Над узбярэжнай Нёмана ў цэнтры Гродна лунаюць пахі будаўнічага пылу ад Старога замка і шашлыкоў «Карчмы ля прычала». Чым пахла ўзбярэжная стагоддзі таму, расказалі гісторыкі Таццяна Касатая і Андрэй Вашкевіч падчас Фэсту экскурсаводаў.

1. Мазутам

Два берагі Нёмана ў цэнтры Гродна раней спалучаў драўляны мост. Яго бачна на гравюры Адэльгаўзэра-Цюндта (1568). На ўездзе ў вежы сядзелі стражнікі і мытнікі. Яны абаранялі горад і спаганялі мыта з рамеснікаў, якія прызджалі гандляваць на гродзенскім рынку. Мост праіснаваў да сярэдзіны XVII стагоддзя. Згарэў. Пазней з’явіліся пантонныя пераправы.

Востра не хапала моцнага, пастаяннага маста. Першым такім стаў чыгуначны (1866−1867). Ён злучыў Санкт-Пецярбург і Варшаву. Яго апоры захаваліся дагэтуль. Гэта самы старажытны чыгуначны мост на тэрыторыі Беларусі.

[irp posts="53 986″ name="Два самыя старыя мосты ў Беларусі знаходзяцца ў Гродне. І служаць дагэтуль"]

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром
На дальнім плане відаць чыгуначны мост
Мост для гужавога транспорту быў адкрыты ў 1908 годзе ў тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Стары мост. Насціл у яго быў каменны, а ходнікі драўляныя. Яго апоры таксама захаваліся дагэтуль.

Пастаянны нечыгуначны мост вайскоўцы хацелі пабудаваць каля Румлёўскага парка, бо там месціліся іх казармы. Але гродзенцы адстаялі мост у цэнтры горада. У 1915 год расейскія вайскоўцы яго ўзарвалі. У 1930 годзе мост адбудавалі палякі пад імём Юзафа Пілсудскага. У 1944 яго узарвала нямецкая армія. Агароджы ад яго цяпер стаяць вакол парка Жылібера, а чорны брук ад яго ляжыць на плошчы Леніна. Адбудавалі мост у 1949 годзе.

2. Цудам

Стары мост пашыралі дзеля праезнай часткі ў 2008 годзе. Рэканструкцыя амаль скончылася. Заставалася толькі прыбраць дамкраты, на якіх усё трымалася. Але напярэдадні былому галоўнаму інжынеру «Інстытута Грамадзянпраект« Рышарду Кацынэлю прысніўся сон: нельга ні ў якім разе прыбіраць дамкраты, бо абрынецца адна з арак. Апынулася, што чамусці ніхто не праверыў, ці гэтая арка вытрымае новую канструкцыю. Апынулася, што бутавы камень быў толькі звонку, а ўнутры — пустэча. Апоры не вытрымалі б новую нагрузку.

3. Воўнай

Будынак, дзе цяпер месціцца Беларускі інстутыт і каледж правазнаўства, быў пабудаваны ў 1867 годзе як казармы. У час Расейскай імперыі комплекс называлі «белыя казармы» ад колеру сценаў. Там месцілася каля 800 вайскоўцаў. У міжваенны час будынкі заняла польская армія, а назва змянілася на «жоўтыя казармы». Пазней там месціўся тонкасуконны камбінат Шарашэўскага. Ён меў свой дом культуры — палац тэстыльшчыкаў.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром
Беларускі інстытут правазнаўства, раней тонкасуконны камбінат Шарашэўскага
Цяпер частка памяшканняў пустуе і здаецца ў арэнду. Перад казармамі знаходзіўся будынак школы імя Адама Міцкевіча, якая не захавалася.

4. Соладам

Закінуты будынак піўзавода, які год таму перажыў пажар, паўставаў як палац у XVII стагоддзі. Мяняў уласнікаў: род Сапегаў, Валочвічаў, Агінскіх. Архітэктар Джузэпэ Сака перабудаваў яго напрыканцы XVIIІ стагоддзя.

Азстрыйскі падданы Юзаф Кунц у 1877 годзе адкрыў тут піўзавод. У горадзе ўжо працавала чатыры бровары. Але гэты быў буйнейшым — на ажно 18 супрацоўнікаў. Вядома, што Кунц дбаў пра якасць піва, і яно лічылася вельмі добрым.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром
Піўзавод
Пасля яго смерці піўзавод перайшоў сынам, якія не надта сачылі за якасцю піва. Камісія праверыла прадукт у 1911 годзе і высветліла, што ў піва дадавалі цукар.

У 1918 годзе немцы часткова вывезлі абсталяванне з бровара. У 1920-х гадах завод апынуўся ў руках Юдаля Марголіса, які рэканструяваў завод і вярнуў піву папярэднюю якасць. Сталыя гродзенцы кажуць, што цяпер такога добрага піва не прадукуюць.

