Валанцёрства Ірэны Лабачэўскай пачалася ад таго часу, як яна стала мамай. Тады ўпершыню блізка сутыкнулася і з праблемай сіроцтва. «Пры мне аднаго з малых пакінулі ў радзільні», — узгадвае яна. Так абставіны падштурхнулі дапамаць пакінутым немаўлятам і прывялі ў дабрачынную арганізацыю «Хто, калі не я?».
Усведамленне, што старэйшым дзецям дапамога патрэбна не менш чым немаўлятам, прыйшло з выхаваннем уласнага дзіцяці. Тады Ірэна арганізавала для падлеткаў з дзіцячага дома курс па знаёмству з прафесіямі. Пачала са сваёй — распавяла і паказала, як працаваць цырульнікам.
Дапамагала як магла
Пакуль была ў дэкрэце са сваім малым, дапамагала як магла — перадавала ў дзіцячы дом памперсы і гігіенічныя прыналежнасці, дзялілася дзіцячымі адзёжкамі. У нашай арганізацыі шмат сяброў, якія гатовы ахвяраваць час і душэўнае цяпло дзецям, што засталіся без бацькоў. Шмат дзяўчат-валанцёрак ходзяць у дзіцячую бальніцу ці ў радзільню, каб дапамагчы медыкам даглядаць малых. Што да мяне, то з тым, як расло ўласнае дзіця, прыходзіла і разуменне — не толькі немаўлятам патрэбна падтрымка. Памперсы гэта, канечне, класна, толькі чалавечых зносін імі не заменіш.
Тады і вырашыла паспрабаваць сябе ў працы з падлеткамі і ўзялася весці прафарыентацыйны накірунак работы арганізацыі. Першым выкладчыкам стала сама — каб пазнаёміць дзяўчат з дзіцячага дома з асаблівасцямі ўласнай прафесіі - парыкмахера.
Першая спроба
«Я ж выдатна разумею, што не магу для іх аплаціць навучанне ва ўніверсітэце ці, скажам, купіць мэблю ў кватэру. Але я магу навучыць іх карысным навыкам, скіраваць у жыцці, распавесці аб прафесіях і магчымасцях сацыялізацыі. Гэта таксама дапамога, у 15 гадоў не кожны можа самастойна вызначыцца з выбарам спецыяльнасці».
У сваім нефармальным навучальным курсе Ірэна збіралася распавядаць аб простых рэчах, што мімаходзь засвойвае любая дзяўчынка, якая жыве ў добрай ў сям'і. Яна бачыць, як мама раніцай робіць прычоску, ці змывае макіяж увечары і пераймае досвед жаночай штодзённасці.
«Я ж сама памятаю, як была падлеткам — як вучылася бровы „шчыпаць“, як хацелася мамінай памадай вусны фарбаваць ці ўпотайкі пазногці красіць». Падлеткі, што жывуць у інтэрнаце, такой магчымасці і прыкладу не маюць.Для першага знаёмства Ірэна запрасіла групу дзяўчат з дзіцячага дому разам з выхавацелькай наведаць цырульню, дзе працуе.
«Гэта самая звычайная цырульня, у якую ходзяць звычайныя людзі. Чаму я хацела яе паказаць? Магчыма, каб разбурыць стэрэатыпы і папярэдзіць завышаныя чаканні „крутога“ салона. Як правіла, дзяцей з дзіцячага дома стыгуць на месцы. Мы дамаўляемся з адміністрацыяй, запрашаем валанцёраў-цырульнікаў, ставім у спартыўнай зале крэслы і стрыжом усіх ахвотных. Гэта добра, але ў самастойным жыцці да цырульніка трэба будзе хадзіць самім, не чакаючы запрашэння. Ды і майстар пачынае кар’еру са звычайнай цырульні. Да крутога салона трэба дарасці».
Толькі для ахвотных
«З адміністрацыяй дзіцячага дома мы дамовіліся, што не будзем нікога прымушаць наведваць гэтыя сустрэчы. І для сябе я вырашыла, што колькі б дзяцей ні прышло, буду праводзіць заняткі». На першую сутрэчу прыйшла толькі адна дзяўчынка. Выхавацелькі пабачылі, што Ірэна растроілася, пайшлі клікаць астатніх. Дзяўчаты прыйшлі, сталі моўчкі - позы закрытыя, не падыйсці. Але і прымушаць Ірэне нікога не хацелася — разумела, што ад навучання праз сілу карысці будзе не шмат. Сказала яшчэ раз, што могуць застацца толькі ахвотныя. Гэтым разам засталося чацвёра дзяўчат.З імі і распачалі першы навучальны курс. Распавядаць, кажа Ірэна, прышлося «без вады», толькі па справе. І не лезці ў душу, бо яны вось так адразу не пускаюць чужога. «Ужо пасля дзяўчаты раскрыліся і мы пасябравалі. Дзве з іх, Яна і Маша, пасля дзявятага класа пайшлі вучыцца на парыкмахераў».
