Гродне і «Гарадзенскіх дыктовак» (2008−2020).

Стварыў «Цэнтр гарадскога жыцця»

У 2016 годзе Павел заснаваў у Гродне прастору з трапнай назвай «Цэнтр гарадскога жыцця». Месца гуртавала творчых, актыўных, ініцыятыўных людзей, тут папулярызавалася беларускасць і захоўвалася душа Гродна. У Цэнтры адбыліся сотні культурніцкіх імпрэзаў: навуковыя канферэнцыі, мастацкія выставы, прэзентацыі кніг, канцэрты і адукацыйныя мерапрыемствы. Там выступаў Лявон Вольскі, праходзілі кніжны фэстываль «Прадмова», гістарычныя канфэрэнцыі «Grodnae et orbi», фестывалі дакуметальнага кіно, курсы беларускай мовы «Мова Нанова» і шмат іншых падзей. Штогод на калядныя святы Павел ладзіў «Беларускія ялінкі» для дзетак. У 2019 годзе Цэнтр стаў адзіным месцам у Беларусі, дзе адбылася выстава фатаграфій самага прэстыжнага сусветнага конкурсу фатографаў World Press Photo.

У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця аддаў сваё памяшканне для працы валанцёраў, якія дапамагалі гродзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу. У Цэнтр звозіліся ахоўныя касцюмы і іншыя неабходныя медыкам рэчы, там валанцёры ўласнаруч сабралі тысячы ахоўных экранаў.

«Цэнтр гарадскога жыцця» ў 2020 годзе. Фота: facebook.com/uCentry

Калі пасля выбараў у 2020 з Гродзенскага драмтэатру сталі масава звальняць актораў за іншадумства і страйк, «Цэнтр» стаў пляцоўкай для іх творчых сустрэч і спектакляў. Найбольш гледачоў - блізу 400 — прыйшлі на пастаноўку паводле «451 па Фарэнгейце», якую не змаглі паказаць у тэатры, бо напярэдадні звольнілі выканаўцу галоўнай ролі, а тэатр закрылі «на каранцін».

Чытайце таксама: От презентаций книг до выступлений актеров. Топ-10 событий «Цэнтра гарадскога жыцця», который хотят закрыть

Затрымлівалі па справе Алеся Пушкіна, ліквідавалі «Цэнтр»

У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Прычынай стала выстава Алеся Пушкіна ў Цэнтры, дзе сярод іншых карцін быў выстаўлены партрэт антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла не выпусцілі пасля допыту ў гродзенскай пракуратуры. У дачыненні да яго, разам з Алесем Пушкіным, распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Тады Паўла вызвалілі пасля 72 гадзін затрымання з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання».

12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця». Пад зваротам у абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 чалавек.

Павел Мажэйка пасля суда аб ліквідацыі «Цэнтра». Фота: Hrodna.life

Летам 2021 года ў Паўла прайшоў ператрус. Крымінальную справу супраць яго спынілі ў пачатку 2022 года. Нягледзячы на пераслед, Павел не з’ехаў з Беларусі. Шмат карысных справаў Мажэйка рабіў непублічна.

«Мае вялікі талент яднаць вакол сябе добрых неабыякавых людзей з беларускім сэрцам», — напісаў пра яго Аляксандр Мілінкевіч у 2021 годзе.

Падтрымаць Паўла можна, напісаўшы яму. Адрас для лістоў і бандэроляў:
230 023, г. Гродна, турма № 1, СІЗА, вул. Кірава, 1.
Мажэйку Паўлу Іванавічу

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024