Беларускія актывісты стварылі петыцыю, у якой патрабуюць ад Міністэрства аховы здароўя правесці праверку. Яна тычыцца сістэматычных парушэнняў нарматываў па часе прыёму пацыентаў. Сайт Petitions.by спытаў у лекара Станіслава Салаўёва, у чым прычына парушэнняў і як выправіць сітуацыю.

“Лекары, перагружаныя працай, стамляюцца і прапускаюць важныя дэталі”. Беларусы патрабуюць праверыць парушэнні пры прыёме пацыентаў
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Паводле заканадаўства, лекар павінен вылучыць на сустрэчу з пацыентам 15−20 хвілін. Але гэта ўмоўны нарматыў, кажа Салаўёў. У некаторых лёгкіх выпадках можна справіцца і за 5−7 хвілін. У складаных — наадварот — прыём расцягнецца да 20−25 хвілін.

«Але ідэя заключаецца ў тым, што ў сярэднім, цягам дня, пацыенту вылучаецца менавіта нарматыўны час, і яго павінна хапіць на прыём канкрэтнай колькасці людзей», — тлумачыць Салаўёў.

Паводле стану на 13 верасня зварот у Міністэрства аховы здароўя падпісалі 22 чалавекі. Подпісы пад зваротам збіраюць да 17 верасня. Падпісваць яго бяспечна — гэта цалкам легальны электронны зварот.

Зараз у сярэднім лекар у бальніцы прымае за змену 21 пацыента, хаця, паводле нарматываў, павінен прымаць 14. У паліклініках норма — 21 чалавек за змену, але лекар прымае 28.

Згодна з даследаваннем, якое правялі сацыёлагі пры падтрымцы незалежнага прафсаюза медыкаў «Панацэя» і Фонда медыцынскай салідарнасці, 82% медыкаў прымаюць пацыентаў звыш нормы. Больш за палова з іх (54%) робяць гэта рэгулярна.

Пастаянныя перапрацоўкі не даюць паглыбляцца ў дэталі

«Паршывасць сітуацыі заключаецца ў тым, што лекары, перагружаныя працай, хутчэй стамляюцца і пачынаюць прапускаць важныя дэталі», — сказаў Станіслаў.

“Лекары, перагружаныя працай, стамляюцца і прапускаюць важныя дэталі”. Беларусы патрабуюць праверыць парушэнні пры прыёме пацыентаў
Станіслаў Салавей. Крыніца: e-petitions.by

Ён кажа, што калі праз участковага лекара праходзіць занадта шмат пацыентаў, то складаней «вылавіць» двух-трох, у якіх сімптомы хваробы выражаны цяжэй. Потым такая няўважлівасць можа моцна паўплываць на развіццё хваробы.

«Пры пастаянных перапрацоўках, адчуванні, што часу катастрафічна не хапае, пагружацца ў дэталі стае ўсё цяжэй. Рана ці позна ты празяваеш чалавека, якому патрабавалася адрозная ад большасці дапамога, і наступствы гэтага могуць быць цяжкія».

Дык чаму не хапае часу на пацыентаў?

У Беларусі востра не хапае медычнага персанала — і гэта асноўная прычына праблемы, лічыць Салаўёў. І з кожным месяцам сітуацыя робіцца ўсё горш.

«Масавы адток спецыялістаў спрабуюць схаваць, але гэта добра прагледжваецца па растучым рынку вакансій», — тлумачыць урач.

Чытайце таксама: Амаль 500 лекараў не хапае ў бальніцах і паліклініках Гродзенскай вобласці

Прычына яшчэ і ў тым, што медыкі перагружаны бюракратыяй, бессэнсоўнай працай і або наогул нелекарскай працай, лічыць Станіслаў.

«Любы афіцыйна працуючы беларус, нават захварэўшы на звычайную прастуду, якая доўжыцца некалькі дзён, абавязаны наведаць лекара, як мініму двойчы: каб адкрыць бальнічны і каб закрыць яго», — кажа Станіслаў. Ён нагадаў, што калі адбывалася пандэмія каранавіруса, працадаўцам дазволілі адпускаць супрацоўнікаў хварэць на пяць дзён без прадастаўлення справак. На яго думку, калі б гэтая сістэма працавала далей, то ўчастковыя лекары разгрузіліся б.

Таксама ёсць пацыенты, якія пры тэмпературы 37,5 і з болем галавы выклікаюць лекара. Ці машыны хуткай дапамогі едуць на выклік, бо ў чалавека кружыцца галава альбо падскочыў ціск. Усё гэта — лішняя праца лекараў.

Чытайце таксама: У Дзятлаве не хапае лекараў: на аперацыі прывозяць зняволеных медыкаў з калоніі

Як у Беларусі ціснуць на лекараў

На думку Станіслава, калі лекар праявіць прынцыповую пазіцыю і скажа, што будзе працаваць паводле стандартаў, то з ім не працягнуць кантракт. «Прычым звольняць яго з „воўчым білетам“ — без магчымасці працаўладкавання ў дзяржаўныя і прыватныя ўстановы аховы здароўя».

Акрамя гэтага, кіраўніцтва медычнай установы можна фінансава ўздзейнічаць на такога медыка. Напрыклад, скараціць прэмію ці надбаўку. А на адну стаўку пражыць вельмі складана.

Самы дзейны спосаб уплыву на лекара — грамадскае ганьбаванне. «Пацыентаў, якіх ты адмовіўся прымаць вышэй за нарматыў, дэманстратыўна перакінуць на менш прынцыповага і яшчэ больш загружана лекара, са словамі «разграбай зараз за нашага «рэвалюцыянера». Такім чынам, вельмі хутка ты адчуеш сябе ў калектыве ізгоем», — кажа Салаўёў.

Медыкам трэба аб’ядноўвацца і працаваць разам

Лёгкіх шляхоў для вырашэння гэтай сітуацыі Станіслаў не бачыць.

«Верагодна, пачаткам пераменаў стане момант, калі беларускія медыкі, нарэшце, пачнуць аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам, вымушаючы адміністрацыю змяняць правілы гульні. Напрыклад, калі ўсе лекары ў адной з паліклінік у адзін дзень заявяць, што будуць працаваць паводле графіку і нормаў, якія акрэсленыя законам, гэта зробіць эфект разарваўшайся бомбы. Але наўрад ці іх усіх звольняць».

На думку лекара, калі медыкі з суседняй бальніцы ўбачаць прыклад, то яны могуць далучыцца. «Прычым абсалютна не трэба будзе ладзіць мітынгі альбо пісаць пратэстныя адозвы. Дастаткова проста пачаць працаваць, як кажуць, па законе».