Веды ад лекара і візажыста таксама патрэбны
Каб падчас навучання прадставіць не толькі ўласную прафесію, Ірэна запрашала на некаторыя тэмы адмыслоўцаў з той ці іншай галіны. «Пра санітарыю і гігіену працы распавяла лекар Оля Нікіціна. Ад медыка парады пра здароўе пазваночніка ці папярэджанне прафзахворванняў гучалі больш пераканаўча. Ды і пра інфекцыі, якія можна «падхапіць» у цырульніка, які няправільна апрацоўвае інструмент, яна расказвала з усёй сур’ёзнасцю.Занятак па макіяжы правяла візажыстка Яна Алістратава. Мадэлямі сталі самі дзяўчаты. Колькі радасці было, калі пад прафесійнымі пэндзлямі змяняліся іх тварыкі - не перадаць.
Грыўкі, косы, каласкі
На сваіх занятках Ірэна старалася падзяліцца ўменнямі, што прыгадзяцца ў жыцці кожнай дзяўчынцы. Распавядала і паказвала, як правільна падраўняць грыўку, як падабраць стрыжку пад свой тып твару і знешнасці. Таксама разам вучыліся заплятаць рознага кшталту каласкі і косы і нават фарбаваць валасы — кожнай па пару пасмачак. На гэтыя заняткі дзяўчаты прыводзілі ў якасці мадэляў сваіх сясцёр ці сябровак. А некаторыя прафесныя прыёмчыкі адпрацоўвалі нават на прычосках выхавацельніц.«Дзяўчаты, што займаліся са мной увесь гэты час — проста класныя. Хоць курс даўно скончыўся, адносіны падтрымліваем дагэтуль. Яны заўжды прысылаюць віншаванні і вітанні праз сацыяльныя сеткі, дзеляцца здымкамі сваіх прац».
Сямейная гісторыя ў падтрымку валанцёрства
Жаданне Ірэны дапамагаць дзецям-сіротам падтрымлівае муж. Ён юрыст і таксама па-валанцёрску дапамагае арганізацыі «Хто, калі не я?». Зараз распрацоўвае памятку для выпускнікоў дзіцячых дамоў. Са словаў Ірэны, у складаных сітуацыях былыя дзетдомаўцы могуць разгубіцца і часам не ведаюць сваіх правоў. Дапаможнік мае быць ім карыснай падказкай.
Што да сваёй бацькоўскай сям'і, то напачатку да валанцёрства Ірэны тут ставіліся насцярожана. Дапамагла прымірыць усіх з яе рашэннем даўняя сямейная гісторыя. «Мне ўдалося высветліць, што мой прадзядуля быў усынаўлённым дзіцем. Яго ўзялі ў сям’ю зусім чужыя людзі, выхавалі і вырасцілі - ён стаў добрым сем’янінам. То, калі мама заводзіла размовы на тэму майго валанцёрства, я проста казала — некалі з нашай сям'і дзіця не пакінулі, то зараз мы мусім іншым дапамагчы».
Паступова і родныя, і сябры таксама падключыліся да дабрачыннасці - нехта грошы ахвяруе, нешта перадае неабходныя рэчы ці інакш дапамагае. «Праз гэта свет вакол выглядае дабрэйшым. Прынамсі - вакол мяне», — робіць выснову Ірэна.
Працяг — ёсць
Сёлета Ірэна Лабачэўская таксама праводзіла профарыентацыйны курс для выхаванцаў дзічячага дома. «Гэтым разам прыйшло больш цікаўных, зацікавіліся і малодшыя, каторым па 12−14 гадоў. Некалькі разоў заглядвалі нават хлопчыкі», — распавядае яна. У выніку гэтага курса адзінаццацікласніца Аня зацікавілася візажам, а Ангеліна, што зараз заканчвае дзявяты клас, вырашыла, услед за Машай і Янай, паступаць у коледж бытавога абслугоўвання, каб вучыцца на цырульніка. Астатніх удзельніц і ўдзельнікаў навучання Ірэна запрасіла на заняткі і ў наступным годзе.У далейшых прафарыентацыйных планах арганіацыі «Хто, калі не я?» — пашырэнне шэрагу прафесій, з каторымі можна пазнаёміць дзяцей. Таму Ірэна запрашае ахвотных прафесіяналаў далучацца да валанцёрскай каманды.
«Кожная прафесія па-свойму цікавая і мае свае магчымасці для самарэалізацыі. Падзяліўшыся досведам, кожны можна дапамагчы падлеткам зрабіць жыццёвы выбар».