Увагу мясцовых жыхароў і турыстаў на пешаходнай вуліцы Савецкай у Гродне прыцягвае манументальная праца – пано “Фестывальнае”, выкананае ў тэхніцы сграфіта. На ім бачныя 17 птушак з рознымі арнаментамі. Не кожны нават мясцовы адразу раскажа гісторыю гэтага пано. Між іншым, у ім закладзена вельмі канкрэтная сімволіка. Пра пано расказаў канал пра гісторыю Hrodna 11:27.
Яго стварылі ў 2000 годзе з нагоды трэцяга Фестывалю нацыянальных культур. Тады абласное аддзяленне Саюза мастакоў праводзіла конкурс – на ім перамагла прапанова мастака Аляксандра Сільвановіча. У стварэнні пано прымалі ўдзел сам аўтар эскіза, а таксама даволі вядомыя мясцовыя мастакі Сяргей Грыневіч, Мікалай Крукаў і Васіль Мартынчук. Дапамагала ім брыгада штукатураў.
У цэнтры кампазіцыі – герб Гродна, а навокал – птушкі, якія жывуць пад адным дахам, але “апранутыя” ў арнаменты 17 розных нацыянальнасцяў, якія прымалі ў той год удзел у фестывалі. Некаторыя вызначыць не складана: птушка з зоркай Давіда сімвалізуе яўрэяў, з паўмесяцам – татараў, з ракавінкай – грэкаў. Іншыя ж вельмі цяжка распазнаць не спецыялісту. Таму аўтар узнавіў інфармацыю пра пано ў сваім Instagram.

Злева направа і зверху ўніз на птушках выяўлены арнамент або сімволіка наступных нацыянальнасцей:
- Армяне
- Яўрэі
- Рускія
- Азербайджанцы
- Рома
- Грэкі
- Малдаване
- Латышы, эстонцы
- Карэйцы
- Чувашы, мардва
- Грузіны
- Татары, башкіры
- Немцы
- Украінцы
- Беларусы
- Палякі
- Літоўцы
Глядзіце таксама:


