«Паліцэйскі з Рублёўкі: Навагодні бязлад»: калі серыял лепш за фільм

Мы не чакалі гэтага, але расійская навагодняя камедыя «Паліцэйскі з Рублёўкі» збірае ў Гродне поўныя кіназалы. Фільм сапраўды лепшы за «Ёлкі», але горш за аднайменны серыял.

Навагодні час – магчыма, лепшая пара года для кінатэатраў. На вуліцы марозна, а ў зале цяпло, яшчэ і кіно паказваюць. Кінапракатчыкі разумеюць гэта і запаўняюць рэпертуары патрэбным кантэнтам. Але апошнія гады «невядомая сіла» расчышчае пракатную прастору ад заходніх блокбастараў для расійскага кінапрама.

«Ёлкі» больш не вернуцца

У папярэднія выходныя з вялікіх прэм’ер былі толькі «Ёлкі» і «Паліцэйскі з Рублёўкі». «Ёлкі» ужо выдыхаюцца і паспелі паднадакучыць сваімі штогадовымі маралямі і бязмэтнай верай у цуды. Прадзюсар Цімур Бекмамбетаў запэўнівае, што ў кіно яго тварэнне больш не вернецца. А «Паліцэйскі з Рублёўкі» з падзагалоўкам «Навагодні бязлад», выкарыстоўваючы бяссілле канкурэнта, стартаваў надзвычай паспяхова. У нашым мясцовым кінатэатры амаль 100-працэнтная запаўняльнасць!

Опер у свеце гламуру

Такі поспех гэтай навагодняй камедыі забяспечыў неверагодна папулярны аднайменны серыял, які ідзе на канале ТНТ апошнія тры гады. Калі не бачылі хоць бы адной серыі, глядзець фільм можна нават не спрабаваць.

Само кіно працягвае асноўны сюжэт серыяла, дзе суперкруты опер Грыша Ізмайлаў і астатнія супрацоўнікі аддзялення паліцыі ў Барвісе спрабуюць даць рады эпатажнай злачыннасці і не страціць сябе ў свеце расійскага гламуру. Напярэдадні новага 2019 года героям прыйдзецца арганізаваць фальшывае рабаванне банка, каб у будучыні не пазбавіцца працы.

Традыцыйнае кіно пра дурных копаў

Арыгінальны тэлепраект стварыў вобраз марнатраўнага і задзірыстага служыцеля закона, якому «мора па калена». Герой Аляксандра Пятрова паспяхова канкуруе з «НТВшнымі мянтамі», якія змрочна і танна ваююць з экраннымі злачынцамі. Толькі НТВ больш палохае гледача і ўзмацняе страх перад карнай рэчаіснасцю. «Паліцэйскі з Рублёўкі» ператварае гэты страх у блазнаванне, падносячы рэальнасць у казачным святле.

Серыял і яго паўнаметражны дадатак працягваюць традыцыі амерыканскіх фільмаў пра дурных копах, якія апынуліся ў няпростых сітуацыях. Вы выдатна памятаеце дагэтуль папулярныя «Паліцэйскую акадэмію» альбо больш блізкі па часе да нас «Мача і батан».

Не даціснулі да канца

У «Паліцэйскім з Рублёўкі» галоўнае не як гучыць гумар, а як ён падаецца гледачу. У любой іншай камедыі тыя ж жарты, гэгі і стэрэатыпныя крыўлянні выглядалі б па-ідыёцку, але дзякуючы акцёрскай гульні вялікай каманды комікаў на чале з Сяргеем Буруновым ўсё глядзелася арганічна і ў тэму навагодняга свята.

Дуэт паўідыётаў – сварлівага начальніка Якаўлева і тупога таўстуна Мухіча – часам засланяў сабой усіх астатніх і выцягваў камедыю сваімі пошлымі жартачкамі і запіканымі мацюкамі. Буруноў настолькі захапіўся ў сваёй раздражняльнасці, што можна было забыцца і пра “Гогаля 2018 года” Аляксандра Пятрова. Але час маладога акцёра наступіць праз пару тыдняў, калі выйдзе чарговы расійскі баявік пра вайну «Т-34».

Як бы акцёры не стараліся, трымаць усе паўтары гадзіны прагляду ў анекдатычнай напружанасці не змаглі. Хутчэй за ўсё, далі пра сябе ведаць серыяльныя карані. У другой палове фільма гумар перастаў быць бліскучым, героі сталі больш рэфлексаваць і сыходзіць у бок мараляў злапамятных «Ёлак». Тэмпарытм камедыі стаў збівацца і пакідаць дваякія адчуванні да фіналу. Канцоўка дабіла нікудышным «глаўгадам» з «Ералаша» і слёзнымі абдымкамі ў стылі старпёрской «Санта-Барбары». Не даціснулі да канца.

Неяк, але «Паліцэйскі з Рублёўкі» павіншаваў усіх з Новым годам. Пара вяртацца ў серыяльныя «рамкі».

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: