У кожным месяцы ёсць дні, калі ў палітзняволеных жанчын дні народзінаў. Як сказаць пра дзень народзінаў у турме? Яго святкуюць? Адзначаюць? Не заўважаюць? А калі тэрмін такі, што турэмных дзён народзінаў будзе не два і нават не тры?
Партрэты 15 беларусак, асуджаных на самыя працяглыя тэрміны, з’явіліся на старонках календара. Прыдумала яго гендэрная даследчыца Лена Агарэлышава, дызайн падрыхтавала былая палітзняволеная, дызайнерка Ганна Кісялёва, рэалізацыяй праекту займалася Яўгенія Доўгая і ініцыятыва «Палітвязынка». Чаму важна ствараць арт-праекты пра палітзняволеных жанчын, стравальніцы растлумачылі для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила».
«Гэта было не проста…»
«Я пісала праект на адну асабістую даследчую стыпендыю і ўключыла туды каляндар, — кажа Алена Агарэлышава. — Даўно марыла пра такі - і вось ён».
«Адразу пагадзілася, калі Лена прапанавала ўзяцца за праект, — кажа Яўгенія Доўгая. — Падумала пра Ганну Кісялёву. Яна былая палітвязынка, дызайнерка, працавала ў паліграфіі. Ёй патрэбна была праца. Расказала Ганне, што хочам зрабіць каляндар з днямі народзінаў нашых палітвязынак — яна пагадзілася».
«Гэта было няпроста, — распавядае Ганна пра працу над календаром. — Я многіх дзяўчат ведаю асабіста. З Марынай Золатавай і Настай Лазарэнкай некалькі месяцаў на суседніх шконках…».
Каб кожны мог раздрукаваць для сябе
Ганна Кісялёва адбыла прызначаны тэрмін пакарання — паўтара года — цалкам: «Восем месяцаў у СІЗА-1, потым на Антошкіна (гомельская калонія). Шыла штонікі для сілавікоў».
Пасля калоніі Ганна заставалася ў Беларусі яшчэ месяц: «Мяне не звольнілі. Я працягвала працаваць, была начальнікам аддзела дызайну ў адной буйной афсетнай друкарні Мінска.
Пакуль не пачалося пекла — пагрозы, праслухоўванне, выклікі ў СК, ціхары ля пад’езда. Прыйшлося эвакуявацца. У эміграцыі займалася фрылансам. Каляндар стаў адным з першых праектаў».
Афармленне календара зрабілі па-беларуску і па-англійску. «Там коратка напісана пра кожную з іх [гераінь праекта — заўв. рэд.]. Мне важна было паказаць вось гэтыя жудасныя, дзікія тэрміны, на якія асудзілі жанчын — журналістак, праваабаронцаў, актывістак, — кажа Яўгенія Долгая. — Зараз спасылка на каляндар ёсць у вольным доступе. Каб кожны мог раздрукаваць».
Арт-праекты, на думку Яўгеніі Доўгай — адзін з варыянтаў праявы палітычнай волі, частка намаганняў, накіраваных на вызваленне палітвязняў.
На Instagram-старонцы ініцыятывы «Палітвязынка» ёсць апавяданні пра тое, як простыя рэчы дапамагаюць выжыць у турме. «Такія пасты папулярныя, яны выклікаюць эмоцыі ў людзей», — кажа Яўгенія Долгая.
Чытайце таксама: Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску
Турэмную робу з Беларусі ўбачаць у музеі ў Германіі
Яшчэ адзін арт-праект, над якім зараз працуе «Палітвязынка», — гэта выстава для Музея берлінскай сцяны ў Германіі.
«Гэта будзе пастаянная экспазіцыя. Мы сабралі для яе асабістыя рэчы палітвязняў жанчын, у тым ліку і турэмную робу. Вывезці гэту робу было сапраўднай спецаперацыяй. Я вельмі ўдзячная той былой палітзняволенай, якая перадала ўсё гэта нам. Жаночая роба — гэта некалькі відаў адзення. Сукенка, ружовая блузка, пінжак, хустка. Хустка — гэта самае галоўнае. Яны яе носяць заўсёды».
У Ганны Кісялёвай таксама ёсць серыя малюнкаў пра турму. Яе выстава пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. «Знаёмы мастак сказаў, што ў гэтых маіх малюнках вельмі шмат святла. Як быццам я малюю белым колерам. Напэўна, ён мае рацыю, я хацела хутчэй проста зафіксаваць, як на фота, для гісторыі, для дакументальнасці. Таму што калі адкінуць эмацыйны фон — то гэта проста жыццё, нейкі „дом“, які [вольнаму чалавеку] цяжка сабе ўявіць».
Тэма турэмнага зняволення не адпускае. «Напэўна, не адпусціць ніколі, — кажа Ганна. — Гэта не зусім траўма, як прынята думаць. Гэта хутчэй як паездка ў Тыбет. Ніхто адтуль не вяртаецца такім, як раней. Кагосьці ламае, хтосьці, як Фенікс, здабывае сябе. А я… Ніколі раней я так не любіла жыццё і людзей, як зараз».