«Мне больш падабаецца аддаваць сваю энергію людзям, чым прымаць», — кажа Аляксандр. Ён прыехаў з Беларусі ў Польшчу і стаў тут пармастэрам. Гэта чалавек, які парыць людзей і стварае асаблівую атмасферу ў лазні. Маючы год вопыту, ён прайшоў інтэнсіў і атрымаў сертыфікат. Цяпер беларус імкнецца развіць сферу, каб яго рамяство стала добра аплачваным.

Аляксандр (імя зменена) займаецца тым, што «робіць людзей і іх фізічную форму лепшымі». Лазня арганічна ўпісваецца ў гэтую дзейнасць — яна дапамагае аднавіцца.

Падглядаў і лупіў людзей венікамі

«Неяк незвычайна. Заходзіш — столькі голых мужыкоў, — успамінае Аляксандр свой першы паход у лазню ў шэсць гадоў. — Ну, для дзіцяці яно асацыюецца менавіта з гэтым. Вельмі горача. Думаеш, чаго яны так доўга сядзяць? Табе ж ужо горача. І ты такі: „Можна мне выйсці?“ „Ну, давай яшчэ крыху і выходзь“. Потым ты да гэтага абвыкаеш, і нармальна».

Калі Аляксандр пачаў трэніравацца, паходы ў лазню сталі сталымі — раз на тыдзень быў «аднаўленчы дзень». Тады ж ён пачаў браць венік і парыць людзей. Падглядаў, як гэта робіцца, і «лупіў людзей венікамі».

пармастер
Выбраць венік у Польшчы аказалася цяжэй. Фота: unsplash.com

У Польшчы сябар прапанаваў яму паспрабаваць сябе ў рамястве пармастэра. Аляксандр пагадзіўся набыць новы навык.

Як стаць пармастэрам

Аляксандр пайшоў у фірму, заснаваную беларусам. У ёй ёсць шэраг кірункаў. Там можна замовіць паслугі пармастэра, купіць аксэсуары, пракансультавацца. А яшчэ — раз на месяц праводзяць навучанне. Гэтым Аляксандр і скарыстаўся.

Навучанне ў школе пачалося з «разведкі боем». Кліенты спазніліся — і было пару свабодных гадзін і трое чалавек. «Я раблю — ты паўтараеш, — вучылі Аляксандра. — І пайшло-паехала». Да гэтага настаўнік патлумачыў, як замочваць венікі. Вучылі тэхнікам, рухам. За інтэнсіў у два дні — базавы курс з выдачай сертыфіката — Аляксандр заплаціў 1500 злотых (1231 рубель).

Аляксандр ужо задаволены сваім узроўнем. Ён «адпарыў» каля 100 чалавек. Працаваў на фестывалях па некалькі сесій за дзень. «Рука набілася — я ўжо зразумеў, як трэба рабіць, як не трэба. Я спачатку больш сіл прыкладваў, каб „пахлыстаць“ людзей. Потым зразумеў, што не заўсёды гэта трэба», — тлумачыць мужчына. Парэнне не павінна выклікаць дыскамфорт — толькі задавальненне.

Праца як у гарачым цэху

Пармастэр прыязджае ў лазню загадзя: знаёміцца з печчу, правярае, як нагрэтыя камяні, замочвае венікі. У працэсе выходзіць сачыць за печчу і падкідвае дровы. І непасрэдна парыць людзей.

«Гэта працэс цяжкі і працаёмкі — як для сэрца, так і для галавы. Ты фактычна знаходзішся ў гарачым цэху. Табе горача, у цябе сэрца б’ецца. Дзве гадзіны парыць — гэта як паўмарафон прабегчы. Гэта шкодная праца ў нейкай меры», — параўноўвае Аляксандр.

пармастер
Праца пармастера — досыць «шкодная». Фота: unsplash.com

Таксама сохне слізістая вачэй — яны баляць. Да, падчас і пасля парэння трэба піць ваду і электраліты. Можна дадаваць вітаміны — напрыклад, магній. Абавязкова патрэбна шапка, якая захавае тэмпературу галавы. Калі доўга парыць, арганізм «з'язджае з глузду» — парушаецца тэрмарэгуляцыя. Арганізм пачынае працаваць на астуджэнне — і потым цяжка сагрэцца.

Але ёсць і плюсы.

