Дзень святога Патрыка — патрона Ірландыі - святкуюць 17 сакавіка. Але ў Гродне XIV стагоддзя быў свой Патрык. Гродзенскі князь з гэтым імём — асоба, пра якую вядома няшмат. Гісторык Андрэй Чарнякевіч увогуле казаў, што яго постаць — «суцэльная міфалогія». Што вядома пра гродзенскага князя Патрыка, даведаўся Hrodna 11:27.
Блытаніна з паходжаннем Патрыка
Хутчэй за ўсё князь Патрык — сын князя Нарымонта і пляменнік князя Кейстута. Ёсць і іншыя версіі паходжання гродзенскага князя. Напрыклад, што ён сын князя Гедыміна альбо яго ўнук і, адпаведна, сын Кейстута. Але гісторыкі лічаць гэтыя версіі няправільнымі, бо яны не супадаюць храналагічна.
Князь Патрык зафіксаваў мяжу Гродзенскага княства
У 1358 годзе князь Патрык падпісаў дамову з мазавецкімі князямі аб заходніх межах Гродзенскага княства. Тым самым ён зафіксаваў мяжу княства.
Патрык і «апошні ўдар» крыжакоў
У 1363 годзе крыжакі вырашылі нанесці апошні ўдар па «паганскім» ВКЛ. Яны падрыхтавалі паход з удзелам рыцараў з Англіі і Германіі.
Войскі падзяліліся на дзве часткі. Адна пайшла ў бок Коўна, а другая — у бок Гродна. Яе ўзначаліў нямецкі арыстакрат Ульрых фон Хатнаў, а ўдзельнічалі ў ім пераважна англічане і шатландцы. Ужо ў час паходу паміж немцамі і англічанамі адбылася сварка. Яны не маглі дамовіцца, хто будзе несці харугву святога Ежы.
Чытайце таксама: Патрык — не толькі герой Ірландыі. Ён яшчэ абараняў Гродна ад крыжакоў
Бараніць Гродна не было магчымасці, бо князь Кейстут у гэты момант бараніў Коўна. І тады адбылося тое, чаго «не было ні да, ні пасля», як кажа гісторык Андрэй Чарнякевіч. Калі крыжакі ішлі на штурм горада, гараджане адкрылі браму і насустрач крыжакам выйшаў хрэсны ход. Паводле гісторыка Тадэвуша Нарбута, гродзенцы выйшлі з хлебам і соллю. Сярод іх былі святары з крыжамі і ўсялякімі хрысціянскімі святынямі.
«Пацаны, мы не ведалі»
«Насустрач крыжакам ідзе хрэсны ход. Нешта неверагоднае. Вы ідзяце змагацца з іншым сусветам, з паганцамі. Вы падбілі рыцараў з Англіі, з Францыі. Вы кляліся, што гэта паганцы. […]. Крыжы. Кажуць, што яшчэ хлеб з соллю неслі. Ну і крыжакам нічога не застаецца, як рабіць выгляд: „Пацаны, мы не ведалі. Прабачце“. З паганцамі ўсё зразумела, а калі сваіх хрысціян на той свет? Ну ўсё, усе карты паблытаны. І гэта ўсё замуціў Патрык, — расказваў у 2017 годзе Андрэй Чарнякевіч. — Патрык зрабіў неверагодную рэч. Ён выйграў ідэалагічную вайну».
Падманутыя крыжакамі рыцары адышлі ад горада. Але ёсць і іншая версія, што крыжакі бесчалавечна спустошылі наваколле горада, уводзячы шмат людзей у няволю.
Не ўсе адзначылі такі ўчынак князя
Такі ўчынак Патрыка не ацаніў князь Кейстут. Ён выслаў яго з горада. Паводле крыніц, ён паехаў на Палессе і стаў Пінскім князем.
«Яго саслалі з Гародні. Бо калі ў гарадзенскай крэпасці сядзіць чалавек [Давыд Гарадзенскі - Hrodna 11:27], які бязглузда рухае з войскамі на балоты і далей, гэта зразумела, гэта ок. А калі там сядзіць чалавек, які можа дамаўляцца з ворагамі, гэта вельмі цяжка пралічыць», — казаў Чарнякевіч.
Ці Патрык пачынальнік роду Хаванскіх?
Ёсць версія, што пасля княжання ў Пінску, у 1383 годзе Патрык апынуўся ў Вялікім Ноўгарадзе. Але яго пасунулі і адтуль. Верагодна, што менавіта гэты Патрык у 1408 годзе з’явіўся ў гістарычных дакументах пры двары маскоўскага князя Васіля І. Таму некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта ад яго пачынаецца маскоўскі род князёў Хаванскіх.
Упершыню гэты матэрыял быў апублікаваны на Дзень святога Патрыка ў 2023 годзе.