У 2007 годзе завод збанкрутаваў. Цяпер стаіць пусты.

5. Дранікамі

На правым беразе Нёмана існаваў невялікі габрэйскі квартал са шчыльнай драўлянай забудовай. Адразу за піўзаводам стаяла двухпавярховая каменная сінагога. На другім паверсе асобна маліліся жанчыны. У сучасным офісным будынку № 13 на Завадской вуліцы, у 1900−1910 гадах працавала пральня. Зывулак, які падымаўся да сучаснай вуліцы Давыда Гарадзенскага, так і называўся — Пральны. Цяпер на яго месцы яр.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром

Габрэйка Эля штодня смажыла і прадавала дранікі. Іх пах разносіўся па ўсім квартале. Тут працаваў адзін фатограф і некалькі крамаў. На пачатку ХХ стагоддзя тут з’явіўся яшчэ адзін каменны будынак — сучасная «Карчма ў прычала«. Тады гэта быў польскі веслярскі клуб для вайскоўцаў «Крэсовія», які нават меў адну яхту і каякі.

6. Чаркай ды скваркай

Па Нёмане хадзіў адмысловы аднамачтавы транспарт — віціны. Драўляныя часткі не збівалі цвікамі, а звязвалі паміж сабою, звівалі, адсюль і назва. Віціны былі пераважна гандлёвым транспартам. Тавары везлі ў Крулевец, сучасны Калінінград: збожжа, пяньку, каноплю, тлушч, спірт. Адтуль прывозілі мэблю, прыправы, соль. Каб цягнуць віціны супраць цячэння, наймалі сялян.

Таксама па Нёмане вывозілі дрэва з пушчаў, папярэдне звязаўшы ў плыты. На левым беразе стаяў тартак (лесапілка) «Лес», дзе нарыхтоўвалі дрэва.

7. Вандроўкамі

У 1856 годзе з Гродна да Друскенік пачаў хадзіць першы параход. Ён ішоў шэсць гадзін. У пачатку ХХ стагоддзя з Грродна хадзіла каля 15 параходаў. Яны перавозілі тавары і вазілі экскурсіі. Папялярнымі маршрутамі ў выходныя дні былі да Румлёўскага парку і да Мелавых гораў.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром

8. Печаным асётрам

Пад Замкавай гарой знаходзілася так званая Рыбацкая слабада. Тут стаялі рыбацкія лодкі.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром

Гэта быў магутны цэх рыбакоў, сярод якіх былі і яўрэі, і хрысціяне. Яны лавілі рыбу, салілі, капцілі. Рыбакі меліся плаціць падатак: даваць рыбу каралеўскаму двару.

Каралём нёманскай рыбы быў асётр. Самага вялікага вядомага асятра злавілі браты-рыбакі пад Замкавай гарой 2 ліпеня 1927. Ён дасягаў 260 см у даўжыню і больш за 100 см у таліі, важыў 96 кг.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром

Дырэктар музея прасіў аддаць асятра музею, каб зрабіць чучала. Але рыбакі прадалі яго рэстарану. Рыбу запяклі і выставілі ў вітрыне рэстарана на месцы цяперашняга ўнівермага. Гродзенцы па кавалку раскупілі асятра і з’елі. Са з’яўленнем Каўнаскай і Гродзенскай ГЭС асётр перастаў прыходзіць сюды на нераст. знік амаль ва ўсёй Еўропе. Нерасціцца толькі ў адной рацэ ў Францыі. Забаронены да адлову.

9. Інтэрнэтам

У ляску перад Паповіцкім мостам 150 гадоў ляжыць камень — надмагілле з надпісам Платону Аляксеевічу Зуеву, начальніку гродзенскай тэлеграфнай станцыі 1847 года. Але ж першы гродзенскі тэлеграф з’явіўся толькі ў 1861 годзе.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром

Апынулася, што Платон Зуеў быў начальнікам станцыі аптычнага тэлеграфа. Існавала каля 140 вежаў, праз якія перадаваліся сігналы з Зімняга палаца ў Пецярбургу праз Пскоў, Мінск, Гродна, Вільню (вежа Гедыміна) ў Варшаву. Ужо ў 1842 годзе была магчымасць перадаць звесткі з Варшавы ў Пецярбург за 22 хвіліны.

Чым пах Нёман стагоддзе таму: дранікамі яўрэйкі Элі, соладам і асятром

Платон адказваў за сувязь з Беластокам. Дапусціў фінансавую растрату. У адчаі прыйшоў на гэтае месца ноччу 22 чэрвеня 1847 года і застрэліўся. Тут сябры яго і пахавалі.