Вядомага гродзенскага ўласніка гатэляў Станіслава Сямашку і ягоную жонку Наталлю падазраюць у тым, што яны знішчылі дэкор для свайго гатэля, за які не заплацілі вытворцу. Калі сужэнцаў прызнаюць вінаватымі, ім пагражае да дзесяці гадоў калоніі, піша «Радыё С*****а».

Першы беларускі прадпрымальнік супраць маладога майстра

Новы апарт-гатэль, праз які пачаўся канфлікт, знаходзіцца ў цэнтры гораду, насупраць турмы, за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы. Будынку болей за 130 гадоў. Першапачаткова там месцілася габрэйская школа і малітоўны дом. Апошнія гады будынак стаяў закінуты. Сёлета 7 лістапада яго ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі.


«Аб'ект будзе вельмі вясёленькі». Сямашка адкрыў у цэнтры Гродна свой палац


Уласніку новых апартаментаў Станіславу Сямашку 66 гадоў, паходзіць са Шчучына. У Гродне ён перш за ўсё вядомы гатэлем, які месціцца ля аўтавакзала і называецца ягоным прозвішчам. Акрамя гатэльнага бізнесу, мае свае праектную кампанію.

Бізнесовец называе сябе першым беларускім прадпрымальнікам, бо атрымаў рэгістрацыю пад № 1 адразу пасля пачатку «перабудовы». У 2009−2012 гадах ён узначальваў праўладны Саюз палякаў у Беларусі.

З другога боку крымінальнай справы — 35-гадовы прадпрымальнік з Фаніпалю Георгій Прыходзька, які зрабіў аздобу для апарт-гатэлю. Ён лічыцца пацярпелым.

Парэшткі дэкору ці будаўнічае смецце? На гродзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу
Георгій Прыходзька

Выконваў работы без пісьмовай дамовы

Гісторыя пачалася мінулым летам. Прыходзьку замовілі вырабіць аздабленне вокнаў і сценаў для фасадаў новага Сямашкавага гатэлю. Дэкор меўся быць багатым, з пілястрамі і завітушкамі.

Георгій расказаў С******е, што на выраб упрыгажэнняў для вокнаў ён дамаўляўся не непасрэдна з Сямашкам, а з генеральным падраднікам будоўлі — гродзенскай фірмай «Гарадское будаўніцтва» («ГарБуд»). Перамовы вёў з намеснікам дырэктара Вячаславам Радзюкевічам. Дамова была вуснай.

«У „ГарБудзе“ паўгода абяцалі, што падпішуць дамову, але падманулі. Забралі дзве накладныя, не падпісалі і потым іх знішчылі», — адказвае Прыходзька на пытанне, чаму пагадзіўся працаваць на падставе вуснай дамовы. Да таго ж, кажа ён, вусныя дамовы практыкуюцца ў сферы будоўлі.

Вытворца мяркуе, што яго знайшлі ажно ў Фаніпалі, бо дэкор такой складанасці ў Беларусі мала хто робіць. Матэрыял вырабаў — пенапласт.

Дэкор ацанілі ў 23 тысячы рублёў

Дамовіліся на аб’ём аздаблення коштам звыш 23 тысяч рублёў.

Парэшткі дэкору ці будаўнічае смецце? На гродзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу
Рахунак-фактура на дэкор
Сямашка пералічыў на рахунак Прыходзьку аванс амаль 14 тысяч рублёў у жніўні 2017 году. У плацежным даручэнні значылася «аплата за элементы архітэктурнага дэкору», які прызначаўся для рэканструкцыі гатэлю на Калючынскай вуліцы, 23 у Гродне. Гэта і ёсць той самы апарт-гатэль.
Парэшткі дэкору ці будаўнічае смецце? На гродзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу
Гатэль месціцца ў самым цэнтры гораду, за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы
Ужо ў верасні 2017 году гатовы дэкор даставілі ў Гродна. Аднак заключаць пісьмовую дамову з вытворцам ніхто не спяшаўся, як і плаціць рэшту грошай. Больш за тое, ужо праз месяц, у кастрычніку 2017 году, Сямашка звярнуўся ў эканамічны суд Мінскай вобласці з позвай, каб Прыходзька вярнуў яму выплачаны раней аванс.

Сямашка праз суд вярнуў сабе аванс

Уласнік гатэля патлумачыў у заяве, што нібыта памылкова пералічыў грошы прадпрымальніку. Ён адзначыў, што Прыходзька не ўзгадніў з ім шэраг умоваў (краіну вырабу тавару, матэрыял, памеры, выгляд элементаў). Паколькі прадпрымальнік доўга не вырашаў гэтыя пытанні, Сямашка адмовіўся заключаць з ім дамову.

Так бізнесовец праз суд вярнуў сабе выплачаныя раней амаль 14 тысяч рублёў і адсотак у 500 рублёў за тое, што іпэшнік незаконна карыстаўся пэўны час ягонымі грашыма.

Прыходзька мае шматдзетную сям’ю, таму папрасіў суд дазволу выплачваць у растэрміноўку, аднак ягонай просьбы не задаволілі.

Кавалкі дэкору знайшлі на лецішчы пад Шчучынам

Пасля суду прадпрымальнік паспрабаваў вярнуць сабе хаця б адгружаны дэкор, бо спадзяваўся прадаць яго іншаму кліенту. Аднак і гэта аказалася нерэальным, ніхто яго Прыходзьку не аддаў.

Парэшткі дэкору ці будаўнічае смецце? На гродзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу
Цяпер на гатэлі дэкор, замоўлены ў іншага прадпрымальніка
Мужчына звярнуўся ў міліцыю з просьбай разабрацца і вярнуць яму ягоныя вырабы. Але дэкор знік з тэрыторыі гатэлю. Яго знайшлі міліцыянты на лецішчы Сямашак пад Шчучынам. Дакладней, не дэкор, а тое, што ад яго засталося. Нехта пасек завіткі і пілястры сякерай і паскладаў іх у мяшкі.

«Мне паказалі гэтыя аскепкі. Я пазнаў. Гэта мой дэкор. Я бачыў яго ў мяшках», — кажа Георгій.

Следчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненні Станіслава і Наталлі Сямашак за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў буйным памеры (частка 2 артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Іх падазраюць у знішчэнні 975 элементаў дэкору.​

Майстар: «Я нікога не хачу пасадзіць»

Цяпер з кавалкаў аднавіць дэкор немагчыма. Прыходзька хоча, каб яму кампенсавалі страчаныя вырабы. «Мне больш нічога не трэба. Я нікога не хачу пасадзіць. На гэтыя грошы можна набыць нармальную машыну», — тлумачыць Георгій.

Прадпрымальнік не мае прэтэнзій да Сямашак. Ён мяркуе, што кампенсаваць яму шкоду абавязаны «ГарБуд» у асобе Вячаслава Радзюкевіча, з якім ён вёў перамовы. «З Сямашкам я не дамаўляўся. Нас «ГарБуд» сутыкнуў з ім ілбамі. Больш у мяне пытанняў хутчэй да «ГарБуду», — кажа Прыходзька.

Крыніца, якая ведае дэталі сітуацыі, але не хоча сябе называць, расказала С******е ўласную версію канфлікту. Паводле яе, Станіслаў Сямашка мог узгадніць з уладамі адзін варыянт дэкору гатэлю, аднак насамрэч хацеў аздобіць яго больш багата. Таму распрацаваў другі варыянт і менавіта яго замаўляў прадпрымальніку з-пад Мінску. Відаць, бізнесовец спадзяваўся ўнесці змены ва ўжо зацверджаны праект, аднак не атрымалася.

Сямашка: дэкору не было, заплацілі памылкова

Станіслаў Сямашка абвяргае ўдзел свой і сваёй жонкі ў знішчэнні дэкору. Ён накіраваў адпаведныя звароты ў Следчы камітэт, пракуратуру, аблвыканкам.

У звароце ён адзначае, што не замаўляў і не прымаў дэкору ні ад Георгія Прыходзькі, ні ад «ГарБуду». Больш за тое, не меў гаспадарчых дачыненняў з Прыходзькам і нават не бачыўся з ім, пакуль не завялі крымінальнай справы. Тое, што Сямашка пералічыў Прыходзьку аванс, ягоны юрысконсульт Ігар Абрамовіч тлумачыць памылкай.

Парэшткі дэкору ці будаўнічае смецце? На гродзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу
Плацежнае даручэнне, паводле якога Сямашка пералічыў Прыходзьку грошы за дэкор
«Бухгалтарка пераблытала, заплаціла і туды, і туды. Дэкор мы замаўлялі ў іншага прадпрымальніка. Нават калі дома ідзе рамонт, шмат што трэба. А калі ідзе рэканструкцыя такога аб’екта?», — разважае Абрамовіч пра падставы для памылкі.

Следчыя, заводзячы крымінальную справу, не патлумачылі матыву і спосабу ўчынення злачынства. Гэта Сямашка таксама лічыць парушэннем.

«Той хлам абсалютна не цікавы Станіславу Людвігавічу. У яго дастаткова актываў і даходаў. Яны нармальныя людзі, не псіхічна хворыя. Навошта ім нешта знішчаць? Яны людзі вельмі спакойныя, ціхія», — абураецца Ігар Абрамовіч.

