Перамога на Мінскім тыдні моды прынесла адпачынак у Арабскіх Эміратах і паездку ў Рым з уласнай калекцыяй ад куцюр. Усё гэта звалілася на галаву звычайнай настаўніцы, а зараз намесніцы дырэктара адной з гродзенскіх школ, зусім нечакана. Хаця, з іншага боку, гэта вынік 20 гадоў працы пасля працы. Па начах, пасля таго, як школьныя заняткі скончаны, а ўласныя дзеці паклаліся спаць. Вынік хобі, якое для Ірыны Прымачэк стала часткай жыцця і дало свой плён.
Ад “Маманта” праз “Мельніцы”
Сёлетні тыдзень моды ў Мінску – не першы досвед удзелу ў конкурсах і не першае дасягненне. Пачаўся творчы шлях Ірыны ў 1997 годзе з конкурса “Мамант”. Там яна прэзентавала авангардную калекцыю, разынкай каторай было выкарыстанне драўляных катушак і макрамэ з папяровага жгута.
Ад той калекцыі засталіся толькі ўспаміны. Гэта зараз у кожнага ў руках смартфон ці фотаапарат, што дазваляюць фіксаваць усе дробязі жыцця. Раней такога не было. Затое было натхненне. А конкурс даў веру ў сябе.
“Хто я была такая? Дзяўчо з правінцыі. Страшна было нават падавацца на ўдзел. Думала, там усе суперпрафесіяналы, куды мне да іх”, – узгадвае Ірына. Але паспрабаваўшы раз, вырашыла працягваць дызайнерскія спробы. Далей была “Мельніца моды” ў 2000 годзе.
Потым Ірына выйшла замуж і займалася больш домам і дзецьмі. Рыхтаваць калекцыі часу не было. Праўда, і гэты час пайшоў на карысць. “Набіваць руку” ў стварэнні незвычайных вобразаў можна было апранаючы ўласных дзяцей. Для іх мама стварала шыкоўныя навагоднія строі.

Першы касцюм сняжынкі яна пашыла дачцэ, калі той было ўсяго восем месяцаў. І ад таго пайшло. Не знайшоўшы на дзетсадаўскі выпускны ладнай сукенкі, вырашыла зрабіць сама. Праехалася па крамах, вярнулася з поўнай торбаю тканіны і фурнітуры і праз некалькі начэй дачушка ўжо мела шыкоўную сукенку з капялюшыкам і кветкамі – усё сваімі рукамі. А там і да сына чарга дайшла. Пад стаць сястрычцы стварылі вобраз яму: парчовая камізэлька, англійскае жабо – “такое вось нестандартнае ў мяне бачанне ўласных дзяцей” – смяецца Ірына.

Пасля было вяртанне ў школу і праца намеснікам дырэктара. Але інфармацыя пра творчыя конкурсы знайшла яе і тут. Бо гэта – частка выхаваўчай працы, што таксама тычыцца завуча.
У 2012 годзе Ірына падрыхтавала чарготую серыю эскізаў на “Мельніцу моды”. Першым строем у той калекцыі была сукенка з садаўскага выпускнога. І назву калекцыя атрымала па імені дачкі – “Анастасія”.
“Дзяўчынкі-мадэлі проста пішчалі ад захаплення. Прасілі мам набыць ім тыя сукенкі. Але ж яны не на продаж былі зроблены, для сябе, для дачкі і для душы”.

Прафесійнае журы высока ацаніла наступную калекцыю, створаную ў 2013. Джынсавае “Вяртанне” Ірыны Прымачэк зрабіла фурор на “Мельніцы моды” і атрымала першае месца. Ды і было за што – пляценне па трыкатажы, вязанне спіцамі і кручком і шмат яшчэ якіх амаль недасяжных разуменню тэхнік. Да таго ж, “Вяртанне” было сапраўдным вяртаннем да жыцця цэлага стосу старых джынсаў, што маглі б скончыць сваё існаванне на сметніку.

“Джынса – тканіна шыкоўная, шкада было выкідаць рэчы, што выйшлі з моды ці сталі малымі, але не страцілі трываласці”, – прызнаецца Ірына. Тую узнагароду называе не інакш, як “мой Оскар”. І дадае, што “далей – панеслася”.

Пераможцы “Мельніцы”паехалі ў тур па Еўропе. Іх калекцыі дэманстраваліся на подыўмах ў Кракаве, Мілане, Вільні і Венецыі.
“У кракаўскім паказе кожны дызайнер прадстаўляў па адной мадэлі з джынса, і я ўвесь час баялася, што нехта пакажа мадэлі, падобныя да маіх. Але да такога ніхто не дадумаўся! Удалося паказаць клас ад Беларусі!”
Наступным “скачком” у дызайне сукенак стаў конкурс ад Кераміна. У сукенках прапаноўвалася абыграць матывы… керамічнай пліткі. Гэтым і тлумачыцца колер і геаметрычныя ўзоры наступнай рукатворнай сукенкі ад Ірыны Прымачэк.