«Ёсць працы, дзе ты нешта робіш — і не ведаеш, навошта і для чаго. А ёсць працы, дзе ты адчуваеш нейкія вымяральныя паказчыкі. Калі ты трэніруеш, ты бачыш лічбы, як вучань расце. Калі ты парыш чалавека, ты з дапамогай сваіх маніпуляцый робіш, што ён… У мяне практычна не было кліентаў, якія б сышлі моўчкі. Заўсёды гэта: „Як крута!“ Маментальны фідбэк падкупляе», — распавёў Аляксандр.

Як прымусіць плаціць за паслугу

Мужчына гатовы працаваць дні тры на тыдзень па некалькі сеансаў - у залежнасці ад «даацэненасці». Навучанне Аляксандр ужо акупіў. Цяпер у яго планах — развіваць рынак, каб людзі былі гатовыя плаціць за паслугі. Патэнцыйныя кліенты не ведаюць, з чым маюць справу. Палякі прывыклі парыцца ў сауне, а не ў лазні з пармастэром. Таму 90% кліентаў Аляксандра — беларусы і ўкраінцы.

«Парэнне — гэта своеасаблівыя адчуванні і масаж. Ты прастукваеш цела, нешта ўпраўляецца. Ты выграваешся да костак. У сауне выграваюцца мышцы — да костак не дойдзе», — тлумачыць Аляксандр. Акрамя таго, ён стварае атмасферу — за кошт пахаў і спецыяльных касцюмаў. Такі рытуал таксама каштуе грошай.

Колькі трэба ўкласці, каб пачаць працу пармастэрам

У Польшчы высокі сабекошт парэння. Купіць добры венік аказалася складаней і даражэй. Калі ў Беларусі ён каштуе 6−7 рублёў, то ў Польшчы — 30−40 злотых (24−33 рублі). Венікі зношваюцца за паўтара сеансы. Да таго ж, па словах Аляксандра, яны збіраюць энергію — так што выкарыстоўваць іх доўга не варта.

пармастер
Выбраць лазню ў Польшчы досыць складана. Фота: unsplash.com

Таксама Аляксандр выкарыстоўвае гідралаты і масла. Дзе купляць аксэсуары, ён пакуль не вывучыў. Думае, што варта «парыцца» на сайтах накшталт Ozon. Многія аксэсуары ідуць з Беларусі і Расіі, дзе гэта больш развіта. Праўда, пра брэнд «рускай лазні» не згадваюць — называюць яе «славянскай». Але ў тым выглядзе, у якім Аляксандр з калегамі гэта прапагандуе, лазневыя традыцыі ў Беларусі таксама не развітыя: «У цэлым, усё тое ж самае — таксама награваюць да 80−90 градусаў, што ў цябе там на трэцяй паліцы вушы заварочваюцца».

Строй — плаўкі, шорты, накідкі, як правіла, ільняныя — таксама каштуюць грошай. Яны абыдуцца ў 200−300 злотых. Таму пакуль парэнне можна разглядаць толькі як дадатковы заробак. «Канкурэнтаў» у яго няшмат: на амаль 300-тысячны горад, дзе жыве Аляксандр, — некалькі пармастэраў. І некалькі «саунамістшуў» (саунамастэраў— польск.)

Колькі каштуюць паслугі пармастэра

Для Варшавы жаданы кошт — 250 злотых за сеанс з чалавека (205 рублёў). Адначасова можна парыць некалькі чалавек. Кошт таксама залежыць ад канкрэтнай паслугі: ад проста папарыць да скрабіравання. На фестывалях, да таго ж, могуць пакінуць добрыя чаявыя.

«Я разумею, што людзям дарагавата. Але мне не падабаецца парыць людзей за нуль. Любая паслуга павінна быць даацэненая. Калі яна не будзе даацэньвацца — яе проста не будзе».

Абнуленне ў лазні

Дзеці Аляксандра таксама пачалі хадзіць у лазню. Рэакцыя была як у бацькі ў дзяцінстве — пасядзелі і сышлі плёскацца ў тазік. Для парэння Аляксандр ставіць сабе іншую мэту:

пармастер
Фота: unsplash.com

«Я хачу, каб гэта было на ўзроўні глыбокай асалоды. Рэальна стараешся, каб людзі перажылі незвычайны вопыт з гэтым рытуалам. І ў мяне былі госці - адна полька, якая: „Гэта было аргазмічна!“ Яны рэальна стагналі там так, як быццам „адляцелі“. Калі гэта той эфект, то я прам задаволены сваёй працай. Хочацца, каб людзі выходзілі з сеансу такія абнуленыя, з пустой галавой. Каб усе праблемы сышлі ад іх хоць бы ў лазні».

Чытайце таксама: Басейны ў Гродне: куды пайсці паплаваць і колькі гэта каштуе ў 2024 годзе