Наогул уласнік гатэляў адмаўляе, што дэкор існаваў. Ён называе знойдзеныя парэшткі будаўнічым смеццем, абломкамі гіпсу і пенапласту.

«Дэкор быў адгружаны насыпам, яго пры прыёме не пералічылі, не ўзважылі, накладная была падпісана з парушэннямі: супрацоўнікам „ГарБуду“, які не меў на гэта права, а подпіс пастаўлены на адваротным баку накладной», — адзначае Ігар Абрамовіч.

Тое, што рэшткі дэкору знайшлі на лецішчы пад Шчучынам, бізнесовец тлумачыць так: вывез будаўнічае смецце толькі пасьля таго, як «ГарБуд» адмовіўся зрабіць гэта, а дзяржаўныя інстанцыі выдалі прадпісанне тэрмінова прыбраць яго.

Сямашка мяркуе, што справа заведзеная і расследуецца незаконна і перадузята, а таму мусіць быць спыненая.

Затрымлівалі ноччу, выбівалі дзверы

Да таго ж у сваёй заяве ён звярнуў увагу на парушэнні сваіх правоў праваахоўнікамі.

Як расказаў Ігар Абрамовіч, Станіслава Сямашку затрымалі ўвечары пасля таго, як ён адпачываў у лазні, выпіў алкаголь і прыняў снатворнае. Да сястры ягонай жонкі Тамары міліцыянты таксама прыйшлі ноччу і выбівалі нагамі мэталёвыя дзверы ў хату, незаконна зрабілі ператрус і затрымалі для допыту. Швэйцара гатэлю Віталя Паўлоўскага, які сведчыў супраць Сямашкі (да гэтага пратрымалі ў пастарунку 11 гадзін, хоць допыт доўжыўся 35 хвілін). Абрамовіч настойвае, што такія паказаньні нельга ўлічваць, бо яны былі ўзятыя пад ціскам. Затрыманні адбываліся ў сярэдзіне кастрычніка.

З Сямашкі ўзятая падпіска аб нявыездзе. Арыштаваныя ягоныя банкаўскія рахункі і дом, кошт якога ў 25 разоў, паводле яго, перавышае шкоду ў справе.

«Жонка вядомага бізнэсоўца плача. Кажа: „За што мне ў жыцці такое? Я ніколі нічога не пашкодзіла, не прысвоіла. Чаму такая несправядлівасць?“», — пераказвае стан Наталлі Сямашкі юрысконсульт.

Следчы камітэт сітуацыю не растлумачыў

У Следчым камітэце атрымаць інфармацыю аб справе не атрымалася.

«Я не валодаю інфармацыяй у пытанні, якое вас цікавіць», — пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Намеснік дырэктара фірмы «ГарБуд» Вячаслаў Радзюкевіч таксама адмовіўся ад каментару.

Фантан і вазоны на тэрыторыі не адпавядаюць праекту

Дарэчы, як стала вядома С******е, фігуркі, якімі Сямашка ўпрыгожыў тэрыторыю вакол новага гатэлю (фантаны, вазоны), не былі ўзгодненыя праектам. Чыноўнікі гарвыканкаму вынеслі яму ў сувязі з гэтым прадпісанне.

Парэшткі дэкору ці будаўнічае смецце? На гродзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу
Упрыгожанні побач з гатэлем не прадугледжаныя праектам
Паводле начальніка аддзелу рэалізацыі генеральнага плану ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкаму Вольгі Барэйкі, малыя архітэктурныя формы не былі прадугледжаныя праектам і размяшчаліся шырэй, чым тэрыторыя, якая прызначалася пад добраўпарадкаванне гатэлю.

На пытанне, што пагражае бізнесоўцу, калі ён не прыбярэ гэтыя ўпрыгожанні, супрацоўніца гарвыканкаму адказала, што нічога.

«Там стаіць бутафорыя: каб гэта пераставіць, нічога не патрабуецца. Нам было растлумачана, што ў чалавека адкрыццё. Ён зрабіў, як лепш. Ведаеце, як вешаюць на фасад „Мы адкрыліся“. Так і ў гэтым выпадку», — патлумачыла Вольга Барэйка.

Несанкцыявана стварыў могілкі?

Станіслаў Сямашка ўжо быў у цэнтры скандальнай гісторыі ў пачатку 2000-х. Яму прыпісвалі несанкцыяванае стварэнне мэмарыяльных могілак нямецкіх жаўнераў часоў Другой сусветнай вайны ў родным Шчучыне і іншых месцах Гродзеншычы. Пра гэта неаднаразова пісала газета «Советская Белоруссия». Урэшце могілкі зніклі гэтак жа таямніча, як і з’явіліся, а гісторыю забылі.


Если вас интересуют присяжные переводы с польского языка, то вы можете их заказать здесь. Высокое качество перевода в строго ограниченное время.