“Тут ужо пра мяне загаварылі – рэклама ў конкурса была сур’ёзная”, – кажа дызайнерка. Працяг стварэння рукатворных строяў прывёў да з’яўлення калекцыі, што атрымала другое месца на апошнім Тыдні моды ў Мінску. “Гэта калекцыя адносіцца да “высокай моды”. Лічыцца, што калі ручной працы больш за 70%, то гэта ўжо “ад куцюр”. А мае строі цалкам рукатворныя”.
Канечне, згаджаецца яна, гэта рэчы “не насібельныя” – такія можна надзець хіба аднойчы, на канцэрт ці для выхаду на “чырвоную дарожку”. Але яны абсалютна ўнікальныя і гэта падвышае іх каштоўнасць.

Цуды з чамадана вытворцам не патрэбны
Рэчы, што стварае Ірына Прымачэк, застаюцца ў яе і захоўваюцца дома. Для апошняй калекцыі выдзелены вялікі чамадан і месца ў лоджыі. Астатнія – разам са звычайнымі рэчамі вісяць у шафах. Да падлеткавай калекцыі “Cowgirl” ужо дарастае дачка: “Нядаўна спадніччку ёй аддала”.

Вытворцаў адзення ідэі Ірыны ні разу не зацікавілі. “Мабыць, тэхнолагі мусяць ствараць адзенне па правілах, каторых я не ведаю, – паціскае яна плячамі. – Але, калі рабіць “як усе”, то і рэчы будуць – “як ва ўсіх”, а я такога не хачу”.
Ды і наконт уласнага моднага бізнесу ілюзій яна не мае. “Гэта жорсткі свет, дзе трэба працаваць на продаж, рабіць тое, што хоча замоўца. А прыстававанне да ўмоваў вытворчасці пазбавіць рэч індывідуальнасці. Ад гэтага творчасць “сціскаецца”. На бізнес, калі ім займацца, трэба пакласці добры кавалак жыцця. Мне больш хочацца аддаць яго школе і дзецям. Гэта мая праца, якую я люблю і калі бачу поспехі школы, то яны радуюць не менш, чым перамогі на подыўмах – адчуваю задавальненне і гонар”.
Для себе – гатовае і класічнае
Што да стварэння адзення для сябе, то тут звычайна – “рукі не даходзяць” – прызнаецца Ірына. Маўляў, калі задавальняе прапанова гатовага адзення, то на шыццё шкада часу. “У краме адразу бачу, калі рэч – мая. Нядаўна набыла сабе сукенку аднаго з беларускіх вытворцаў – спадабалася з першага погляду. Праўда, на другую ўжо грошай ужо не хапіла – дорага”.
Калі сустрэць Ірыну ў горадзе, то і не пазнаеш, што гэта – дызайнер моднага адзення. Для сябе яна выбірае класіку. Становішча абавязвае – намесніку дырэктара школы ў авангардзе хадзіць не прыстала.

Ірына Іванаўна, што вы тут робіце?
Калегі да яе хобі ставяца з павагай: “Яны ж бачаць, што я ад ранку да вечара на працы. І што ў завуча работы многа-многа-многа – лёгка ніколі не бывае. Захапляючыся калекцыямі, разумеюць, што працую над імі па начах. Калі бачаць, што стомленая – шкадуюць. Кажуць часам: “Ірына Іванаўна, што вы тут робіце? Вам пара сусветныя подыўмы скараць”. А поспехам заўсёды радуюцца разам са мной. Хаця можа, хто і зайздросціць – людзі розныя бываюць”.
Тысячы калекцый – у галаве
Нічога са зробленага чалавекам не мінае без сляда – у гэтым Ірына Прымачэк цвёрда ўпэўнена. “Тое, што я рабіла, было не дзеля подыўмаў ці ўзнагарод. Мне гэта патрэбна, мне гэта падабаецца. У галаве і зараз – тысячы калекцый. Толькі не стае часу і магчымасцяў для іх рэалізацыі. А калі да працы даходзіць – то ў мяне поўны рэлакс – я знаходжу сябе. Бо ў штодзённай мітусні так закручвае, што пра ўсё забываеш, пра душу забываеш”.

Калі ж спакойна падумаць пра ўзнагароды, то яны – не толькі за апошнюю калекцыю, а яшчэ і за ўсе 20 гадоў працы. Калі недасыпала, адмаўляла сабе ў чымсці, і нават тканіну для стварэння калекцый часам купляла ў крэдыт. “Не бывае так, калі чалавек працуе шчыра, трохі наіўна і без усялякай карысці, каб не было плёну. Апошнія перамогі – гэта за ўсё мне падарункі. Нарэшце – заслужыла”.










