«У Зельве адмовілі, у Ваўкавыску не ўзялі, у Слоніме пабаяліся», — такую геаграфію пошуку майстра, здольнага адрамантаваць гадзіннік 1880 года, распавёў адзін з кліентаў Аляксандра Сахарэвіча, майстра, што працуе ў гасцініцы «Беларусь». «Пакідайце, зробім», — прапануе майстар пасля агляду. Маўляў, не такі ўжо ён і стары, даводзілася рамантаваць і старэйшыя. «Быў вось з драўляным механізмам, больш 200 гадоў меў. Месяц з ім правазіўся, але зрабіў».

gadzinnikavyi_maystar_09

Да гэтага майстра амаль не звяртаюцца са «звычайнымі» гадзіннікамі, хіба толькі выпадкова. «Калі нешта простае, людзі ходяць у майстэрні на раёнах, бліжэй да дому. Сюды ідуць, калі мясцовыя спецы не змаглі дапамагчы, — распавядае Аляксандр. — А мне цікава, я такое люблю».

З самых незвычайных гадзіннікаў, што прыходзілася строіць, ён прыгадаў напольны з чацвярцічным боем і месяцавым календаром, пару кішэнных брэгетаў з музыкай ды гадзіннікі часоў Савецкага Саюза. «СССРаўскія гадзіннікі добрыя былі, надзейныя. Аднойчы прынёс чалавек, кажа — хацеў на мусарку выкінуць — але там было што рамантаваць. Замяніў тое-сёе, адпаліраваў - сталі як новыя, гаспадар паверыць не мог».

gadzinnikavyi_maystar_08

Пачалося Сашава захапленне гадзіннікамі яшчэ ў дзяцінстве. У дзеда быў стары гадзіннік, каторы не ішоў. Адкрыўшы яго аднойчы хлопчыкам, нічога не зразумеў, але падпаў пад магію кольцаў і стрэлак. З’явілася жаданне адрамантаваць дзедавы ходзікі. Вырашыў стаць майстрам па рамонту. «Вучыцца лёгка было, нібы само давалася, — успамінае Аляксандр, — заставалася толькі запамінаць назвы дэталяў і запчастак».

gadzinnikavyi_maystar_07

Цікавасць да гадзіннікаў не змяншалася. Не толькі прагульваць заняткі не прыходзіла хлопцу да галавы. Ён яшчэ і заставаўся ў майстэрні пасля ўрокаў: «Майстрыха нашай вучэбнай групы дазваляла мне пабыць пазней, нават ключы свае пакідала. Я гадзінамі сядзеў - нешта спрабаваў, эксперыментаваў».

Служба ў войску вялікага перапынку ў працы не зрабіла. Здольнасць майстраваць самыя складаныя хранометры прыгадзілася і тут. «Было пару разоў, што прасіў хто-небудзь з камандзіраў парамантаваць гадзіннік, нават „увальніцельную“ давалі, каб мог у горадзе ў майстэрні папрацаваць», — расказвае майстар.

gadzinnikavyi_maystar_06

Пасля арміі ён вярнуўся да любімай працы. «Што гадзіннікаваму майстру трэба? Каб галава працавала — саабражала, што да чаго. Ну — рукі яшчэ. Тут жа не патлумачыш, колькі круціць ды ціснуць — адчуваць трэба. Яшчэ што? Уседлівасць. Бывае, з адным гадзіннікам па тры тыдні працаваць прыходзіцца. Па дзве-тры гадзіны сяджу, не ўставаючы. Не ідзе нешта — як замкнула — адкладу, вазьму другі рабіць, потым вяртаюся. Бывае, сам нешта выточваю, на „разборках“ дэталі шукаю, да ювеліраў звяртаюся, каб дзе срэбрам падпаяць…»

Кажа, пасля такога гадзіннікі нават сняцца па начах: «Як пасля грыбоў - выйдзеш з леса, вочы заплюшчыш, і зноў бачыш тыя сцежкі і падбярозавікі». Аляксандр Сахарэвіч правёў з гадзіннікамі ўжо больш за 20 гадоў. Гэта, ён лічыць, паўплывала і на характар — натуральным чынам майстар шануе не толькі гадзіннікі, але і час, што яны лічаць: «Не люблю, калі позняцца, і сам не спазняюся. Лепш прыду заранёў», — кажа ён.

gadzinnikavyi_maystar_05

З іншага боку — пачуццё балансу і дакладнасці ён развіваў у сабе ад малога. Падлеткам сур’езна займаўся ў Доме піянераў у секцыі акрабатыкі, меў званне кандыдата ў майстры спорту: «Піруэты рабіў, двайное сальта, многа што рабіў. А пасля ўпаў з арэляў».

Цалкам аднавіцца пасля траўмы не ўдалося, ды і бацьку, што быў вайскоўцам, скіравалі случыць у іншае месца — з’ехаўшы на час з Гродна, з акрабатыкай развітаўся назаўжды. Аднак «трымаць баланс» Аляксандр працягвае і зараз. Не дарма менавіта так называецца адзін з асноўных механізмаў гадзінніка.

gadzinnikavyi_maystar_04

Што да сувязі паміж гадзіннікам і гаспадаром, то Аляксандр кажа — па гадзінніку і яго паломках можна тое-сёе сказаць і пра чалавека. «Вось прыйшлося дарагі гадзіннік рамантаваць. Што сказаць — нецярплівы гаспадар. Сам адкрыў, спрабаваў настроіць — пасля такога прыйшлося частку дэталяў замяніць, а яны зусім не танныя. Але ж гадзіннік даражэйшы».

gadzinnikavyi_maystar_03

Іншым разам, наадварот — гаспадар занадта «шануе» свой гадзіннік:

— Можа і шкельца заменім, зусім мутнае, — прапануе майстар, калі сталага веку мужчына падае гадзіннік, каб памяняць батарэйку.

— Кажуць, герметычнасць страціцца? — сумняецца той.

— Гледзячы, хто мяняе… А батарэйка, дарэчы, добрая, яшчэ паслужыць — не падманваю. Кантакты толькі пачысціць. То што са шкельцам?

— От бы добра было, бо ўжо амаль нічога праз яго не бачу. А хоць трохі ад вады будзе трымаць?

— Будзе як новае, цалкам герметычнае. Вечарам прыходзьце забіраць.

gadzinnikavyi_maystar_02

«Бывае, калі чалавек з „цяжкім характарам“, то і гадзіннік яго рамантуецца цяжка, — разважае далей Аляксандр. — Часта такое заўважаў. Разоў дзесяць перарабляць будзеш, адладжваць механізм — праца туга ідзе. Але ў рэшце усё атрымліваецца».

Можа, пытаюся, праз тое і характар у чалавека паляпшаецца? Майстар толькі смяецца ў адказ. Кажа — «можа быць» — ні абвергнуць, ні падцвердзіць няма магчымасці. Людзі з адрамантаванымі гадзіннікамі сыходзяць з майстэрні і знікаюць з поля зроку. Каб жыць свае жыцці ў сваім, адрамантаваным, часе.

gadzinnikavyi_maystar_01