Сёння цяжка ўявіць хакейны або футбольны матч у Гродне без Пашы Манджыка. Ён стараецца наведваць усе гульні. Хтосьці называе яго талісманам гродзенскага спорту, а хтосьці самым адданым заўзятарам, які заўсёды і ўсюды падтрымлівае любімыя каманды. У 41-ы дзень нараджэння Пашу на матчы з «Юнацтвам» павіншаваў хакейны «Нёман». Hrodna.life пагаварыў з імяніннікам.
У Пашы з нараджэння інваліднасць. У Гродне яго называюць Манджык: мянушка замацавалася з самага дзяцінства. «У мяне прозвішча Маджыеўскі - вось і сталі так мяне называць. Я ўжо прывык і не крыўджуся на мянушку», — кажа Паша.
Усе ведаюць і ўсюды прапускаюць
Спорт Паша палюбіў яшчэ ў школьныя гады. Ён вучыўся ў 4-й школе на Лермантава і быў частым госцем на стадыёне «Чырвоны сцяг», а пасля — спарткомплексе «Нёман».
«У дзяцінстве я проста хадзіў глядзець футбол, хакей і іншыя віды спорту, — распавядае Паша. — Мне сёння 41 і я актыўна працягваю гэта рабіць. За столькі гадоў я з усімі пазнаёміўся і мяне ўсюды прапускаюць. У апошні час я імкнуся больш хадзіць на хакей. Тут хлопцы актыўна перамагаюць, ды і яны чэмпіёны Беларусі. Футбол мне падабаецца, але не заўсёды каманда Ігара Мікалаевіча можа парадаваць добрымі вынікамі. На гандболе і баскетболе ўжо не памятаю калі апошні раз быў, але раней я не прапускаў нават іх гульні».
Спартсмены запрашаюць на вяселлі
Футбалісты і хакеісты пасля пераможнага матчу могуць аддзячыць Пашу за падтрымку: дзесьці гарбаты купяць або дадуць пару рублёў. Бывала, Паша быў госцем на розных святах у гродзенскіх футбалістаў і хакеістаў.
«Мясцовыя спартоўцы заўсёды пасля матчаў да мяне падыдуць і падзякуюць. У хакеі магу адзначыць Сашку і Сярожу Маляўкаў,
яны і гарбаты мне купяць і пару рублёў заўсёды дадуць. У футболе Анюкевіч добры хлопец, не забываў пра мяне. Зараз ён з’ехаў у іншую каманду, але, думаю, мы яшчэ сустрэнемся».
Былі выпадкі, калі Пашу спартсмены асабіста запрашалі на вяселле, а бывала, што ён прыходзіў без запрашэння. Напрыклад, на вяселле былога капітана «Нёмана» Паўла Савіцкага.
Каманда ўсюды і заўсёды мае патрэбу ў падтрымцы
Паша актыўна падтрымлівае мясцовыя каманды не толькі ў Гродне, але і на выездах. Сярод заўзятараў ходзіць байка пра тое, што аднойчы ён адправіўся ў багажным аддзяленні аўтобуса на выезд і каманда яго заўважыла толькі калі прыехала ў іншы горад.
«Усе выезды зараз ужо не ўзгадаю, але іх было шмат: Салігорск, Гомель, Віцебск, Мінск — дзе я толькі не быў. Ноччу або рана раніцай выязджаю на цягніку. Назад ужо магу і з камандай праехацца. Раней часта бралі, цяпер ужо радзей».
На выезды Паша стараецца зарабляць сам. Зараз ён уладкаваўся на прадпрыемства, дзе робяць кардонныя каробкі.
«Мама ўжо прывыкла да маіх выездаў і калі мне трэба ехаць — дазваляе. А ехаць трэба, каманда ўсюды і заўсёды мае патрэбу ў падтрымцы. Я заўсёды хацеў стаць талісманам „Нёмана“, футбольнага і хакейнага. Была ў мяне ў дзяцінстве і мара стаць спартсменам — навучыцца катацца на каньках і гуляць у баскетбол, але яе я так і не рэалізаваў. Атрымаў поспех у іншым — стаў самым актыўным заўзятарам горада».
Талісман гродзенскага спорта
Гродзенскія каманды рэгулярна дораць свайму адданаму заўзятару клубную атрыбутыку. У Дзень нараджэння Пашы хакейны «Нёман» здабыў цяжкую перамогу ў матчы з «Юнацтвам». «Гэтая перамога — лепшы падарунак для мяне», — сказаў Паша.
Невядомы аўтар аднойчы так напісаў пра вядомага гродзенскага заўзятара:
«Усе спартсмены, трэнеры, нават заўзятары ўжо не могуць уявіць матч у Гродне без Пашы. Ён стаў практычна сімвалам некаторых каманд. Манджык ведае ўсе крычалкі, песні і сатырычныя вершыкі, якімі ён кідаецца ў каманду супернікаў. Ён гучней за ўсіх заўзее «за нашых» і самы шчаслівы чалавек пасля іх перамогі.
У свой час Манджыку былі адчыненыя дзверы ў любыя распранальні, сталовыя пры спартыўных клубах, у бакоўкі, дзе туліліся успацелыя трэнеры. Манджык ніколі не гуляў у камандзе, ён гуляў ЗА каманду. Ён збіраў мячы, якія адляцелі за тэрыторыю пляцовак, праціраў сухой анучкай вільготныя месцы паркетаў, дзе секунду таму зваліўся баскетбаліст ці гандбаліст, свістаў, тупаў нагамі, а часам нават плакаў. Ён быў увасабленнем самага чыстага дзіцяці, з усімі адценнямі пачуццяў і эмоцый. Спачатку многія заўзятары цураліся Манджыка і нават здзекаваліся з яго, але з часам Паша стаў сапраўдным талісманам ўсяго гродзенскага спорту".